Адукацыі для будучыні

- 14:58Навука і інавацыі

У сярэдняй школе № 1 Драгічына адкрыўся STEM-цэнтр, дзякуючы якому вучні змогуць у дадатак да іншых урокаў займацца праграмаваннем, робататэхнікай, 3D-мадэляваннем, дакладнымі і прыродазнаўчымі навукамі, развіваць навыкі інжынернай творчасці, прычым абсалютна бясплатна. Ва ўрачыстым адкрыцці STEM-цэнтра ўдзельнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс, дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій У.В.Янчэўскі, старшыня праўлення і дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Д.А.Гурскі і А.В.Хоміч.

— Без ІТ-тэхналогій немагчыма ўявіць сучасны свет, у якім вельмі запатрабаваны спецыялісты новага пакалення, здольныя паспяхова вырашаць вытворчыя задачы ў розных галінах эканомікі, — адзначыў А.В.Ліс. — Задача школы — падрыхтаваць моладзь да жыцця і работы ў лічбавую эпоху.

У.В.Янчэўскі падзякаваў настаўнікам за велізарную працу, дзякуючы якой іх таленавітыя і мэтанакіраваныя вучні ствараюць затым інтэлектуальны прадукт, запатрабаваны за мяжой. Усевалад Вячаслававіч запэўніў, што рэзідэнты ПВТ будуць актыўна дапамагаць установам адукацыі краіны, каб у агульных інтарэсах павышаць якасць ведаў школьнікаў.

— Толькі высокаадукаваны чалавек можа быць паспяховым у сучасным свеце. І для гэтага зусім неабавязкова шукаць шчасце ў іншай краіне. Айчынная ІТ-сфера — выдатнае месца для самарэалізацыі, — дадаў Д.А.Гурскі.

Сярэдняя школа № 1 Драгічына атрымала STEM-цэнтр па выніках конкурсу “Хачу вучыцца ў STEM-класе!”, арганізаваным асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Вучнёўскі праект, звязаны з выкарыстаннем пластыку ў якасці дабаўкі пры вытворчасці асфальту на мясцовым асфальтабетонным заводзе, заняў адно з 10 прызавых месцаў. Спонсарам STEM-цэнтра, які стаў 8-м па ліку на Брэстчыне, выступіў сузаснавальнік кампаніі MSQRD Яўген Неўгень. Акрамя Драгічына, такія цэнтры ўжо дзейнічаюць у Брэсце, Пінску, Баранавічах і Пружанах. У Беларусі іх ужо больш за 20.

— STEM-клас арганізаваны не так, як звычайныя школьныя кабінеты, — расказаў А.В.Хоміч. — Модульная мэбля дазваляе хутка трансфармаваць прастору для заняткаў у групах і камандах ці для індывідуальнай работы. Ёсць зона для работы за камп’ютарамі, для тэсціравання робатаў і нават для адпачынку і зносін.

STEM-адукацыя аб’ядноўвае дакладныя навукі, сучасныя тэхналогіі, інжынерыю, дапамагае выхоўваць у дзяцей даследчае і інжынернае мысленне. На занятках у STEM-цэнтрах вучні пад кіраўніцтвам спецыяльна падрыхтаваных педагогаў распрацоўваюць даследчыя праекты па актуальных праблемах, у тым ліку сваіх рэгіёнаў, выкарыстоўваючы для гэтага веды з розных галін. Так, праз робататэхніку і праграмаванне дзеці на практыцы вывучаюць фізіку і матэматыку. Больш за тое, бачаць вынікі сваёй работы, напрыклад, робатаў, з якімі могуць паехаць на міжнародныя спаборніцтвы. 

Плануецца, што да канца 2020 года ў Беларусі будуць дзейнічаць 100 STEM-цэнтраў, у якіх з’явяцца новыя адукацыйныя напрамкі: машыннае навучанне, штучны інтэлект, мастацтва, дызайн і FinTech. Акрамя таго, школьнікі будуць вывучаць ІТ-тэхналогіі ў хіміі, біялогіі і медыцыне.

Драгічынскую школу наведалі педагогі-практыкі, якія прымяняюць у сваёй рабоце STEM-падыход, і куратары іншых STEM-цэнтраў краіны, якія падзяліліся з калегамі вопытам выкарыстання STEM-канцэпцыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэнні матывацыі дзяцей і інш. Вучні прэзентавалі гасцям шэраг цікавых праектаў. Так, адзінаццацікласнік Яўген Кульбеда расказаў пра перавагі аўтаматызаванай сістэмы ўліку школьнага харчавання.

Надзвычай пазнавальнай і карыснай атрымалася сустрэча школьнікаў з прадстаўнікамі ІТ-індустрыі, якія прыехалі не толькі падтрымаць і натхніць іх на цікавыя даследаванні і распрацоўкі, але і расказаць пра перспектывы развіцця ІТ-галіны і сучасны рынак ІТ-паслуг, а таксама пра навыкі, неабходныя для паспяховай рэалізацыі прафесійных праектаў. Старшакласнікі з першых вуснаў даведаліся аб прафесіях у ІТ-сферы і патрабаваннях да атрымання адпаведных спецыяльнасцей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.