Адпраўляючыся на пошукі шчасця…

З кожным годам усё большая значнасць надаецца выхаваўчым аспектам заняткаў і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў школьных сценах. Сучасны настаўнік нараўне з кагнітыўнымі мэтамі пастаянна павінен дакладна фармуляваць задачы асобаснага развіцця, паколькі прыярытэтным напрамкам усяго вучэбна-выхаваўчага працэсу сёння з’яўляецца выхаванне самадастатковай асобы, якая ўвабрала ўсе асноўныя каштоўнасці і нормы маралі, прызнаныя ў грамадстве. Пры гэтым нават выпускны вечар, які традыцыйна мае фармат забаўляльнага шоу, можа стаць своеасаблівым момантам ісціны, кульмінацыяй мудрасці, што набывалася за ўсе школьныя гады, падвядзеннем вынікаў усёй выхаваўчай работы.

Напісанне сцэнарыя выпускнога вечара вельмі нялёгкая і ў той жа час хвалюючая работа, калі ты выпускаеш свой любімы клас ды яшчэ і сваё дзіця. У такія сцэнарыі ўкладваецца ўся душа. І было б сумна, калі б пасля яркага свята ўсе напісаныя тэксты адпраўляліся пыліцца на паліцу. Вельмі спадзяюся, што сцэнарый, які прапаноўваецца, дапаможа многім зацікаўленым завяршальны вечар усяго школьнага жыцця зрабіць не толькі незабыўным, але і напоўненым сапраўднай філасофскай мудрасцю (яго можна знайсці на сайце клуба “Крыштальны журавель” crane.unibel.by/vnrab/).

Прадстаўлены выпускны быў праведзены ў сярэдняй школе № 1 Драгічына і, хочацца верыць, застанецца светлай і яркай старонкай ва ўспамінах выпускнікоў 2018 года.

Алена ПРАТАСЕВІЧ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына,
член клуба “Крыштальны журавель”.
Фота аўтара.