Адукацыйныя праекты для жыцця

У Мінску на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшла заключная канферэнцыя праекта “Партнёрская сетка школ устойлівага развіцця: міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і ўстойлівыя змяненні”, арганізатарамі якой сталі АПА, Мінскі міжнародны цэнтр імя Ёханеса Рау, гімназія № 19 Мінска і Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі аказаліся праблемы і перспектывы адукацыі для ўстойлівага развіцця, а таксама ўнікальныя праекты, якія ажыццяўляюцца ў рэгіёнах.
Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Іванавіч Жук, адкрываючы канферэнцыю сваім выступленнем, адзначыў, што Беларусь сёння паслядоўна інтэгруецца ў міжнародную супольнасць для забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны і сусветнай супольнасці ў цэлым. А гэта значыць, што і нацыянальная сістэма адукацыі павінна быць інтэгравана ў працэсы ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забяспечыць апераджальнае развіццё выхавання і падрыхтоўку кадраў.
Аляксанд Іванавіч акрэсліў паняцце і асноўныя прынцыпы адукацыі для ўстойлівага развіцця, зазначыўшы, што “яна павінна рыхтаваць чалавека не толькі жыць у эпоху перамен, але і будаваць будучыню сваімі рукамі”. (Поўны тэкст выступлення чытачы “Настаўніцкай газеты” змогуць знайсці ў дадатку “Адукацыя: дакументы і каментарыі”, які выйдзе ў наступным нумары газеты.)

Разам з тым першы намеснік міністра акрэсліў у святле ўзнятай тэмы і найбольш вострыя праблемы сістэмы адукацыі. Напрыклад, праблемнай выступоўца назваў прапаганду ў сістэме адукацыі рэжыму эканоміі: “Мы спрабуем зрабіць гэта, кожны год даводзячы паказчыкі па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Аднак не ўсё атрымліваецца, бо робім гэта адміністратыўнымі метадамі. Думаецца, калі закладваць паняцці эканоміі з дзяцінства, то і паказчыкі будуць рэалізоўвацца аўтаматычна. Пакуль жа яны намнога пераўзыходзяць паказчыкі спажывання іншых еўрапейскіх краін”.
Важным аспектам устойлівага развіцця А.І.Жук назваў павышэнне культуры абслугоўвання насельніцтва, у прыватнасці, развіццё сэрвісу, у тым ліку і шляхам правядзення ў сістэме адукацыі конкурсаў раённага, гарадскога, абласнога і рэспубліканскага маштабу.
У цэнтры ўвагі аказалася падрыхтоўка педагагічных кадраў для развіцця ідэй устойлівай адукацыі, а таксама пытанне распрацоўкі адпаведных праграм, праектаў, тэхналогій, методык і інш.
“Самае галоўнае, каб праекты былі не толькі на паперы. Таму трэба пераходзіць ад намераў да дзеянняў, што, па сутнасці, і робяць удзельнікі канферэнцыі”, — падкрэсліў першы намеснік міністра.
Таксама Аляксандр Іванавіч звярнуўся да пытання незалежнай ацэнкі якасці адукацыі:
“Сёння ў Міністэрстве адукацыі мы абмяркоўваем унясенне змяненняў у Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Разумеем: важна не тое, дзе чалавек атрымаў адукацыю, а якую адукацыйную праграму засвоіў і якімі кампетэнцыямі валодае ў выніку. Абмяркоўваем пытанні незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, асабліва прафесійнай. Прывяду ў прыклад Германію па той прычыне, што ў мінулым годзе ўважліва вывучаў вопыт менавіта гэтай краіны. Там на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэалізуецца сістэма так званай дуальнай адукацыі. Адукацыйны працэс складаецца з тэарэтычнай і практычнай часткі. Тэарэтычная рэалізуецца на базе ўстаноў адукацыі, а практычная — на базе рэсурсных цэнтраў ці ўвогуле на базе прадпрыемстваў. На выхадзе малады чалавек атрымлівае не толькі дакумент аб адукацыі, але і сертыфікат аб кваліфікацыі, прычым ацэньвае яго кваліфікацыю незалежная камісія.
Існуюць нават асобныя сертыфікацыйныя цэнтры, дзе незалежныя эксперты, якія не належаць да сістэмы адукацыі, ажыццяўляюць ацэнку ўзроўню падрыхтаванасці. Яны выдаюць дакумент, які прызнаецца любой арганізацыяй Германіі, — гэта гарантыя знакамітай “нямецкай якасці”.

