Адукацыйныя праекты і сацыяльныя ініцыятывы

Нягледзячы на тое, што ў сістэме адукацыі навучальны і каляндарны год не супадаюць, да навагодніх свят прынята падводзіць пэўныя прамежкавыя вынікі. Пра праекты, якія рэалізоўваюцца ў адукацыйных установах раёна, дасягненні, праблемы і шляхі іх вырашэння мы гаворым з начальнікам Добрушскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірынай Міхайлаўнай ШКАРУБА.

— Ірына Міхайлаўна, з якімі дасягненнямі сістэма адукацыі Добрушскага раёна прыйшла да завяршэння 2018 года?

— Самай апошняй радаснай навіной, якую мы атрымалі нядаўна, стала прысваенне Добрушу звання горада, дружалюбнага да дзяцей. Работа па рэалізацыі гэтай ініцыятывы ЮНІСЕФ пачалася ў 2009 годзе. Такі статус яскрава апісвае адносіны да дзяцей і падлеткаў, якія жывуць у нашым горадзе: створана стабільная бяспечная абстаноўка, адбываецца ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё горада, аказваецца якасная медыцынская дапамога, развіваюцца адукацыя і культура.

— Як у раёне арганізавана профільнае навучанне?

— Педагогі 7 навучальных устаноў рэалізоўваюць падрыхтоўку па 10 профілях, якія ахопліваюць каля 38,5% навучэнцаў 10—11 класаў. Найбольш запатрабаваныя гуманітарны і хіміка-біялагічны напрамкі. Для поўнай рэалізацыі патрабаванняў навучэнцаў у хіміка-біялагічнай адукацыі мы дадаткова задзейнічаем міжшкольныя факультатывы, што праводзяць мясцовыя педагогі з адпаведнай кваліфікацыяй і ўзроўнем падрыхтоўкі. Таксама наладжана супрацоўніцтва з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, выкладчыкі якога праводзяць заняткі на базе Добрушскай гімназіі.

Сёння раён поўнасцю забяспечаны педагагічнымі кадрамі. Адчуваецца патрэба толькі ў сацыяльных педагогах. Працэнт замацаванасці маладых настаўнікаў складае каля 90—94%. Мы шмат працуем з мэтавымі накіраваннямі, таму нашы выпускнікі вяртаюцца на сваю малую радзіму. Але блізкасць абласнога цэнтра адчувальная: шмат хто з маладых спецыялістаў мяняе месца жыхарства па сямейных абставінах.

У гэтым навучальным годзе адбудзецца першы выпуск педагагічнага класа ў сярэдняй школе № 5 Добруша. У кармянскай школе адкрыты клас аграрнага профілю, на базе Добрушскага дзяржаўнага прафесійнага політэхнічнага ліцэя з арганiзацыяй падвозу i гарачага харчавання школьнікі горада i раёна атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку па кваліфікацыях “электраманцёр па абслугоўванні і рамонце апаратуры і ўстройстваў сувязі”, “рабочы зялёнага будаўніцтва”, “кухар”, а на базе сярэдняй школы № 1 Добруша — “швачка”.

— Сёлета фізічная культура была ўключана ў пералік алімпіядных вучэбных прадметаў. Як прайшоў раённы этап алімпіяды па гэтым прадмеце?

— Настаўнікі фізкультуры заўсёды казалі, што спартыўныя спаборніцтвы павінны прыраўноўвацца да ўзроўню рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, бо падрыхтоўка да ўдзелу ў шэрагу спаборніцтваў раўназначна рабоце прадметніка з алімпіяднікам па іншым вучэбным прадмеце. Цяпер у іх ёсць шанс паказаць сваё майстэрства.

