Адукацыйная служба падвяла папярэднія вынікі адзінага дзяржэкзамену

- 14:29Паралелі, Рознае

Федэральная служба па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі падвяла папярэднія вынікі адзінага дзяржаўнага экзамену. Колькасць стобальнікаў па некаторых прадметах зменшылася ў дзясяткі разоў у параўнанні з мінулым годам. Паніжаны мінімальны парог ацэнкі за АДЭ па рускай мове і матэматыцы. Аб’ектыўнасць экзамену сёлета паказала, як завышаліся вынікі АДЭ ў мінулыя гады. Зараз галоўнае, адзначаюць у ведамстве, утрымаць сумленнасць экзамену ў далейшым.

Кіраўніцтва Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі абвясціла папярэднія вынікі АДЭ. Следам за мінімальным парогам ацэнкі па рускай мове, які быў зніжаны з 36 да 24 балаў, зменшыўся і парог па матэматыцы — з 24 да 20 балаў. Гэта зроблена для таго, каб колькасць школьнікаў, якія не атрымалі атэстат, захавалася на ўзроўні мінулых гадоў. Па словах кіраўніцтва службы, у мінулыя гады атэстат не атрымалі каля 1,5% выпускнікоў.
“Рашэнні аб зніжэнні мінімальных межаў былі прыняты пасля таго, як мы ўбачылі вынікі экзаменаў, — сказаў кіраўнік ведамства Сяргей Краўцоў. — Мы не маглі пакінуць іх ранейшымі, таму што многія выпускнікі засталіся б без атэстатаў. Тыя рэгіёны, якія сказалі, што правядуць АДЭ аб’ектыўна, паколькі хочуць ведаць аб’ектыўную сітуацыю, убачылі рэальную карціну, таму мы і былі вымушаны пайсці на гэты крок, каб знізіць сацыяльнае напружанне”.

С.Краўцоў таксама паведаміў, што сёлета сярэдні бал на адзіным дзяржаўным экзамене па рускай мове ў параўнанні з мінулым годам знізіўся з 64 да 62,5 бала, колькасць высакабалавых работ (80—100 балаў) склала 13,2% (летась было 14%).
Яшчэ адной прычынай зніжэння колькасці балаў, акрамя відавочнай, — аб’ектыўнасці экзамену — была надзея школьнікаў і настаўнікаў на тое, што атрымаецца спісаць гэтак жа, як і ў мінулым годзе.
“Многія выпускнікі спадзяваліся, што і сёлета ў інтэрнэце будуць рэальныя адказы, арыентуючыся на мінулы год. Хтосьці чакаў, што можна будзе ўзяць мабільныя тэлефоны, паглядзець фатаграфіі выкладзеных у сетцы кантрольна-вымяральных матэрыялаў (КВМ), потым каму-небудзь патэлефанаваць і даведацца пра адказы. Але нічога з гэтага не атрымалася”, — гаворыць С.Краўцоў.
Былі нават цэлыя рэгіёны, якія чакалі ўцечак. “У некаторых рэгіёнах на руках былі фальшывыя КВМы, якія купілі ў інтэрнэце. Нам паступалі званкі за дзень да іспыту, што ў пэўнай школе ў пэўным рэгіёне выпускнікі з настаўнікамі ледзь не ўсю ноч рашалі гэтыя заданні. У выніку дзеці прыходзілі сонныя на экзамен, бегалі ў туалет, каб зверыць свае КВМы з тымі, што яны рашалі ноччу. Яны не супадалі, школьнікам даводзілася рабіць свае заданні, але час ужо быў страчаны. Гэта стала прычынай такіх нізкіх балаў па АДЭ”, — патлумачыў намеснік кіраўніка службы Анзор Музаеў.

