Адраджэнне валанцёрскага руху

- 16:41Нам пішуць

Адзінокія і пажылыя асабліва маюць патрэбу ў доглядзе і клопаце, ўвазе і любові. У сучасным імклівым свеце мы не заўсёды знаходзім час, каб прыехаць ці проста патэлефанаваць бацькам, бабулям і дзядулям. У Астравецкім раёне больш за тысячу адзінокіх, адзінока пражываючых і пажылых. Ім усім патрэбны цяпло і клопат. Мы заўсёды будзем гатовы працягнуць ім руку дапамогі.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі вырашылі адрадзіць валанцёрскі рух, каб дапамагаць ветэранам і адзінокім жыхарам Астраўца і Астравецкага раёна. З кожным годам павялічваецца колькасць валанцёрскіх атрадаў: у гэтым навучальным годзе іх ужо 10. Задача — не толькі дапамагчы пажылым людзям навесці парадак дома і на вуліцы, схадзіць у магазін па прадукты, прынесці вады і дроў, але і проста пагаварыць у цішыні, выслухаць гісторыі мінулых гадоў, пачытаць кнігу, павіншаваць са святам, усміхнуцца. Дзеці і педагогі з задавальненнем ідуць у дамы да пажылых, каб развеяць іх адзіноту. Іх дзверы заўсёды адчынены для хлопчыкаў і дзяўчынак, яны ведаюць іх, сустракаюць з усмешкай, частуюць гарбатай.

У рамках месячніка навядзення парадку на тэрыторыі Астравецкага раёна актывізаваліся і валанцёры, дапамаглі многім прыбраць сухія лісце і траву, ускапаць клумбы, сабраць смецце, памыць вокны і адрамантаваць старыя агароджы пасля зімы. І гэта толькі частка працы, якую зрабілі школьнікі. У планах — наведванне адзінокіх і пажылых людзей у межах арганізацыі работы ў шосты школьны дзень. Без увагі і дапамогі пажылыя людзі не застануцца і ў летні перыяд.

Акцыі “Памяць”, “Працягні руку дапамогі”, “Клопат”, “Малое сэрца — вялікая карысць”, “Унукі заўсёды побач” сталі традыцыйнымі мерапрыемствамі з удзелам школьнікаў, якія заўсёды гатовы падарыць сваё сэрца і паставіцца з разуменнем да Вас, дарагія ветэраны і пажылыя людзі.

Жанна ЛАЎРЭЦКАЯ,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.