Раённы этап паспяхова прайшоў на базе Добрушскай гімназіі. У ім удзельнічалі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, пераможцы спартыўных спаборніцтваў. Шмат хто з іх наведвае спартыўныя секцыі ў спецыялізаваных установах — дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе і фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі. Камісія сачыла, каб практычны этап праходзіў у адпаведнасці з правіламі і патрабаваннямі. Некаторыя нюансы, якія не браліся ў разлік пры падрыхтоўцы метадычных рэкамендацый і якія адзначылі трэнеры і спецыялісты, будуць улічаны пры падрыхтоўцы да алімпіяды ў наступным годзе. Гэта датычыцца ў першую чаргу правядзення другога тура, ён прадугледжвае плаванне на дыстанцыі 50 метраў. Рыхтавацца да яго нашым юным алімпіяднікам цяжкавата, бо ў горадзе няма басейна.

— З якімі вынікамі сістэма адукацыі заканчвае фінансавы год?

— Напэўна, як і для ўсіх маіх калег, канец года — гэта вельмі адказны перыяд падлікаў, пераразмеркавання, асваення… І вядома, спадзяванняў на тое, што будучы фінансавы год дазволіць рэалізаваць больш планаў. Сёлета ўпор быў зроблены на стварэнне ўмоў для арганізацыі харчавання. У асноўным фiнансавыя сродкі ў аб’ёме больш за 500 тысяч рублёў накіроўваліся на набыццё транспарту, мадэрнізацыю харчаблокаў у сувязi з тым, што ў гэтым годзе нашаму аддзелу былі перададзены функцыі па арганізацыі харчавання ва ўсiх установах адукацыі.

У нашых установах таксама плённа вырашаюцца пытанні па зніжэнні кошту харчавання. Так, вынікам рэалізацыі сацыяльнага праекта, што фінансуецца міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй, стала будаўніцтва ў Івакаўскім, Крупецкім і Ігаўскім вучэбна-педагагічных комплексах трох цяпліц плошчай 100 кв.м кожная. Гэтыя ўстановы адукацыі знаходзяцца ў зоне радыяцыйнага забруджвання. Цяпліцы забяспечваюць сталовыя ўстаноў адукацыі экалагічна чыстай зелянінай і агароднінай: радыскай, цыбуляй, ранняй капустай, агуркамі, памідорамі, перцамі, баклажанамі.

— Якія адукацыйныя праекты рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі Добрушскага раёна?

— На базе ўстаноў адукацыі ўкараняецца 6 інавацыйных праектаў, якія закранаюць пытанні метадычнага забеспячэння педагагічнай дзейнасці (санаторны яслі-сад № 6 Добруша), арганізацыі вучэбнай дзейнасці (церахоўская сярэдняя школа № 2), набыцця вопыту маральных паводзін (Кармянская сярэдняя школа), фарміравання чытацкай кампетэнтнасці (сярэдняя школа № 3 Добруша) і метапрадметных кампетэнцый (гімназія Добруша і Добрушскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі).

Праект “Адукацыя рама — новы погляд у будучыню”, які рэалізоўваецца ў кармянскай школе па ўзгадненні з галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама, арыентаваны на садзейнічанне ў вырашэнні актуальных праблем у сферы навучання і развіцця дзяцей рама дашкольнага і школьнага ўзросту і іх далучэння да атрымання адукацыі на пастаяннай аснове, у тым ліку праз прыцягненне іх бацькоў і ўсёй дыяспары ў цэлым да працэсаў адаптацыі і сацыялізацыі. У праект уключаны не толькі дзеці, якія складаюць 8,5% ад агульнай колькасці навучэнцаў кармянскай школы, але і дарослыя, многія з якіх не атрымалі нават базавай адукацыі.

— Якія мерапрыемствы ў раёне плануюцца ў час навагодніх свят?

— Навагоднія і калядныя святы ў раёне пройдуць у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” і абласной акцыі “Усе дзеці нашы”. Аб’яўлена таксама аналагічная раённая акцыя. Традыцыйна прадстаўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, прыватнага бізнесу, лідары грамадскіх аб’яднанняў наведваюць і віншуюць дзяцей, уручаюць ім падарункі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам сацыяльнага прытулку, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам з раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Чакаецца, што ў акцыі возьме ўдзел больш за 400 хлопчыкаў і дзяўчынак нашага раёна. Галоўнай падзеяй стане дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніка раёна, якое пройдзе ў гарадскім грамадска-культурным цэнтры напярэдадні Новага года.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.