Адшукваюцца… дрэвы

Асобныя ўнікальныя дрэвы-доўгажыхары і высокаўзроставыя насаджэнні з’яўляюцца эталонамі відаў, захавальнікамі каштоўнай дэндрахраналагічнай інфармацыі, неад’емнай часткай і важным кампанентам прыроднага ландшафту, паказчыкам біялагічнай разнастайнасці асобнай мясцовасці, краіны і Зямлі ў цэлым.

У 2016 годзе па ініцыятыве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стартаваў праект па выяўленні, уліку і ацэнцы стану рэдкіх, унікальных і высокаўзроставых дрэў нашай краіны, фарміраванні іх базы даных для абвяшчэння дрэў і насаджэнняў, якія дасягнулі найбольшых памераў, помнікамі прыроды.

У 2017 годзе да праекта далучылася і Брэстчына. У адным з нумароў раённай газеты “Навіны Камянеччыны” быў змешчаны тэматычны матэрыял са спасылкай на вядомыя ўнікальныя дрэвы ў ваколіцах аграгарадка Відамля. Іх абследавала экспедыцыя Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі. У выніку адзін з дубоў увайшоў у рэспубліканскую базу даных.

Гэты праект вельмі зацікавіў адзінаццацікласнікаў Відамлянскай сярэдняй школы. Работа па выяўленні, вывучэнні і інвентарызацыі высокаўзроставых дрэў у ваколіцах Відамлі была працягнута. Маючы менш тэхнічных магчымасцей для вызначэння ўзросту і вышыні дрэў, але неабмежаваны час для вывучэння прыродных аб’ектаў, вучні склалі больш падрабязны рэестр дрэў на гэтай тэрыторыі, выявілі найбольш каштоўныя і цікавыя экзэмпляры і сфарміравалі базу даных.

На працягу 2017—2018 гадоў школьнікі вывучылі верагодна высокаўзроставыя дрэвы ў ваколіцах некалькіх вёсак. Пошукавая дзейнасць уключала збор звестак пра высокаўзроставыя дрэвы, распрацоўку маршруту экспедыцыі, іх інвентарызацыю, апрацоўку атрыманых даных, стварэнне карты высокаўзроставых і ўнікальных дрэў у ваколіцах аграгарадка.

Галоўным крытэрыем адбору з’яўлялася акружнасць ствала. Звесткі пра месцазнаходжанне адметных дрэў збіраліся шляхам апытання мясцовых жыхароў і па выніках ранейшых паходаў і экскурсій. Пры вывучэнні дрэў вызначаліся іх парода, вышыня, дыяметр, памер кроны і прыкладны ўзрост, адзначаліся хваробы, шкоднікі, механічныя пашкоджанні і ступень паражэння. На аснове аналізу атрыманых даных вызначаліся дрэвы, якія можна аднесці да высокаўзроставых, распрацоўваліся рэкамендацыі па іх ахове, вывучаліся месцы іх росту ў гістарычным кантэксце.

Сённяшняя база даных высокаўзроставых дрэў у ваколіцах аграгарадка Відамля змяшчае інфармацыю пра 9 з іх. Створана інтэрактыўная карта са свабодным доступам у інтэрнэце (https://drive.google.com/openid=1VdYDzHHq1luwlYbrNpaVg0H0CXQ3bmk0&usp=sharing). Звесткі пра абследаваныя дрэвы перададзены ў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі. Адтуль прыйшоў адказ, што дрэвы, абследаваныя школьнікамі, будуць уключаны ў базу асабліва каштоўных дрэў краіны.

У Відамлянскі сельсавет унесена прапанова пра добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол двух высокаўзроставых дубоў, якія знаходзяцца на веламаршруце “Відамля — Чарнаўчыцы: серпанцін здароўя”.

Школьнікі плануюць прадоўжыць работу па вывучэнні высокаўзроставых і ўнікальных дрэў для фарміравання базы даных па ўсёй тэрыторыі сельсавета.

Ірына НАШЧЫНЕЦ,
настаўніца геаграфіі Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.