Адукацыя — аснова развіцця рэгіёна

Галоўная жнівеньская сустрэча педагогаў Міншчыны прайшла пад назвай “Адукацыя Мінскай вобласці — аснова ўстойлівага развіцця рэгіёна”, якая падкрэслівае значнасць работы кожнага супрацоўніка ўстаноў адукацыі.

Канферэнцыя стала маштабным мерапрыемствам, якое ладзілася на працягу тыдня. Пачатак рабоце даў шэраг семінараў і вэбінараў, якія прайшлі на базе абласных рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій і ўстаноў адукацыі. Больш за 5 тысяч кіруючых работнікаў і спецыялістаў розных узроўняў адукацыі вочна і дыстанцыйна абмяркоўвалі пытанні нарматыўна-прававога і навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах абноўленага зместу вучэбных праграм, удасканалення выхаваўчай і ідэалагічнай работы, арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, планавання работы раённых метадычных фарміраванняў з улікам вынікаў рэспубліканскага маніторынгу ўзроўню навучанасці вучняў і многае іншае.

Кульмінацыяй жнівеньскай педканферэнцыі на Міншчыне стала мерапрыемства ў Маладзечне, удзел у якім узялі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый, лідары прафсаюзнага руху, педагогі. Ганаровымі гасцямі свята сталі старшыня Мінаблвыканкама А.М.Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектар па Мінскай вобласці І.У.Яўсееў, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Э.В.Тамільчык.

Канферэнцыя традыцыйна дае прадстаўленне аб дасягненнях сістэмы адукацыі рэгіёна, каб яны сталі прыкладам паспяховай работы. Убачыць гэтыя дасягненні можна было на адкрытых пляцоўках, якія віталі ўсіх гасцей мерапрыемства ля Палаца культуры Маладзечна. Так, на тэматычнай пляцоўцы “Стань паспяховым, каб кіраваць будучыняй” праходзілі майстар-класы пераможцаў і прызёраў ІІІ Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2018. Навучэнцы ліцэяў і каледжаў дэманcтравалі прафесійныя навыкі па абліцоўцы пліткай, цагельнай кладцы, візуальным афармленні вітрын, рамонце сельскагаспадарчых машын. Установы дадатковай адукацыі запрашалі на пляцоўку “Малая радзіма: ад вывучэння да дзеяння”, дзе былі аформлены фотазоны і тантамарэскі, прэзентаваліся калекцыі адзення, працавалі выставы і дзейнічалі надзвычай разнастайныя майстар-класы — ад сярэдневяковых танцаў да керамікі і саломапляцення. На “Маладзёжным скрыжаванні” можна было сустрэць юных спартсменаў і актывістаў Міншчыны. На пляцоўцы адбываліся паказальныя выступленні па розных відах спорту — дзюдо, грэка-рымская барацьба, кікбоксінг, гімнастыка. Тут жа праходзіў сеанс адначасовай гульні ў шахматы — гэтаму віду спорту на Міншчыне апошнім часам удзяляецца асаблівая ўвага. Таксама сваю дзейнасць дэманстравалі грамадскія аб’яднанні — юныя ратавальнікі-пажарныя, інспектары дарожнага руху, лесаводы, журналісты. На тэматычнай пляцоўцы “Пашыраем межы” былі прадстаўлены матэрыялы і формы работы, накіраваныя на ўдасканаленне іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Тут дэманстраваліся аўтарскія настольныя гульні, праходзілі заняткі ў “французскім кафэ”, ладзіліся тэатральныя пастаноўкі і чайная цырымонія.

На пленарным пасяджэнні педагогаў вітаў старшыня Мінаблвыканкама А.М.Ісачанка. Кіраўнік вобласці адзначыў, што педагагічныя кадры Міншчыны валодаюць высокім творчым патэнцыялам, аб паспяховай працы педагагічных калектываў сведчаць выніковыя выступленні навучэнцаў на міжнародных алімпіядах і канферэнцыях па фізіцы, хіміі, геаграфіі, інфарматыцы. Навучэнцы праславілі не толькі вобласць, але і ўсю рэспубліку ў Расіі, