Адценні адпачынку

Многія школы можна пазнаць па той выхаваўчай рабоце, якую яны праводзяць у сваіх сценах у шосты школьны дзень. Свой асаблівы стыль, безумоўна, маюць мерапрыемствы школ мастацкага напрамку. Педагогі сярэдняй школы № 2 Магілёва, адзінай у рэгіёне, дзе вучацца юныя малевічы, на працягу ўсяго навучальнага года праводзяць цэлы комплекс суботніх мерапрыемстваў для тых, хто мае самыя дружалюбныя стасункі з аркушам і фарбамі. Дарэчы, на працягу некалькіх апошніх гадоў школа традыцыйна ў лідарах па выхаваўчай рабоце як раённага, так і гарадскога маштабу.

Які ў чайніка характар?

“Навучанне ў класах з факультатывамі мастацкай накіраванасці — гэта новы этап у жыцці кожнага пяцікласніка, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна Гаўрыленка, намеснік дырэктара па мастацкім кірунку. — У кожнай паралелі ў нас абавязкова два-тры такія класы, і большасць навучэнцаў плануюць у будучым прафесійна займацца дызайнам, архітэктурай, народнымі рамёствамі і інш. У нашай школе заняткі праводзяцца ў вельмі маленькіх групах — па тры-шэсць чалавек, і, канечне, дзецям хочацца праявіць сябе па-за ўрокамі і факультатыўнымі заняткамі, у нязмушанай абстаноўцы. Таму мы і праводзім для іх такія мерапрыемствы, дзе яны могуць адчуць сябе часткай вялікага калектыву, прыняць удзел у маштабных святах, школьных і гарадскіх”.
У комплексе гэтых мерапрыемстваў на працягу навучальнага года задзейнічана сярэдняя і старшая школа. І распачынаецца ён галоўным святам для пяцікласнікаў — “Пасвячэннем у мастакі”, якое традыцыйна праходзіць у школе ці ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава. Па традыцыях школы, у гэты этап пяцікласнікаў уводзяць вучні 9-х класаў, яны ж — і вядучыя мерапрыемства. На свята запрашаюцца бацькі наваспечаных мастакоў. Незвычайны персанаж свята — фантазійны вобраз Кляксы. У яе ролі сёлета выступіла вучаніца 9 “Б” класа Настасся Шыла. Дзякуючы яе вобразу свята атрымалася яшчэ больш цікавым і вясёлым. Для каманд “Фантазёры” і “Майстар-клас” была падрыхтавана творчая праграма, у якой прынялі ўдзел вучні школы, і, канечне, у іх саміх была магчымасць паўдзельнічаць у праграме падчас самых розных творчых заданняў”.
Напрыклад, падчас задання “З плямы” дзецям неабходна было стварыць вобраз, захаваўшы абрысы самой плямы. Так, у хлопчыкаў і дзяўчынак пляма ператваралася ў жывёл, насякомых, казачных і мультыплікацыйных герояў, сярод іх, напрыклад, аказалася прынцэса Пупырка. Падчас выканання задання “Метамарфозы” перад дзецьмі з’явіўся звычайны чайнік, які трэба было ажывіць. Так, пасля магічных трукаў юных чарадзеяў чайнікі набывалі звычайныя чалавечыя характары: адзін стаў вясёлым, бадзёрым, другі — апусціў нос і раптам стаў сумным, крыху сарамлівым. Уменне працаваць з рознымі колерамі дзеці прадэманстравалі падчас задання “Цёплае і халоднае”. А кульмінацыяй пасвячэння стала ўрачыстае прыняцце клятвы і ўручэнне грамат, якія ўласнаручна намалявалі іх калегі з 9-х класаў.

Паэзія пэндзлем і пастэллю

У гэтай школе нават традыцыйныя для ўсіх школ мерапрыемствы маюць уласны почырк і праходзяць адмыслова. Так, нядаўна адно са шматлікіх мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага цыкла “Я — Беларусь” прайшло для 8-9 класаў. Усё, пачынаючы ад вобраза вядучага Васіля Васілінкі і заканчваючы творчымі заданнямі, падкрэслівала нацыянальную прыналежнасць школьнікаў. Гэта можа толькі падацца лёгкім, скажам, спаборніцтва ў перакладзе тэрмінаў мастацкай накіраванасці з рускай мовы на беларускую. Часта, калі трэба адказаць хутка, бывае складана на роднай мове назваць “ластик”, “кисть”, “зодчий”, “холст” ці перакласці колеры, адценні. Традыцыйна цікава праходзіць заданне “Беларуская выцінанка”, бо трэба зрабіць яе не толькі хутчэй за ўсіх, але і абысці сапернікаў у такім філігранным майстэрстве, захаваць яго традыцыі. Заданне “Адгадай нацыянальнае свята” (дзеці загадзя малююць сюжэты на палотнах) таксама цікавае, але складанасцей, дзякуючы мастацкім талентам канкурсантаў, яно амаль не выклікае: Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Вялікдзень, Вербная нядзеля ўгадваюцца адразу. Таму, каб ускладніць заданне сапернікам, аўтары спецыяльна выконваюць іх у вобразах. Падчас задання “Малюем пейзаж” Васіль Васілінка чытаў урывак “Мой родны кут…” з “Новай зямлі” Якуба Коласа. Па два чалавекі ад каманд пастэллю малявалі тое, што пачулі ці адчулі. Сваю фантазію яны прадэмастравалі на абароне работ.
Самая ўрадлівая на творчыя мерапрыемствы — зіма. У гэтай школе распачынаюць работу кірмашы ўласнаствораных сувеніраў, выставы, гульні. Юныя мастакі ў арт-аб’екты ператвараюць не толькі традыцыйныя ёлкі, але і аксесуары, абутак. Сёлета цікавым быў конкурс на лепшага дызайнера валёнкаў і рукавіц. Асабліва відовішчна тут праходзіць маскарад. Літаральна кожны касцюм — выбух фантазіі, мастацкага густу і, безумоўна, майстэрства.

Пагружэнне ў прафесію

Стварэнне касцюмаў увогуле значны складнік для кожнага навучэнца гэтай школы. Многія выпускнікі, як паказвае практыка, у будучым займаюцца гэтай справай прафесійна. Што ж гэта за прафесіі? Наколькі цікава гэтым займацца? Дзе можна атрымаць прафесійную адукацыю? Пра гэта старшакласнікі больш падрабязна даведваюцца кожную вясну, калі ў школе праводзіцца цэлы шэраг мерапрыемстваў з цыкла “Пагружэнне ў прафесію”. Гэта інтэрнэт-экскурсіі ў навучальныя ўстановы з мастацкім профілем, выязныя рэпартажы, і, канечне, прымерванне ўласна прафесій.
“З гэтай мэтай мы падтрымліваем сувязі з тэатрамі горада — тэатрам лялек, драматычным тэатрам, а таксама бутафорскімі майстэрнямі, дзе дзеці на свае вочы бачаць, як працуюць мастакі па касцюмах, мастакі па дэкарацыях, мастакі-афарміцелі, і спрабуюць у гэтых справах свае сілы, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Мікалаеўна Аляксейчыкава. — Напрыклад, нядаўна дзеці разам з прафесіяналамі стваралі касцюмы для акцёраў тэатра. І касцюм Царэўны-лебедзя, думаю, з задавальненнем апранула б нават самая патрабавальная актрыса”.
Напрыканцы сакавіка для тых, хто плануе паступаць у архітэктурна-будаўнічы каледж, была арганізавана экскурсія ў гэтую ўстанову. Сёлета іх было 12 чалавек. “Архітэктурна-будаўнічы каледж — першая прыступка ў авалоданні будучай спецыяльнасцю, — гаворыць Тамара Уладзіміраўна Шараметава, настаўніца выяўленчага мастацтва. — І для старшакласнікаў была вельмі карыснай сустрэча з Вольгай Васільеўнай Кожыч, выкладчыкам архітэктурных дысцыплін. Яна адказала на тыя пытанні, якія турбуюць навучэнцаў, — яны тычыліся і сакрэтаў майстэрства, і запатрабаванасці прафесіі, і аплаты гэтай працы — і многія іншыя. Вялікае ўражанне выклікала выстава дыпломных работ выпускнікоў каледжа. Цікава прайшла сустрэча з навучэнцамі ў макетных майстэрнях”.

Школа для дашкольнікаў

Каб у старшых класах было больш матываваных вучняў, трэба, каб у школу, у першы клас прыходзілі таленавітыя дзеці. Менавіта на выяўленне дзяцей, якія маюць мастацкія здольнасці, штогод накіраваны сакавіцкія суботы ў школе. “Горад маёй мары” — такую назву атрымаў конкурс дзіцячага малюнка, арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць школа і ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама. Будучых малевічаў педагогі школы шукаюць не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садках горада, якіх, дарэчы, больш за сто.
“Мэта конкурсу ўзгоднена з агульнай накіраванасцю шэрага гарадскіх мерапрыемстваў, прысвечаных Году гасціннасці і прасоўванню глабальнай ініцыятывы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) “Горад, дружалюбны да дзяцей”, — гаворыць настаўніца дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ларыса Аляксандраўна Якаўлева. — Акрамя таго, выяўленне і развіццё творчага патэнцыялу выхаванцаў дзіцячых садкоў і навучэнцаў нашага горада — важная задача для нашай школы. Бо кожны юны талент можа стаць дастойным наследнікам і прадаўжальнікам добрых традыцый нашай школы — старэйшай установы адукацыі Магілёва”.
У першым этапе конкурсу ўдзел прымалі навучэнцы магілёўскіх школ. У суботу ў школе сабраліся 148 лепшых мастакоў — навучэнцаў 1—6 класаў. У сваіх творчых работах яны прадставілі прагулку: хто — па горадзе, хто — па парку атракцыёнаў, хто — па святочных вуліцах. Некаторыя дзеці ўжо прымалі ўдзел у гарадскім конкурсе “Горад, у якім я жыву”. Асабліва добра зарэкамендавала сябе Аляксандра Міхасёва, навучэнка 2 класа сярэдняй школы № 19, якая ўжо другі год займае 1 месца і з яе творчасцю знаёмы і педагогі, і навучэнцы сярэдняй школы № 2.
А вось у другім этапе ўдзел прымалі навічкі — дзеці са старшых і падрыхтоўчых груп дашкольных устаноў. Настаўнікі школы самі адправіліся да іх ў садкі: самыя заўзятыя мастакі малявалі добрых і злых казачных герояў. Аўтары лепшых работ і іх бацькі атрымалі запрашэнні ў школу на наступны этап. Так, у апошнюю сакавіцкую суботу школа гасцінна расчыніла свае дзверы для 167 дашкольнікаў і іх татаў і мам. Для юных канкурсантаў гэта быў першы іспыт гарадскога маштабу. Каб малышы не хваляваліся, вучні і настаўнікі ўжо з парога пастараліся стварыць атмасферу свята. Яшчэ не стаўшы вучнямі, дзеці з задавальненнем і цікаўнасцю расселіся за “дарослыя парты”. І няхай іх маленькія ножкі яшчэ не дастаюць да падлогі, але як толькі яны ўзяліся за пэндзлі і палітры, адразу адчулі сябе сапраўднымі мастакамі. Пакуль маленькія канкурсанты тварылі, бацькі атрымлівалі асалоду ад артыстычнага майстэрства навучэнцаў школы, знаёміліся са школай, яе дзейнасцю, самымі творчымі дзецьмі. І, канечне, прызёры атрымалі ўзнагароды: дыпломы, керамічныя медалі ручной работы і падарункі. “Да сустрэчы” — менавіта так развітваліся з настаўнікамі школы юныя мастакі-канкурсанты. Многія з іх абавязкова паспрабуюць свае творчыя сілы ў наступным годзе, бо конкурс “Горад маёй мары” стаў ужо добрай традыцыяй. А нехта прыйдзе ў гэтую школу яшчэ раней — ужо ў верасні, апрануўшы школьную форму, з гордасцю прынясе школьны ранец.

 

Святлана НІКІФАРАВА.