Усё правяраецца на практыцы. Напрыклад, ты будучы спецыяліст аўтасэрвісу, а таму тут і цяпер павінен выканаць увесь комплекс работ, каб пацвердзіць сваю адукацыю. І ніякіх прадметных білетаў, пасля якіх людзі прыходзяць на работу і не ведаюць, з якога боку падысці да машыны”.
Выступоўца падкрэсліў, што ў Германіі нікога не пужае, што з 1500 набраных на курс УВА студэнтаў дыплом атрымліваюць толькі 500, а ва ўстановах ПТА адлічваецца 30—40 працэнтаў навучэнцаў. Больш важным з’яўляецца той факт, што дыплом нямецкага спецыяліста прызнаны і запатрабаваны ва ўсім свеце, а якасць нямецкіх тавараў не выклікае сумненняў, што і з’яўляецца гарантам устойлівага развіцця.
У Беларусі ж, на думку першага намесніка міністра, сёння нямала праблем на ўзроўні міжведамаснага ўзаемадзеяння, што замінае вырашэнню канкрэтных задач. У прыватнасці, А.І.Жук звярнуў увагу на той факт, што сёння ў нашай краіне выпускаецца шырокая лінейка трактарнай тэхнікі, абсталяванай электронікай, а для навучання ва ўстановах адукацыі выкарыстоўваецца тэхніка “ўчарашняга дня”.
Актуальнай прадстаўнік міністэрства назваў эканамічную падрыхтоўку сучасных кіруючых кадраў у сістэме адукацыі.
“Скажам прама, сёння не кожны дырэктар школы, гімназіі, ліцэя гатовы ўпэўнена адчуваць сябе ў кіраванні фінансамі і эфектыўным іх выкарыстанні,” — падкрэсліў ён.
Канферэнцыю працягнула прэзентацыя праекта “Партнёрская сетка школ устойлівага развіцця: міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і ўстойлівыя змяненні”. Надзея Уладзіміраўна Самерсава, адзін з каардынатараў праекта, прадставіла гісторыю развіцця практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і школьных мясцовых павестак — 21.
Удзельнікі канферэнцыі паглыбіліся ў пытанні сеткавага ўзаемадзеяння, а таксама міжнароднага супрацоўніцтва і партнёрства як рэсурсу інтэграцыі ідэй адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў практыку рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Інфармацыйна насычанай і цікавай аказалася практычная частка канферэнцыі, дзе свой вопыт работы дэманстравалі прадстаўнікі самых розных рэгіёнаў Беларусі. Гімназія Добруша прадставіла вопыт работы “Малой акадэміі павышэння прафесійных кампетэнцый”. “Здзітаўскі фальварак” — так назвалі свой праект шматфункцыянальнага цэнтра педагогі і школьнікі Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Прадстаўнікі сярэдняй школы № 16 Оршы сёння працуюць над праектам “Масты пакаленняў”. Інтэрнэт-праект “Сам сабе ратавальнік”, комплексна-мэтавая праграма “Крыніца Веткаўшчыны”, “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен” — без сумненняў, гэтыя і іншыя праекты патрабуюць асобнай увагі. Для таго каб не абысціся проста іх пералічэннем, мы прапануем на старонках газеты невялікі экскурс у некаторыя з праектаў. Спадзяёмся, што з часам прадставім нашым чытачам як мага больш цікавых знаходак і ідэй, над якімі працуюць педагогі партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця.

 

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.