Адпавядаць сучаснаму ўзроўню развіцця біялогіі як навукі

У Мінскай вобласці завяршыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. 925 вучняў 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталічнага рэгіёна прадэманстравалі свае веды па 18 вучэбных прадметах. Базамі для правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў сталі ўстановы адукацыі Жодзіна, Дзяржынска, Маладзечна, Слуцка, Вілейкі, Барысава, Узды, Салігорска, Чэрвеня, а таксама Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Каманда Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.

Выкананне навучэнцамі алімпіядных заданняў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі 176 выкладчыкаў. Гэта спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДУІР, БНТУ, МДЛУ і іншых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, а таксама настаўнікі і выкладчыкі ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці і Мінска. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды будзе вызначаны склад каманд Мінскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Спаборніцтвы па біялогіі праходзілі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі (тэарэтычны тур) і на базе факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка (практычны тур), дзе арганізацыйную дапамогу аказалі супрацоўнікі розных кафедр. Як расказала Юлія Уладзіміраўна Палікарпава, метадыст вучэбна-метадычнага аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхналагічных дысцыплін МАІРА, у алімпіядзе па біялогіі прынялі ўдзел 76 навучэнцаў 9—11 класаў, з іх 33 былі адзначаны дыпломамі рознай ступені.

Падчас тэарэтычнага тура вучні выконвалі тэсты, якія складаліся з 60, 70 і 90 пытанняў (адпаведна ў 9, 10 і 11 класах) па ўсім курсе біялогіі з варыянтамі адказаў. Практычны тур праходзіў у 9 і 10 класе ў кабінетах батанікі, заалогіі і анатоміі чалавека, у 11 класе — у кабінетах біяхіміі, генетыкі і фізіялогіі раслін.

Старшыня журы — Аляксандр Георгіевіч Песнякевіч, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ, адзначыў: “Біялогія — навука, якая ўвесь час развіваецца, і заданні алімпіяды павінны адпавядаць сучаснаму стану біялогіі. У той жа час заданні павінны быць даступнымі для выканання школьнікамі. Журы палічыла занадта складаным адно з практычных заданняў для 11-класнікаў. Навучэнцам былі прапанаваны малюнкі, на якіх размяшчаліся 3 філагенетычныя дрэвы, пабудаваныя на аснове адной і той жа выбаркі нуклеатыдных паслядоўнасцей, але з выкарыстаннем розных метадаў, як правільна выбраных, так і няправільна. Вучням неабходна было выбраць дрэва, якое здалося ім найбольш верагодным, а таксама дрэва сярэдняй якасці і дрэва найменш удалае. Удзельнікі алімпіяды павінны былі максімальна дакладна патлумачыць, чаму прынялі тое ці іншае рашэнне. Па меркаванні журы, такія заданні не адпавядаюць узроўню ведаў навучэнцаў сярэдняй школы, што і пацвердзілася: з гэтым заданнем не справіўся ні адзін удзельнік. Тое ж самае ў поўнай меры можна сказаць і пра некаторыя заданні па біяхіміі. Гэта трэба мець на ўвазе арганізатарам алімпіяды пры падрыхтоўцы будучых алімпіяд”. 

Даволі цікавым і прыгожым было заданне па заалогіі ў 9—10 класе. У Беларусі сустракаюцца 2 абарыгенныя і 1 інвазійны (заносны) від дзесяціногіх вышэйшых ракаў. Дарослыя асобіны кожнага віду маюць шэраг характэрных марфалагічных прымет, якія дазваля­юць выразна адрозніць гэтыя віды. Найважнейшыя з іх былі адлюстраваны на фотаздымках, што даваліся да задання. Абапіраючыся на прыве­дзеныя адметныя прыметы двух відаў і ўважліва разгледзеўшы фотаздымкі прадстаўнікоў розных відаў, вучні спрабавалі вызначыць іх відавую прыналежнасць і зрабіць выснову аб прысутнасці ў выбарцы паласатага рака — інвазійнага віду паўночнаамерыканскага паходжання, дакладныя марфалагічныя прыметы якога ім дакладна невядомыя. Вынікі вучні заносілі ў табліцу.

Старшыня журы нагадаў, што раней (да змен у парадку правядзення алімпіяд) у выпадку ўзнікнення ў вучняў пытанняў арганізацыйнага плана членаў журы запрашалі ў пакой, дзе ўзнікала пытанне. Зараз жа навучэнцы пісалі такія пытанні на аркушы паперы са штампам (не больш за тры пытанні ад аднаго вучня), які адказны за суправаджэнне тура алімпіяды перадаваў членам журы, што знаходзіліся ў асобным пакоі. На жаль, па фармулёўках, якія вучні рабілі пісьмова, прадстаўнікі журы не заўсёды дакладна разумелі адрасаваную ім інфармацыю, чаго можна было б пазбегнуць пры непасрэдным узаемадзеянні з удзельнікамі.

