Адпачываем, аздараўляем і развіваем

- 16:48Нам пішуць

Лета для дзяцей — час, калі яны могуць удосталь нагуляцца, стаць мацнейшымі, падрасці і атрымаць зарад здароўя на ўвесь год, таму ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна кожны дзень выхаванцаў чакаюць вясёлыя і пазнавальныя святы і забавы, музычныя мерапрыемствы.

Вялікую ўвагу ўдзяляем фізкультурна-аздараўленчым мерапрыемствам на свежым паветры. Гэта і ранішняя гімнастыка, і спартыўныя святы, і эстафеты, і спаборніцтвы, і гульні падчас прагулкі.

Займаемся і мастацка-эстэтычнай працай: малюем, лепім, майструем розныя вырабы. Пастаянна знаходзімся ў пошуку чагосьці цікавага.

А зусім нядаўна ў рознаўзроставых групах прайшло Свята лета ў форме падарожжа па станцыях, паміж якімі дзеці рухаліся вясёлым паравозікам. На першай станцыі — “Загадкавай” — чакалі загадкі пра кветкі, летнія з’явы. Наступная станцыя — “Гульнявая” — з вясёлымі гульнямі. А на станцыі “Творчай” дзеці з вялікім задавальненнем малявалі на асфальце каляровымі крэйдамі сваё ўяўленне пра лета. Апошнім прыпынкам падарожжа стала станцыя “Спартыўная”. Тут дзеці спаборнічалі ў спартыўных конкурсах. Атрымалася цікавае, вясёлае свята.

Наперадзе дзяцей чакае яшчэ шмат цікавых, займальных мерапрыемстваў. Мы пастараемся, каб лета для нашых выхаванцаў прайшло пазнавальна!

Алена ЯБЛОНСКАЯ,
выхавальнік рознаўзроставай групы
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.