Адштурхоўваючыся ад сваёй зямлі

У сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстава па выніках Х Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі дзяцей і моладзі “На сваёй зямлі”. Арганізаваны па традыцыі міністэрствамі адукацыі, культуры, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”, конкурс сёлета аб’яднаў 13 257 юных мастакоў з 34 краін свету. Экспазіцыю выставы склалі 463 лепшыя малюнкі.

Азербайджан, Аргенціна, Арменія, Бангладэш, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Грузія, Індыя, Іран, Іспанія, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Мазамбік, Малдова, Марока, Польшча, Партугалія, Расія, Румынія, Сербія, Славенія, Славакія, Таджыкістан, Тайланд, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Чэхія, Шры-Ланка, Эстонія. Геаграфія краін — удзельніц конкурсу не можа не ўражваць. Як і пералік тэм, прапанаваных арганізатарамі конкурсу для юных мастакоў: “На сваёй зямлі”, “Слова пра паход Ігаравы”, “Апавяданні, казкі і байкі Л.М.Талстога”, “Мая сям’я”, “Во саду ли, в огороде”, “Вандроўка”, “Мы гуляем, мы танцуем, мы спяваем!”, “Зімовыя матывы”… І які тайландзец будзе маляваць на тэму зімовых матываў, калі ў Тайландзе наогул няма зімы ў нашым разуменні?! Або які юны мастак з Мазамбіка ці Марока наогул чуў пра існаванне такога шэдэўра старажытнага рускага эпасу, як “Слова пра паход Ігаравы”?! І хоць у гісторыі конкурсу “На сваёй зямлі” здараліся і працягваюць здарацца розныя сюрпрызы, усё ж ключ да разумення яго сутнасці вызначаюць яны — свая зямля, свая сям’я, свае матывы. І менавіта гэтай прывязкай да нацыянальных традыцый конкурс “На сваёй зямлі” ўжо 10 гадоў і выклікае цікавасць.
Адносна дынамікі развіцця конкурсу ў сэнсе творчых пошукаў яго ўдзельнікаў сябар журы вядомы айчынны жывапісец Ягор Батальёнак адзначае, што апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да павелічэння ўплыву сучаснага дарослага мастацтва на творчасць юных мастакоў. “Гэта, напэўна, тлумачыцца найперш светапоглядам маладых педагогаў-мастакоў, якія займаюцца з дзецьмі, — разважае Ягор Ягоравіч. — І тут мы можам гаварыць пра ўсё большую і большую смеласць у каларыстыцы твораў юных мастакоў, пэўную экстравагантнасць у іх творчасці, што іншым разам выглядае зусім ненатуральным для дзяцей. І тады, калі мы бачым у работах такое перабольшванне, нават адразу адхіляем іх ад удзелу ў конкурсе. Бо ў прынцыпе для мастака-пачаткоўца, як і для мастака-прафесіянала, самае важнае, каб гэта быў не проста чалавек, які малюе, захапляючыся гэтым светам, але і хоча гэта перадаць. Тут важна, каб асоба мастака, з аднаго боку, шукала сваё “я”, а з другога — усё ж не адрывалася ад рэальнага жыцця. Калі мастак зацыкліваецца толькі на самім сабе, тады ён да пэўных межаў узрастае, а потым спыняецца ў развіцці і пачынае, як кажуць, высмоктваць з пальца. І, безумоўна, сувязь з жыццём будзе ў дзіцяці тады, калі да гэтага яго скіроўвае выкладчык, у тым ліку арганізоўваючы пленэры, экскурсіі, дзе дзеці бачаць жыццё. Я, напрыклад, памятаю, быў пэўны перыяд у гісторыі нашага конкурсу, калі дзеці, асабліва дзяўчаты-падлеткі, дзясяткамі і нават сотнямі дасылалі нам малюнкі з прыблізна аднолькавым матывам: сядзіць дзяўчына і самотна глядзіць у акно, залітае месячным ззяннем… Нам, журы, было адначасова і крыху смешна, і горка глядзець на ўсё гэта. Юначая рамантыка ператваралася ў такіх творах проста ў мастацкую банальнасць”.
Ягор Батальёнак звяртае асаблівую ўвагу на тэмы, сфармуляваныя для конкурсу, і на паняцце тэмы ў мастацтве наогул. На яго думку, гэта якраз вельмі добра, што арганізатары прапанавалі дзецям паразважаць наконт гістарычных, літаратурных, этнаграфічных пытанняў (тут сёння ёсць вельмі многа прабелаў нават у дарослым прафесійным мастацтве, не кажучы ўжо пра дзіцячае). Але настаўнікі робяць вялікую памылку, калі, інфармуючы дзяцей пра той ці іншы мастацкі конкурс, кажуць ім: “Так, дзеці, вы ўжо ведаеце тэмы конкурсу. Сядаем і малюем!” Так ні ў якім разе нельга рабіць, упэўнены мастак: “Ва ўсёй школе можа знайсціся толькі адзін ці два вучні, якім будзе блізкая тая ці іншая тэма і якія ўсур’ёз змогуць на яе адгукнуцца. І тады будзе сапраўдны плён — плён не столькі для конкурсу, колькі для самога дзіцяці, яго духоўнага і эстэтычнага развіцця… І ўвогуле, што такое тэма для мастака, і маладога, і сталага? Якой тэмай была тэма Веласкеса, Ван Гога, Гагена?.. Гэта не нейкая канкрэтная тэматычная лінія, якую праводзілі яны ў сваіх творах. Гэта іх светапогляд. Тэма для мастака — гэта тое, чым хоча ён падзяліцца з
людзьмі, адштурхоўваючыся ад самых розных з’яў і рэчаў”.
Мастацкі конкурс жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” пачынаўся ў 2006 годзе, і спачатку ён быў рэспубліканскім. Паступова пашыралася яго геаграфія (было і 10, і 15, і 20 краін-удзельніц), выкрышталізоўваліся мастацкія асяродкі-лідары, якія задавалі тон іншым (скажам, у Расіі — гэта Омская мастацкая школа, у нас — дзіцячыя школы мастацтваў у Слуцку, Салігорску, мінская дзіцячая мастацкая школа № 1 і інш.). Але заставалася адным гэта — “На сваёй зямлі”. Гэта нават не тэма, як падказваюць развагі Ягора Батальёнка. Проста адштурхнуўшыся ад яе, ад сваёй зямлі, юныя мастакі могуць скочыць — увысь, наперад, нават назад (калі гаворка ідзе пра паглыбленне ў гісторыю). І — знайсці-такі сваю тэму.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.