Па словах Сяргея Краўцова, цяпер галоўная задача — змяніць стаўленне школьнікаў да таго, як праходзіць экзамен. “Сутнасць у тым, каб паказаць аб’ектыўныя веды школьнікаў. Так што пытанне не ў тым, колькі шпаргалак было выяўлена, а ў тым, каб навучыць школьнікаў разлічваць на свае веды. А таксама трэба пераканаць іх, што АДЭ не такі страшны, як пра яго кажуць. Мне вельмі цяжка размаўляць пра ануляваныя работы, таму што за кожнай стаіць пэўнае дзіця. Але мы вымушаны гэта рабіць, бо інакш сітуацыя на АДЭ была б такая ж, як летась”, — падкрэсліў ён.
Нагадаем, што ў гэтым годзе былі ануляваны работы больш за 1000 школьнікаў за выкарыстанне шпаргалак і мабільных тэлефонаў. Сяргей Краўцоў раскрыў яшчэ некаторыя падрабязнасці сёлетняга правядзення экзамену. Высветлілася, што распрацоўшчыкі кантрольна-вымяральных матэрыялаў у гэтым годзе “пераехалі” ў іншы будынак. У праграмістаў не было доступу да іх. Распрацоўшчыкі знаходзіліся ў кабінетах пад відэаназіраннем, дзе ім забаронена было карыстацца мабільнымі тэлефонамі.
Усе запісы з камер відэаназірання, усталяваных у аўдыторыях, будуць захоўвацца тры месяцы пасля іспыту. “Калі мы на працягу гэтага часу выявім факты, што нехта спісваў на экзамене, то зможам ануляваць вынікі. Калі выпускнік паступіў у ВНУ, то мы накіруем туды адпаведны ліст, што былі недакладныя вынікі іспыту”, — паведаміў Анзор Музаеў.

Ужо з наступнага навучальнага года школьнікі некаторых рэгіёнаў будуць мець магчымасць здаваць АДЭ ў незалежных цэнтрах здачы. Гэта зроблена для таго, каб зда-ваць экзамены па прадметах, курс якіх скончыўся ў 10-м класе (геаграфія), адразу ж, а таксама каб школьнікі атрымалі магчымасць для дадатковай пераздачы АДЭ. “У незалежных цэнтрах здачы АДЭ будзе праводзіцца гэтак жа, як ён праходзіў сёлета, — з відэаназіраннем, забаронай на мабільныя прылады. Гэтыя цэнтры будуць незалежнымі ад сістэмы адукацыі. Калі раптам стане вядома, што ў пункце былі нейкія парушэнні, то ўсе вынікі экзаменаў, праведзеных у гэтым цэнтры, анулююць, а сам пункт закрыюць”, — паабяцаў С.Краўцоў.
Упершыню за доўгія гады АДЭ прайшоў сумленна. Гэта прызнаюць і самі прадстаўнікі Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі. Экзамен паказаў аб’ектыўны ўзровень ведаў цяперашніх школьнікаў. Відавочна, што вынікі АДЭ мінулых гадоў рэальнай карціны не паказвалі з-за многіх фактараў. Адным з іх была ацэнка правядзення экзамену кіраўнікамі рэгіёнаў. Некаторыя губернатары проста прымушалі мясцовыя аддзелы адукацыі і школьных настаўнікаў дапамагаць у здачы АДЭ школьнікам, каб вынікі былі вышэй.

Зараз і прадстаўнікі Федэральнай службы, і міністр адукацыі і навукі Дзмітрый Ліванаў гавораць аб тым, што трэба працягнуць разгружаць АДЭ, — неабходна перастаць ацэньваць па выніках экзаменаў і школы, і настаўнікаў.
Перад органамі адукацыі паўстае яшчэ адно пытанне: што будзе са школьнікамі, якія атрымалі нізкія балы па АДЭ? “Нам ужо зараз з рэгіёнаў дакладваюць, што дзевяцікласнікі, разумеючы, што іх чакае цяпер на АДЭ, збіраюцца паступаць у прафтэхвучылішчы, а не ісці ў 10 клас”, — гаворыць Анзор Музаеў. Ведамства працягне аналізаваць гэтую сітуацыю.
Акрамя таго, ёсць верагоднасць, што ВНУ сёлета знізяць прахадны бал з-за змяншэння агульнага ўзроўню балаў па АДЭ.

Так, у гэтым годзе на 100 балаў экзамен па матэматыцы напісалі 64 чалавекі, а ў 2013 годзе іх было 536.
Летась дырэктар Маскоўскага цэнтра бесперапыннай матэматычнай адукацыі Іван Яшчанка, падводзячы вынікі экзамену, паведаміў, што парушэнні на АДЭ ніяк не паўплывалі на тых дзяцей, якія набралі больш за 80 балаў, а значыць, прэтэндавалі на паступленне ў добрыя ВНУ. Мяркуючы па колькасці стабальнікаў сёлета, гэта відавочна не так, адзначае “Газета.Ru”.
Асноўная хваля АДЭ прайшла з 26 мая па 11 чэрвеня. АДЭ па рускай мове, што з’яўляецца адным з двух абавязковых экзаменаў, якія неабходна здаць для атрымання атэстата аб сярэдняй агульнай адукацыі, школьнікі здавалі 28 мая. У экзамене бралі ўдзел звыш 745 тысяч чалавек.