Адпавядаць патрабаванням сусветных стандартаў

- 14:29Прэс-тур

У Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Лічбы прыёму навучэнцаў выконваюцца поўнасцю. Размеркаванне і працаўладкаванне выпускнікоў стапрацэнтнае. Установу ўзначальвае Аляксандр Пятровіч Юшчук, прызёр Абласнога конкурсу “Лепшы дырэктар прафесійнай адукацыі — 2018”. Вялікую ўвагу кіраўнік каледжа ўдзяляе пытанням удасканалення вучэбна-матэрыяльнай базы на аснове развіцця пазабюджэтнай дзейнасці.

Рэсурсны цэнтр сучасных магчымасцей

Дырэктар каледжа А.П.Юшчук.

У структуру каледжа ўваходзяць галоўны вучэбны корпус, аддзяленні дрэваапрацоўкі, агульнабудаўнічых спецыяльнасцей і мастацкіх рамёстваў, вучэбна-вытворчыя майстэрні, два інтэрнаты і інш. У цэху халоднай нарыхтоўкі драўніны дырэктар прадэманстраваў спектр сучаснага дрэваапрацоўчага абсталявання. Ён адзначыў, што навучэнцы ўдзельнічаюць у працэсе падрыхтоўкі драўніны, піляць, стругаюць і вырабляюць гатовую прадукцыю, у тым ліку мэблю.

У каледжы дзейнічае рэсурсны цэнтр па 2 кірунках: з 2015 года — па спецыяльнасці “Эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” з атрыманнем кваліфікацыі “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, а з 2010 года — па спецыяльнасці “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” з атрыманнем кваліфікацыі “мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання”. Рэсурсны цэнтр мае шырокі спектр адукацыйных магчымасцей для набыцця навыкаў працы на сучасным абсталяванні пры падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых для высокатэхналагічных, навукаёмі­стых, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей.

Прапускная здольнасць рэсурснага цэнтра — 576 чалавек. Навучальныя ўстановы Брэсцкай вобласці, якія вядуць падрыхтоўку па названых кваліфікацыях, накіроўваюць сюды сваіх навучэнцаў. За час існавання цэнтра ў ім прайшлі навучанне 2059 навучэнцаў, стажыроўку — 18 майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў спецдысцыплін, а таксама 149 грамадзян па праграме дадатковай адукацыі дарослых. Штогод на базе рэсурснага цэнтра праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства, алімпіяды, у тым ліку па працоўным навучанні для школьнікаў. Яго пляцоўка можа быць выкарыстана для падрыхтоўкі да міжнародных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства.

З верасня 2015 года каледж з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай па тэме “Укараненне мадэлей прафесійна-тэхнічнай адукацыі (у дачыненні да вытворчага навучання і спецыяльнай тэхналогіі), дадатковай адукацыі дарослых, прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на модульнай аснове ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі”.

У сярэднім у каледжы налічваецца каля 600 навучэнцаў. З іх па праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі навучаюцца 350 чалавек, сярэдняй спецыяльнай — 250, у тым ліку 123 дзяўчынкі. На дзённай форме атрымання адукацыі прапаноўваюцца спецыяльнасці “Выкананне будаўніча-мантажных і рамонтных работ”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў”, “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, “Сталярныя, паркетныя і шкляныя работы”, “Эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчай вытворчасці”, “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ераў”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”. Па спецыяльнасцях “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (па кірунках)” і “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” існуюць як дзённая, так і завочная форма навучання.

У міжнародным руху WorldSkills

Каледж актыўна ўдзельнічае ў руху WorldSkills, укараняе ў сістэму падрыхтоўкі навучэнцаў падыходы, тэхналогіі навучання і ацэнкі вынікаў, якія адка­зваюць патрабаванням сусветных стандартаў. Сярэбраны медаліст II Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 у кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” Арцём Рыжук прыняў удзел у Шанхаі ў Міжнародным чэмпіянаце China International Skills Competition—2017. Майстар вытворчага навучання А.А.Бойка наведаў Еўрапейскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills (Гётэбарг, Швецыя). У 2017 го­дзе беларуская зборная прыняла ўдзел у чэмпіянаце краін — членаў еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (Краснадар, Расія (WorldSkills Russia), дзе пераможца II Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 Андрэй Кірыковіч, навучэнец каледжа, у кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені і сярэбраным медалём. У 2017/2018 навучальным годзе праводзілася падрыхтоўка ўдзельнікаў III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018, на якім Андрэй Васюковіч па кампетэнцыі “Сталярная справа” атрымаў дыплом і сярэбраны медаль за 2-е месца. У конкурсе таксама прынялі ўдзел Арцём Грыгарук па кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі” і Максім Пратасюк па кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”.

У банку даных спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў зараз 30 навучэнцаў каледжа. Штогод на базе ўстановы праводзяцца рэспубліканскія і абласныя мерапрыемствы па розных кірунках дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі. Вядзецца творчае супрацоўніцтва з таленавітымі дойлідамі Рэспублікі Польшча.

Інтэрактыўная прафарыентацыя

Прафарыентацыйная работа ў каледжы ахоплівае ў першую чаргу дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы па прафесіях, дзейнасць інтэрактыўных пляцовак, паказ відэаролікаў, экскурсіі ў вучэбныя кабінеты, вытворчыя майстэрні, выставачныя залы, інтэрнаты каледжа і, зразумела, музей, дзе выстаўлены лепшыя работы навучэнцаў, выкладчыкаў і майстроў установы пачынаючы з 1982 года. З’явіліся і інтэрактыўныя формы работы: прома-акцыі, прафарыентацыйныя флэшмобы, велапрабегі, выступленні агітацыйных каманд. Напрыклад, удзельнікі такіх каманд праязджаюць па вуліцах горада на веласіпедах, скейтбордах і ролікавых каньках, распаўсюджваючы інфармацыйныя буклеты пра каледж і праводзячы агітацыйную работу. У каледжы створана прафарыентацыйная група з ліку навучэнцаў выпускных груп узроўню ССА і кансультацыйны пункт, у склад якога ўваходзяць вопытныя педагогі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.