Адразу відаць стаўленне людзей да ўлады і чыноўнікаў да людзей

Выязныя прыёмы грамадзян дапамагаюць наладзіць прамую сувязь з насельніцтвам. Такое меркаванне выказаў па выніках выязнога прыёму ў Асіповіцкім райвыканкаме першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў.

“Такія прыёмы неабходны, зваротная сувязь з насельніцтвам, асабліва з глыбінкі, вельмі важная, — адзначыў Максім Рыжанкоў. — Калі людзі прыходзяць і дзеляцца сваім набалелым, адразу відаць комплекс праблем, які ахоплівае той ці іншы раён. Адразу відаць стаўленне людзей да ўлады і чыноўнікаў да людзей, ці гатова ўлада дапамагаць людзям, вырашаць іх праблемы, відаць узровень даверу насельніцтва”.

На выязным прыёме большасць пытанняў да мясцовых органаў улады адносілася да мінулага перыяду. Новае кіраўніцтва райвыканкама пра гэтыя праблемы ведае і садзейнічае іх вырашэнню.

Вельмі шмат пытанняў датычылася разгляду зямельных спрэчак, судовай сістэмы, што ніякім адміністрацыйным рэсурсам не могуць быць вырашаны, паколькі няма на тое падстаў. “Узнікаюць пытанні і грамадскага значэння. Сёння быў зварот адносна тарыфаў на электраэнергію для садовага таварыства. Гэтую сітуацыю сіламі раёна не выправіш. Тут неабходны рашэнні на ўзроўні дзяржавы”, — сказаў Максім Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, такія прыёмы таксама даюць магчымасць людзям бачыць, хто працуе ў кіраўніцтве, іх кампетэнтнасць, як яны вырашаюць пытанні. “Таму ўпэўнены, што кожны чыноўнік час ад часу павінен з’яўляцца перад людзьмі, трымаць адказ за праведзеную работу”, — рэзюмаваў ён.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў таксама адзначыў, што ў Беларусі знізілася колькасць хранічных скаржнікаў.

“Але ўсё роўна іх хапае, ёсць вельмі шмат людзей, якім проста трэба пагаварыць. Сёння такі чалавек таксама быў на прыёме. І калі мы пачалі разбірацца, што яго ўсё ж хвалюе, то аказалася — практычна ўсё, што адбываецца ў краіне і нават за яе межамі. На самай справе, можна толькі парадавацца за яго грамадзянскую пазіцыю, паколькі чалавека хвалююць актуальныя рэчы”, — адзначыў Максім Рыжанкоў.

Праведзены аналіз паказаў, што для некаторых грамадзян звяртацца ў розныя інстанцыі стала нормай жыцця: хадзіць па крузе і скардзіцца на адны і тыя ж рэчы. Таму сфарміраваны банк даных такіх людзей, дэталёва вывучаны ўсе іх пытанні і скаргі. “На мой погляд, нельга адрываць цэлыя ведамствы зноў і зноў дзеля праверкі фактаў, якія ўжо дзясяткі разоў правераны. Але ёсць і іншая тэндэнцыя: калі з такімі “прафесіянальнымі” скаржнікамі пагаворыш нармальна, убачыш і вырашыш нейкае ўпушчанае пытанне, то давер да ўлады ў іх павышаецца і яны супакойваюцца”, — сказаў Максім Рыжанкоў.

Але, на яго думку, такія гутаркі не для такіх прыёмаў. “Тут трэба вырашаць канкрэтныя рэчы і праблемы людзей. Калі ты за сваю краіну перажываеш, то можаш гэта выкласці ў пісьмовай форме і адправіць у нейкае ведамства, міністэрства або ў Адміністрацыю прэзідэнта для разумнага ўліку новых ідэй, бачання развіцця краіны”, — лічыць Максім Рыжанкоў.