Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі — цэнтр метадычнай работы ў рэгіёне. Установа дзейнічае ў рамках мадэлі “Інстытут 4:0” на аснове стратэгічнай канцэпцыі самарэалізацыі асобы ва ўмовах бесперапыннай адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Наша ўстанова будуе дзейнасць у рамках мадэлі “Інстытут 4:0” на аснове стратэгічнай канцэпцыі самарэалізацыі асобы ва ўмовах бесперапыннай адукацыі, што дазваляе кожнаму педагогу сканструяваць уласную адукацыйную траекторыю для дасягнення найвышэйшай кропкі прафесіяналізму, поўнай і ўстойлівай прафесійнай самарэалізацыі, — адзначыла Святлана Антонаўна Сяргейка, рэктар ГрАІРА. — Канцэпцыя ўключае 4 падпраграмы, кожная з якіх рэалізуецца на кагнітыўным, дзейнасным, эмацыянальным і аксіялагічным узроўнях.
Першая накіравана на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі. Яна ўключае сістэму адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнцаў і педагогаў профільных педагагічных класаў і рэалізуецца ў цесным супрацоўніцтве з БДПУ. Штогод праводзіцца педагагічны форум “Педагагіяда”, педагагічныя экспрэсы, выставы вучэбна-метадычных знаходак і прэзентацыйных матэрыялаў педагагічных калектываў устаноў адукацыі вобласці, навукова-практычныя канферэнцыі. Прафарыентацыйная работа з навучэнцамі ўключае правядзенне педагагічнага злёту, конкурсу праектаў “Педагагічная прафесія: учора, сёння, заўтра”, адкрытага дыялогу “Школа будучыні: праблемы, знаходкі”, дзейнасць цэнтра прафесійнага кансультавання. Традыцыйнымі сталі навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў педкласаў “Адукацыя і моладзь. Навуковы пошук” і абласная педагагіяда “Дыялог вопыту і маладосці, навукі і практыкі”.
Аналагічна інстытут вядзе работу па метадычным суправаджэнні педагогаў, якія выкладаюць факультатыўныя заняткі ў класах аграрнай накіраванасці. Так, у 2018 годзе ўпершыню была створана адукацыйная платформа “АграКЛАС”, пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, з удзелам вядучых аграрных УВА краіны праводзіцца аграрна-педагагічнае мерапрыемства “Аграгіяда”. З 2019 года забяспечваецца работа профільнага аздараўленчага лагера “ПрафСТАРТ” для навучэнцаў класаў аграрнай і педагагічнай накіраванасці.
Другая падпраграма ўяўляе сабой комплекс адукацыйных мерапрыемстваў па прапедэўтычнай падтрымцы прафесійнага станаўлення маладых педагогаў і рэалізуецца ва ўзаемадзеянні з галіновым абкамам прафсаюза. Штогод інстытутам праводзяцца фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”. Працуюць школы маладога педагога “Формула поспеху” і маладога спецыяліста для педагогаў устаноў ССА, педагагічныя майстэрні для настаўнікаў са стажам да 2 гадоў “Педагагічныя рэцэпты падрыхтоўкі сучаснага ўрока, ці Як зрабіць урок эфектным і эфектыўным”. ГрАІРА ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне абласной прэміі грамадскіх арганізацый “Паспяховы старт” для маладых педагогаў сістэмы адукацыі вобласці, конкурсу на прысуджэнне прэміі “Лідар настаўніцтва”.
Новая запатрабаваная форма работы — “Дырэктарскае асяроддзе”. Гэта адукацыйны інтэнсіў для дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў анлайн-рэжыме.
Трэцяя падпраграма суправаджае прафесійнае развіццё педагогаў на працягу ўсёй кар’еры па 11 траекторыях іх росту ў прафесіі. Арганізуецца больш за 500 вучэбных курсаў, арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў. Пачынаючы з 2023 года штоквартальна праводзіцца матывацыйны вэбінар “Шлях да поспеху”.
Інстытутам распрацоўваюцца новыя формы выхаваўчых мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці.
За апошнія пяць гадоў рэалізавана 14 метадычных праектаў. Сёння ажыццяўляюцца два: “Лёс краіны ў руках настаўнікаў” і патрыятычны марафон працоўных спраў “А што ты зрабіў для Беларусі?”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Створана 12 рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні. Сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой з 2021 года інстытутам ініцыіраваны дзве прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта.
ГрАІРА распрацаваў новыя формы ўзаемадзеяння з бацькамі: абласную школу паспяховых бацькоў “ДАВЕР”, Telegram-канал “Паспяховае бацькоўства”, афіцыйны чат-бот па псіхолага-педагагічнай падтрымцы бацькоў “Апора”, кансультацыйны пункт “Бяспека дзяцей — наша агульная справа”.
Інстытутам ствараецца адукацыйна-прафесійная прастора для трансляцыі перадавога педагагічнага вопыту як у ходзе рэалізацыі праграм павышэння кваліфікацыі, так і ўдзелу ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, фестывалях, выставах, конкурсах. Распрацаваны электронны метадычны рэсурс “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на ўроку”.
Чацвёртая падпраграма накіравана на работу з кіруючымі кадрамі сістэмы адукацыі. Рэалізацыя яе забяспечваецца праз работу школы педагагічнага лідара для рэзерву кіруючых кадраў, клуба “Перспектыва” для дырэктараў УАСА са стажам работы да 3 гадоў, асацыяцыі кіраўнікоў УАСА вобласці, штомесячнай школы ідэалагічнай і выхаваўчай работы, школы для намеснікаў кіраўнікоў устаноў адукацыі, загадчыкаў і метадыстаў раённых вучэбна-метадычных кабінетаў.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва ГрАІРА