Адукацыйных кантактаў стала больш

Завяршыўся Год адукацыі Беларусі ў Кітаі. Работа, якую правялі нашы ўніверсітэты за гэты час, прынесла плён: колькасць адукацыйных кантактаў паміж дзвюма краінамі істотна павялічылася. Беларусь ведаюць у Кітаі, нашай адукацыі давяраюць — і гэта адлюстроўваецца ў лічбах.

Так, на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі БДУ колькасць кітайскіх слухачоў павялічылася сёлета амаль на 60%. Калі ў 2017/2018 го­дзе на падрыхтоўчае аддзяленне было залічана 239 грама­дзян КНР, у 2018/2019 — 400, то ў гэтым навучальным го­дзе — 635.

Як паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў, такі значны прырост абумоўлены ў першую чаргу актывізацыяй супрацоўніцтва з кітайскімі адукацыйнымі цэнтрамі ў рамках Года адукацыі Беларусі ў Кітаі.

— БДУ з’яўляецца лідарам у краіне ў сферы беларуска-кітайскіх адносін: у нас вучыцца самая вялікая коль­касць грамадзян Кітая (трэць ад агульнай колькасці), — паведаміў Канстанцін Уладзіміравіч. — На пастаяннай аснове функцыянуюць праграмы двух дыпломаў, шырока практыкуюцца акадэмічныя абмены, выконваецца вялікая колькасць сумесных навукова-тэхнічных праектаў.

Сёння БДУ ўзаемадзейнічае з універсітэтамі і навуковымі ўстановамі КНР у рамках 73 двухбаковых дакументаў (мемарандумаў, пагадненняў, праграм супрацоўніцтва), што складае больш за 12% ад агульнай колькасці ўсіх міжнародных пагадненняў БДУ.

2019 год стаў асабліва плённым для супрацоўніцтва БДУ з Далянскім політэхнічным універсітэтам (ДПУ): адкрыты Цэнтр вывучэння Беларусі і Вучэбна-навуковы інавацыйны цэнтр пры ДПУ, пачаў сваю дзейнасць сумесны інстытут БДУ — ДПУ пры Белдзяржуніверсітэце. (З 2017 года аналагічны сумесны інстытут працуе ў Даляні.)

У верасні сумесны інстытут у БДУ прыняў першых студэнтаў па спецыяльнасцях “Механіка і матэматычнае мадэляванне”, “Фізіка (вытворчая дзейнасць)”, “Сусветная эканоміка”. Маладыя беларусы ахвотна адгукнуліся на цікавую прапанову: прахадныя балы на бюджэтную форму навучання перавысілі 300 (на фізіку — 322), нават на платнай форме навучання сярэдні бал абітурыентаў складаў 280—290.

— Варта адзначыць, што ў двух сумесных інстытутах (у Даляні і Мінску) па праграме двайнога дыплома на першай ступені адукацыі вучыцца больш за 300 студэнтаў, — паведаміў Канстанцін Казадаеў. — Сёлета дасягнуты дамоўленасці аб адкрыцці ў сумесным інстытуце ў Даляні 5 сумесных магістарскіх праграм. Магчымасць атры­маць дыпломы адразу двух вядучых універсітэтаў Беларусі і Кітая адкрывае перад выпускнікамі вялікія кар’ерныя перспектывы.

Канстанцін КАЗАДАЕЎ:

“Работа ўсіх структур БДУ скіравана на тое, каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для замежных студэнтаў, дапамагчы ім хутчэй адаптавацца ва ўніверсітэце і ў краіне”.

Важным напрамкам работы сумесных інстытутаў з’яўляецца арганізацыя летніх і зімовых школ для кітайскіх і беларускіх студэнтаў. Так, у студзені 2019 года ў БДУ прайшла першая зімовая школа па фізіцы і матэматыцы. Кітайскія студэнты на базе фізічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў слухалі лекцыі прафесараў, выконвалі практычныя заданні, знаёміліся з універсітэтам і краінай. Акрамя таго, ім прапаноўвалася абараніць праект, які яны рабілі ў су­працоўніцтве са студэнтамі БДУ.

Летняя школа для беларускіх студэнтаў праходзіла ў сумесным інстытуце ў Даляні летам 2019 года. Праграма прадугледжвала лекцыі па сучасных праблемах прыкладной фізікі і механікі, наведванне даследчых лабараторый універсітэта. Таксама для студэнтаў БДУ была арганізавана культурная і экскурсійная праграма.

У верасні 2019 года, дзякуючы фінансавай дапамозе кітайскага боку, пераехаў у новы дом Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Чатырохпавярховы будынак плошчай 3,6 тысячы квадратных метраў у цэнтры Мінска капітальна адрамантаваны і аснашчаны інавацыйным абсталяваннем. У планах інстытута — стварэнне ўнікальнай бібліятэкі і адкрыццё магазіна кітайскай кнігі. Усё гэта дазволіць інстытуту стаць вядучым у краіне адукацыйна-культурным, навукова-даследчым і інфармацыйна-аналітычным цэнтрам кітаязнаўства.

— Рашэннем Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя наш інстытут, адзіны на постсавецкай прасторы, атрымаў ганаровае званне “ўзорны”, — паведаміў Канстанцін Казадаеў. — Такім чынам адзначаны яго поспехі ў арганізацыі навучання кітайскай мове і папулярызацыі кітайскай культуры ў рэгіёне.

Дарэчы

У БДУ вучыцца каля 3,7 тысячы замежных грамадзян амаль з 70 краін свету. Сярод іх — 474 магістранты, 129 аспірантаў і больш як 650 слухачоў факультэта даўніверсітэцкай адукацыі — будучых студэнтаў.

Сёння ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ працуюць больш за 40 высокакваліфікаваных беларускіх і кітайскіх спецыялістаў. У самім інстытуце, яго кабінетах і цэнтрах, створаных ва ўстановах адукацыі краіны, вучыцца каля 1800 слухачоў.

— Адным з паспяховых праектаў РІКК БДУ сталі двухгадовыя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў кітайскай мовы для беларускіх школ, — заўважыў Канстанцін Уладзіміравіч. — Зараз на гэтых курсах вучацца 45 слухачоў з усіх рэгіёнаў краіны. Рэалізацыя праекта ў значнай ступені вырашыць праблему забяспечанасці ўстаноў адукацыі настаўнікамі кітайскай мовы.

У Паднябеснай вельмі цэняць перавагі беларускай адукацыі, асноўныя з якіх — добрыя суадносіны кошту і якасці, а таксама бяспека. Як паведаміў Канстанцін Казадаеў, работа ўсіх структур БДУ скіравана на тое, каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для замежных студэнтаў, дапамагчы ім хутчэй адаптавацца ва ўніверсітэце і ў краіне.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.