Адпачынак з карысцю

Канікулы для вучняў Трабскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна — час карысных спраў, асабліва сёлета — у Год малой радзімы.

Валанцёрскі атрад школы “Цяпло ў далонях” працягвае справу сваіх папярэднікаў па доглядзе за яўрэйскімі могілкамі. У канцы сакавіка юныя валанцёры правялі акцыю “Памяць” па навядзенні парадку на могілках. Сабралі смецце, лісце, выдалілі малады параснік. Будзе яшчэ адрамантавана і афарбавана агароджа.

Непаўторнасць роднай зямлі засведчылі навучэнцы аздараўленчага лагера “Вясновы экспрэс — 2018” падчас наведвання Музея лесу, дзе прадстаўлена гісторыя развіцця лясной гаспадаркі Гродзеншчыны і экспазіцыі 11 лясгасаў вобласці: машына для ачысткі насення, піла для распілоўвання бярвення на дошкі, прылада для падсочкі дрэў, мотапомпа для тушэння лясных пажараў, кустарэзы, старадаўнія шалі, узоры формы ляснічых мінулых гадоў.

У Музеі мёду прафесійны пчаляр расказаў дзецям аб нюансах збору мёду, а таксама пачаставаў гэтым салодкім прадуктам і травяной гарбатай.

Ганна ПАДГАЙСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Трабскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.