“Адраджэнне” прадстаўляе

Выстаўку “Лістапад фантазій” адкрылі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” г. Гродна. Прадстаўлены творы навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Адраджэнне”, якое ўжо 26 гадоў узначальвае дасведчаны педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі, майстар сваёй справы Н.У.Пятрухіна.

Нэлі Уладзіміраўна вучыць дзяцей ствараць з разнастайных матэрыялаў (у тым ліку непрыдатных) непаўторную фларыстыку, прыгожыя прадметы з бісеру.

Выстаўка ўключае больш за 100 работ дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, выкананых у розных тэхніках: прасаваная фларыстыка, бісерапляценне, лялькі з лёну, старажытная беларуская вышыўка “Набор”. Арыгінальнасць, навізна і непаўторнасць работ як педагога, так і навучэнцаў, а таксама высокі мастацкі і прафесійны ўзровень выканання неаднаразова адзначаліся прызавымі месцамі на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, выстаўках.

Ірына ХОБЕЦ,
загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і выяўленчага мастацтва
ЦТДіМ “Спектр” г. Гродна.