Адраджаем старажытны лялечны тэатр — батлейку

Каманда ясляў-сада № 111 Віцебска на чале з загадчыцай Святланай Леанідаўнай Мяснікавай увайшла ў лік 17 фіналістаў пятнаццатага сезона конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, дзе прадставіла праект “Беларускi скарб”. На першым этапе конкурсу прынялі ўдзел 476 каманд. Па выніках народнага галасавання ўстанова заняла першае месца і атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

Мэта праекта “Беларускі скарб” — знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з гістарычна-культурнай спадчынай Беларусі, у прыватнасці з тэатрам батлейкай, яе адраджэнне і захаванне. “З даўніх часоў на плошчах і вуліцах гарадоў і вёсак Беларусі праходзілі традыцыйныя паказы батлейкі — старажытнага лялечнага тэатра, творчасць якога складае адну з самых цікавых старонак у гісторыі беларускага народнага мастацтва, — адзначыла загадчыца ясляў-сада Святлана Мяснікава. — Аднак гэты від мастацтва ў выніку дзвюх сусветных войнаў быў амаль страчаны. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў краіне не засталося ніводнай дзеючай батлейкі. За стагоддзі тэатр батлейка не састарэў, а яго сюжэты аб барацьбе дабра са злом застаюцца звышактуальнымі. Класічныя батлеечныя пастаноўкі прасякнуты павучальнымі момантамі, яны вяртаюць нас да вытокаў, дапамагаюць аднавіць сувязь часоў, вярнуць страчаныя каштоўнасці”.

Батлеечнае мастацтва паступова набывае новае жыццё, адраджаецца. Большасць сучасных батлеечных тэатраў дзейнічае на тэрыторыі Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. На Віцебшчыне такіх тэатраў мала і яны стацыянарныя, што не дазваляе ахапіць вялікую глядацкую аўдыторыю. У Віцебску няма ніводнага пастаянна дзеючага тэатра з батлеечнымі спектаклямі для дзяцей да 6 гадоў, амаль няма тэатральных студый для дашкольнікаў.

У 2018 годзе выхаванцы адной са старшых груп ясляў-сада № 111 Віцебска пачалі выконваць даследчую работу “Чаму батлейка — скарб беларускай культуры?”. Вынікі даследавання былі прадстаўлены на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Мая Радзiма — Беларусь”. Работа заваявала дыплом І ступені на раённым і абласным этапах конкурсу і прыняла ўдзел у фінале. Аднойчы выхавальніца сказала дзецям, што батлейка — гэта скарб беларускай культуры. “Чаму скарб? Ён што, залаты?” — спытала маленькая Марыя Малаткова. З такога пытання пачалося дзіцячае даследаванне. Што думалі на гэты конт дзеці? Скарб — значыць “стары”, “дарагі”, “яго закапалі”… І яны мелі рацыю! Батлейка — гэта старадаўні цікавы і прыгожы тэатр у скрыні. Але яго не закапалі, а проста схавалі ад людзей. У ім адлюстроўваюцца гісторыя, культура і духоўнае багацце беларускага народа. А ці ведаюць пра батлейку самі беларусы? “Жалейка” або англійскае слова “батл”?.. Даследаванне паказала, што большасць апытаных дарослых людзей нічога не ведаюць пра батлейку.

“Сёння шмат цікавых сучасных методык і тэхналогій, якія дапамагаюць развіваць дзяцей, але сапраўдным скарбам для мяне і маіх калег стала старажытная батлейка, — гаворыць Святлана Леанідаўна. — Якая яшчэ рэч можа адначасова развіваць столькі дзіцячых здольнасцей?! Фантазію, калі разам мы выдумляем гісторыі для тэатральных пастановак; творчыя здольнасці, калі самі вырабляем лялек; дробную маторыку, калі кіруем лялькамі; прамоўніцкае і акцёрскае майстэрства, калі агучваем герояў. Мы перамагаем страх сцэны, бо выступаем перад бацькамі і гасцямі. Мы разумеем, што добра, а што — не, праз павучальныя казачныя сюжэты. А таксама знаёмімся з беларускай мовай і літаратурай, народнай музыкай…Трапляючы ў чароўны свет тэатра, дзе чараўніцтва і рэальнасць перамяжоўваюцца, дзеці адчуваюць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі.

