Адпачынак у “Зорцы”

- 10:35Нам пішуць

Улетку навучэнцы сярэдняй школы № 6 Віцебска сумяшчаюць адпачынак і адукацыю, гульню і працу, умацаванне здароўя і творчасць. На базе нашай школы быў арганізаваны дзіцячы аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Зорка”.

Чаму мы абралі менавіта такую назву? Зорка — гэта агульнавядомы сімвал, які ўвасабляе ісціну, надзею, дабро і рух наперад. Зорка — гэта нешта светлае і ўзнёслае… Прыярытэтным напрамкам сучаснай адукацыі з’яўляецца патрыятычнае выхаванне, накіраванае на развіццё ў дзяцей актыўнай жыццёвай пазіцыі, прававой і інфармацыйнай культуры. Бесперапынны рух наперад праз пераадольванне сябе з надзеяй і верай, праз пастаноўку высокіх мэт — дэвіз нашых выхаванцаў. Аздараўленчы летні дзіцячы лагер “Зорка” спартыўна-патрыятычнай накіраванасці расчыніў свае дзверы для вучняў 12—14 гадоў. Кожны дзень быў напоўнены нечым новым і цікавым.

У гэтым годзе ў лагеры рэалізоўваўся праект “Падарожжа па старой карце Віцебска”, дзякуючы якому хлопчыкі і дзяўчынкі пашырылі свае веды па гісторыі горада, наведаўшы галоўныя славутасці Віцебска: вежу-музей “Духовской круглик”, Арт-цэнтр Марка Шагала, сквер Герояў Айчыннай вайны 1812 года, будынак гарадской ратушы. Падчас гістарычнага квеста на вуліцы Суворава дзеці ўдасканальвалі навыкі ў спартыўным арыентаванні, паглыблялі веды па гісторыі і геаграфіі.

Нікога не пакінула абыякавым экскурсія ў цэнтр бяспекі МНС, дзе самыя смелыя змаглі прымераць касцюм пажарнага, паглыбіліся ў розныя надзвычайныя сітуацыі і навучыліся спраўляцца з імі. Пашырыла кругагляд і ўзбагаціла новымі ўражаннямі прагулка па гістарычных і памятных мясцінах Віцебска з выкарыстаннем здароўезберагальнай тэхналогіі скандынаўскай хадзьбы па маршруце “сквер Гараўца — помнік У.Караткевічу — парк Партызанскай славы імя М.Шмырова — помнік “Дзецям вайны” — Батанічны сад”.

Не менш актыўным з’яўлялася і спартыўнае жыццё лагера. Кожны дзень у “Зорцы” пачынаўся з зарадкі. На тэрыторыі школы ёсць футбольнае поле, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, спартыўныя і гульнявыя комплексы, цір, дзе выяўляліся лепшыя. Выхаванцы лагера актыўна пашыралі свой кругагляд, наведваючы бібліятэку імя М.Горкага, дзе прынялі ўдзел у віктарыне “Сем крокаў на шляху да здароўя”.

Кожны выхаванец лагера “Зорка” мог наведваць аб’яднанні па інтарэсах. На працягу многіх гадоў свае мастацкія здольнасці дзеці развіваюць у студыі “Ваўняная акварэль” і гуртку “Світ-дызайн”, а ў аб’яднанні “Фом-фларыстыка” дзяўчынкі з задавальненнем ствараюць для сябе модныя ўпрыгажэнні. Адметнасцю “Зоркі” з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі, на базе якога праводзілася шмат цікавых мерапрыемстваў.

— Мы працуем пад дэвізам “Сучасны лагер для сучасных дзяцей”. Ставім перад сабой задачу праводзіць мерапрыемствы, якія спадабаюцца дзецям і будуць іх развіваць, — расказала начальнік лагера Н.Э.Раманоўская. — Педагогі лагера “Зорка” ведаюць, што цікава сучасным дзецям, і імкнуцца прапанаваць гэта ім.

Традыцыйна ў нашай школе было арганізавана летняе аздараўленне і для вучняў пачатковай школы. Хлопчыкі і дзяўчынкі маглі правесці з карысцю летнія канікулы ў атрадзе “Дэльфін”. Лагер працаваў у тры змены, аздараўленне прайшлі 87 дзяцей. З мэтай умацавання здароўя абавязковай умовай было максімальнае па часе знаходжанне дзяцей на свежым паветры, правядзенне рухавых гульняў.

— У лагеры працавалі творчыя, таленавітыя выхавальнікі, тыя, хто любіць дзяцей, што вельмі важна ў нашай прафесіі. А незвычайныя конкурсы, якія праводзілі важатыя, дапамаглі дзецям раскрыць свае таленты. Чуць словы ўдзячнасці, бачыць задаволеныя твары дзетак — лепшая ўзнагарода для педагога, — дзеліцца начальнік “Дэльфіна” А.М.Духноўская.
Спадзяёмся, што дні ў летніх прышкольных лагерах з незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі падзеямі надоўга запомняцца дзецям.

Ірына ШЫПІКАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 Віцебска.