Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава паставіла задачу ліквідаваць запазычанасць па заработнай плаце ў Мінску. Аб гэтым яна заявіла на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.
“Запазычанасці па выплаце заработнай платы ў Мінску быць не павінна. Выплата зарплаты павінна быць у прыярытэце для кожнага кіраўніка”, — запатрабавала Наталля Качанава. Паводле яе слоў, у краіне ёсць вобласці з высокім працэнтам сельгасарганізацый, якія не маюць на працягу года запазычанасці па выплаце заработнай платы, у той час як у Мінску сканцэнтравана значная колькасць вядучых арганізацый будаўнічай галіны.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта даручыла звярнуць асаблівую ўвагу на выплату заработнай платы ў сталіцы ў тым ліку ў сувязі з набліжэннем калядных і навагодніх свят.
Як паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч, па стане на 24 лістапада, за кастрычнік бягучага года ў Мінску мелі цяжкасці з выплатай заработнай платы 22 арганізацыі. Агульная сума запазычанасці — Br4,6 млн. Палова з гэтых арганізацый падведамныя Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва. “Адпаведная інфармацыя перададзена ў Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Акрамя таго, органамі пракуратуры ў сувязі з выяўленымі фактамі штомесяц прымаюцца меры”, — праінфармавала яна. Таксама, паводле яе слоў, адносна асобных кіраўнікоў накіраваны пісьмы аб неадпаведнасці пасадзе, якую яны займаюць, за хранічную нявыплату зарплаты.
Па выніках работы за студзень-кастрычнік 2017 года намінальная сярэднямесячная заработная плата ў Мінску склалася на ўзроўні Br1110,6, у тым ліку за кастрычнік — Br1151,3. План-графік росту заработнай платы ў сталіцы выконваецца, тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) за студзень-верасень склаў 102,4 працэнта пры тэмпе росту рэальнай заработнай платы 103 працэнты. Апярэджанне тэмпаў ВРП над тэмпамі росту рэальнай заработнай платы назіраецца ў сферы апрацоўчай прамысловасці, будаўніцтва, транспартнай дзейнасці, інфарматызацыі і сувязі, а таксама аховы здароўя. Работа па выплаце заработнай платы знаходзіцца на кантролі.
У час нарады Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу кіраўнікоў рознага ўзроўню на неабходнасць маніторынгу цэн у Мінску і недапушчэння іх неапраўданага росту.
Наталля Качанава таксама адзначыла, што раней ужо выказвала прапанову аб распрацоўцы плана эстэтызацыі гарадскога асяроддзя Мінска. Актуальнасці гэтая работа не страчвае. “Кожны суб’ект гаспадарання павінен звярнуць увагу на фасад свайго будынка, прылеглую тэрыторыю, рэкламу, якая павінна быць эстэтычнай, — запатрабавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Займіцеся падсветкай горада. Напрыклад, для жылога дома можа быць адзін від падсветкі, для суб’ектаў гаспадарання — іншы. Але гэта павінна гарманічна і прыгожа выглядаць у гарадскім інтэр’еры. Трэба звярнуць увагу і на знешнюю рэкламу. Тыя ж білборды дзесьці ўжо састарэлі і не нясуць ніякай інфармацыйнай нагрузкі. Няма нічога складанага, каб зрабіць у горадзе прыгожую рэкламу”. Яна лічыць, што галоўная роля ў вырашэнні гэтых пытанняў належыць кіраўнікам адміністрацый раёнаў Мінска.
Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць дасканалай падрыхтоўкі сталіцы да калядных і навагодніх свят.
Закранаючы іншыя прынцыповыя пытанні развіцця беларускай сталіцы, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта нагадала аб неабходнасці ўводу ў эксплуатацыю ўсіх даўгабудаў у 2018 годзе, навядзення парадку ў прыватным сектары. Ад кіраўнікоў рознага ўзроўню Наталля Качанава запатрабавала ўдзяляць асаблівую ўвагу зваротам грамадзян, прычым не толькі тым, якія напісаны або паступілі ў час асабістага прыёму, але і зваротам на сайтах, у сродках масавай інфармацыі. “Адсочвайце іх, інфармуйце грамадзян, вырашайце пытанні, якія задаюцца. Гэта твар горада Мінска і ўлады, якая тут працуе”, — рэзюмавала яна.