У снежні 2018 года ў садзе прайшоў конкурс батлеечных тэатраў, вырабленых педагогамі і бацькамі выхаванцаў. У студзені 2019 года ва ўстанове ладзіўся калядны фестываль “Беларуская батлейка”, на якім выхаванцы змаглі бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі беларускага батлеечнага тэатра, паглядзець спектаклі. У студзені 2020 года ва ўстанове былі выраблены новыя батлеечныя лялькі, распрацаваны і прадстаўлены публіцы новы батлеечны паказ для дзяцей “Калядная зорка”. Сёння мы ла­дзім спектаклі, пішам сцэнарыі, супрацоўнічаем з тэатрамі Беларусі і іншых краін: тэатрам “Капялюш” (Наваполацк, кіраўнік Андрэй Рэцікаў), арганізатарамі фестывалю “Нябёсы”, народным тэатрам “Карагіозіс”, што ў Грэцыі. Сумесна з рамеснікамі і майстрамі распрацоўваем розныя канструкцыі батлеечных тэатраў. Для таго каб батлейка трапіла ў сем’і нашых выхаванцаў, наладжваем выраб батлеечных набораў і лялек. Плануем маштабіраваць свой культурна-адукацыйны праект “Беларускі скарб” праз відэадэманстрацыю мерапрыемстваў у сацыяльных сетках, рэкламуем сябе ў СМІ. Мяркуем адкрыць на базе ўстановы метадычны цэнтр, дзе з дапамогай тэатра батлейкі будуць распрацоўвацца методыкі сумеснай творчасці педагогаў, дзяцей і бацькоў.

Батлеечны тэатр стане мабільным. Творчая група педагогаў установы пачне падарожнічаць па дзіцячых садках з бясплатнымі спектаклямі для дзяцей. З мэтай распаўсю­джвання вопыту плануем арганізоўваць ва ўстановах дашкольнай адукацыі Віцебска батлеечныя мерапрыемствы для педагогаў і бацькоў (семінары, майстар-класы, паказ спектакляў, гульнявых комплексаў, пазнавальныя інтэрактыўныя гутаркі, фестывалі). Спадзяёмся, што ў далейшым на базе нашай установы будуць праходзіць платныя развіццёвыя заняткі для бацькоў і дзяцей ад двух гадоў, метадычныя мерапрыемствы для педагогаў рэспублікі. Назапашаны вопыт адлюструем у зборніку сцэнарыяў для дзіцячых батлеечных спектакляў і метадычных рэкамендацый. Гэта дазволіць яшчэ большай колькасці людзей далучыцца да нашага руху. Дзейнасць метадычнага цэнтра ясляў-сада № 111 Віцебска будзе садзейнічаць развіццю дзяцей, павышэнню якасці сямейнага выхавання, умацаванню сувязей паміж рознымі адукацыйнымі тэхналогіямі, а таксама папулярызацыі беларускай батлейкі і распаўсюджванню батлеечнага руху ў рэспубліцы”.

Для таго каб працягнуць рэалізацыю праекта “Беларускі скарб”, установе патрэбны дадатковыя сродкі (4250 рублёў). За гэтыя грошы будуць набыты ­мабільная скрыня, матэрыялы для рэквізіту, музычныя інструменты, канцтавары, аўдыя- і відэаапаратура, камп’ютарнае праграмнае забеспячэнне.

Чаму варта падтрымаць праект “Беларускі скарб” ясляў-сада № 111 Віцебска? Таму што ўстанова мае вопыт работы з батлейкай. Яе калектыў ведае, што патрэбна дзецям. Па выніках работы за 2019 год гэты яслі-сад стаў лепшай установай дашкольнай адукацыі ў Беларусі, а яго загадчыца Святлана Леанідаўна Мяснікава атрымала званне “Віцяблянін года — 2020” у намінацыі “Грамадскае прызнанне”.

Народная мудрасць сцвярджае: “Наша сёння, як некалі наша мінулае, таксама стварае традыцыі будучыні”. Кожнаму беларусу варта далучацца да народнай культуры, актыўна ўдзельнічаць у адраджэнні нацыянальных традыцый і ўводзіць дзяцей у гэты самабытны свет, фарміруючы ў іх душах базіс культуры — культуры народнай, культуры маральнай.

Надзея ЦЕРАХАВА.