Яшчэ адна праблема, якую агучыў Аляксандр Георгіевіч, — адсутнасць у рэгламенце правядзення абласной алімпіяды часу для сустрэчы членаў журы з удзельнікамі алімпіяды, у рамках якой разглядаліся б найбольш складаныя заданні пасля падвядзення вынікаў спаборніцтваў. Такі, умоўна кажучы, “разбор палётаў”, які праводзіўся ў былыя часы, быў вельмі карысным для алімпіяднікаў і іх настаўнікаў. Зараз жа часу хапае толькі на правядзенне апеляцый, ды і тое познім вечарам, калі журы заканчвае сваю работу. Гэтых недахопаў можна было б пазбегнуць, калі б тэрміны алімпіяды былі падоўжаны на адзін дзень.


Ад Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя ў алімпіядзе па біялогіі прынялі ўдзел 10 навучэнцаў. Шасцёра з іх атрымалі дыпломы. Сярод іх вучні Ларысы Міхайлаўны Кавалеўскай — Віялета Луцэвіч, Улада Доўнар, Даша Аляксюк і Настасся Акулік. Таксама дыпломамі былі адзначаны ліцэісты Вікторыя Аляхновіч і Іван Стасілевіч — вучні Марыны Пятроўны Траццяк.

“У ліцэі склалася сістэма работы з адоранымі навучэнцамі. Кожны год нашы вучні атрымліваюць дыпломы на абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды па біялогіі, — расказала Ларыса Міхайлаўна Кавалеўская. — Сваю педагагічную дзейнасць я пачала ў 1980 годзе пасля заканчэння педінстытута. У абласным ліцэі працую з 2014 года. Сакрэт поспеху нашых алімпіяднікаў у тым, што яны вельмі матываваныя, яны выбралі біялогію, каб глыбока вывучыць яе. А гэта вельмі карпатлівая і складаная работа. Падрыхтоўка да алімпіяды ажыццяўляецца ў некалькі этапаў. Першае, што патрабуецца ад вучняў, — ідэальнае валоданне базавымі ведамі. Наступны этап — паглыбленне ведаў, чытанне складанай спецыялізаванай і навуковай літаратуры розных аўтараў і розных напрамкаў біялагічнай навукі, што дае магчымасць параўноўваць атрыманыя веды. Нашы вучні наведваюць факультатывы, дзе паглыбляюць свае веды. Шмат часу ўдзяляем такім кірункам, як гісталогія, біяхімія, малекулярная біялогія, імуналогія і паразіталогія. Шукаем патрэбную літаратуру ў бібліятэках (дома ў мяне сабрана добрая бібліятэка), купляем кнігі, супрацоўнічаем па розных пытаннях з выкладчыкамі біялагічнага факультэта БДУ. Сёлета ліцэй атрымаў новы кабінет біялогіі. Для адпрацоўкі практычных навыкаў сваю хімічную лабараторыю прадастаўляе вучням настаўніца хіміі ліцэя Святлана Генадзьеўна Мельнікава”.


Дыпломы І ступені трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі атрымалі: Усціна Галюк, вучаніца 9 класа гімназіі № 1 Барысава (настаўніца С.С.Харунжая); Марыя Шулякоўская, вучаніца 9 класа гімназіі № 3 Салігорска (настаўніца В.М.Варашкевіч); Паліна Ацута, вучаніца 10 класа Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы (настаўніца
А.Д.Такарчык); Улада Доўнар, вучаніца 10 класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (настаўніца Л.М.Кавалеўская); Віялета Луцэвіч, вучаніца 11 класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (настаўніца Л.М.Кавалеўская); Аляксандра Харашэй, вучаніца 11 класа нарацкай сярэдняй школы № 2 (настаўніца А.М.Раманькова); Лізавета Кузікава, вучаніца 11 класа бараўлянскай сярэдняй школы № 2 (настаўніца Г.М.Шмак).

Варта адзначыць дасягненні вучняў сельскіх школ: дыпломы ІІ ступені атрымалі Дар’я Аляшкевіч, вучаніца Вязынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вілейскага раёна (настаўніца С.І.Сухая), і Марыя Мезяк, вучаніца 10 класа Бараўлянскай гімназіі (настаўніца А.А.Пілецкая); дыпломы ІІІ ступені атрымалі Марыя Мядзейка, вучаніца 9 класа Сіняўскай сярэдняй школы Клецкага раёна (настаўніца Г.І.Кароткая), Ульяна Бахно, вучаніца 9 класа Пятрышкаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна (настаўніца Н.В.Гутоўская), і Станіслаў Яшчу­к, вучань 9 класа Старабарысаўскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна (настаўніца Н.А.Лыско). 

Надзея ЦЕРАХАВА.