Упершыню за апошнія гады ў адукацыйныя ўстановы Ельскага раёна прыйдуць адразу 17 маладых спецыялістаў. Адначасова працягваецца маштабнае добраўпарадкаванне школ і дзіцячых садоў, а таксама ўмацоўваецца супрацоўніцтва з вайсковымі часцямі і грамадскімі арганізацыямі для выхавання падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму і грамадзянскай адказнасці. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” паведаміла начальнік аддзела адукацыі Ельскага райвыканкама Вольга Сіўчук.

— Вольга Сцяпанаўна, якія надзеі звязаны з прыходам маладых спецыялістаў у адукацыйныя ўстановы раёна і якія меры падтрымкі прадугледжаны для іх замацавання ў рэгіёне?
— Да нас прыйдуць 17 маладых калег: 11 з вышэйшай адукацыяй і 6 з сярэдняй спецыяльнай. Пры гэтым для большасці — 12 чалавек — першым працоўным месцам стане родны раён.
У каранёў сіла магутная, гэта вельмі абнадзейвае, і мы разлічваем, што маладыя кадры застануцца працаваць на Ельшчыне надоўга.
Наш дружны педагагічны калектыў папоўняць выхавальнікі дашкольнай адукацыі, настаўнікі рускай мовы і літаратуры, гісторыі, хіміі і біялогіі, матэматыкі, інфарматыкі, фізічнай культуры, выхавальнікі групы прадоўжанага дня, педагог-псіхолаг, дэфектолаг, спецыялісты цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Шчыра ўдзячны педагогам пенсіённага ўзросту за іх шматгадовую плённую працу, аднак для развіцця адукацыі важна прыцягваць і ўтрымліваць маладых і перспектыўных настаўнікаў.
Учарашнім выпускнікам універсітэтаў і каледжаў, якія асвойваюцца на першым працоўным месцы, усе ідуць насустрач, дапамагаюць і справай, і парадай. Дарэчы, у верасні чатыром педагогам дадуць арэнднае жыллё, што стане значнай матывацыяй для іх работы і замацавання ў раёне. У мінулым годзе некалькі маладых спецыялістаў атрымалі ключы ад кватэр у новых дамах, што садзейнічае стварэнню сем’яў і ўмацаванню іх сацыяльнай стабільнасці.
— Якія ініцыятывы рэалізуюцца па добраўпарадкаванні адукацыйных устаноў?
— Добраўпарадкаванне — важны аспект работы. Многія педагогі і кіраўнікі ўстаноў падыходзяць да гэтага па-свойму, іх праекты рэалізуюцца не адзін месяц. Напрыклад, гімназія сумесна з бацькамі, пры дапамозе выпускнікоў мінулых гадоў і КЖЭУП “Ельскае” рэалізавала праект па рэканструкцыі помніка настаўнікам і вучням, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 4 тысячы рублёў былі накіраваны на абнаўленне пліткі, устаноўку новых пліт, азеляненне.
У іншых школах і дзіцячых садах актыўна абнаўляюць кветнікі, азеляняюць тэрыторыі, ствараюць тэматычныя зоны. Напрыклад, у Дабрынскай сярэдняй школе дызайн тэрыторыі прадуманы да дробязей. Штогод іх прышкольная тэрыторыя радуе вока кветнікамі, а сёлета педагогі разам з навучэнцамі пасадзілі алею памяці. У Млынокскай пачатковай школе з’явіліся тэматычныя клумбы, прысвечаныя Вялікай Перамозе. На тэрыторыі Дабрынскага дзіцячага сада ўсталяваны малыя архітэктурныя формы, а пры падтрымцы шэфскай арганізацыі абноўлены дахі альтанак і гульнявыя пляцоўкі.
Працоўная практыка і праекты па другаснай занятасці таксама дапамаглі добраўпарадкаваць прылеглыя тэрыторыі. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах і праектах, уносячы свой уклад у паляпшэнне і азеляненне школьнай прасторы.
— Як развіваецца сетка профільных класаў?
— Адкрыты педагагічная і медыцынская групы, інжынерны і ваенна-патрыятычны класы.
Напярэдадні 9 Мая ў раёне быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Граніт-Ельск” сумесна з вайсковай часцю 5448. У яго ўвайшлі 56 навучэнцаў з 2-й школы і гімназіі, аб’яднаных агульнымі мэтамі, у ліку якіх выхаванне патрыятызму, фізічная падрыхтоўка і вывучэнне ваеннай справы. Юныя ўдзельнікі клуба пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў асвойваюць навыкі зборкі і разборкі зброі, стральбы ў ціры, кіравання квадрацыкламі і беспілотнымі лятальнымі апаратамі, а таксама знаёмяцца з сучаснай ваеннай тэхнікай. Летам дзеці праходзілі аздараўленне ў 10-дзённым кругласутачным ваенна-патрыятычным лагеры на базе часці пад Мінскам, чаму яны былі вельмі рады. Падлеткі ў лагеры атрымалі першыя ўрокі мужнасці і вытрымкі, спасцігалі азы вайсковай службы. Іх чакалі знаёмства з баявой тэхнікай і зброяй, асваенне асноў самаабароны, удзел у занятках па фізічнай, агнявой і страявой падрыхтоўцы, тактычнай медыцыне, а таксама вывучэнне гісторыі і традыцый унутраных войскаў. На працягу змены для іх арганізоўвалі разнастайныя паездкі, сустрэчы, экскурсіі, спартыўныя гульні і наведванне памятных мясцін. Праграма была складзена так, каб кожны дзень быў насычаным і інфарматыўным.
Ваенна-патрыятычны клуб працягне сваю работу і ў Дабрынскай сярэдняй школе. Да таго ж ужо шмат гадоў там дзейнічае пошукавы клуб.
Значнай падзеяй для педагогаў і навучэнцаў у гэтым годзе стане прысваенне Зашырскай сярэдняй школе ганаровага статусу “Школа міру”, што дазволіць вызначыць дакладны напрамак яе дзейнасці і наладзіць супрацоўніцтва з гімназіяй і грамадскімі арганізацыямі.
У Ельскім раёне асаблівая ўвага ўдзяляецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню не толькі школьнікаў, але і дашкольнікаў, што садзейнічае фарміраванню ў дзяцей з ранняга ўзросту пачуцця патрыятызму і грамадзянскай адказнасці. Так, у дзіцячым садзе № 1 адкрыта патрыятычная група і наладжана супрацоўніцтва з ваенна-патрыятычнымі класамі сярэдняй школы № 2. У дзіцячым садзе № 2 дзейнічае група “Юныя міратворцы” — яна цесна звязана з гімназіяй, якая мае статус “Школа міру”. Плануем развіваць гэтыя кірункі і падтрымліваць пераемнасць.
— Дзень ведаў усё бліжэй. Колькі дзяцей прыйдзе першы раз у 1 клас?
— У гэтым годзе ў нашым раёне 111 першакласнікаў, усяго ж за парты сядуць 1585 навучэнцаў. Мы прыкладаем максімум намаганняў для ўсебаковага развіцця і выхавання падрастаючага пакалення. У планах — не толькі працягваць добраўпарадкаванне і абнаўленне матэрыяльнай базы, але і ўкараняць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, забяспечваць педагогаў неабходнымі рэсурсамі для эфектыўнай работы. Усё гэта накіравана на стварэнне камфортнага, бяспечнага і натхняльнага асяроддзя, дзе кожнае дзіця зможа раскрыць свой патэнцыял, а педагогі — рэалізаваць прафесійныя задачы на высокім узроўні.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





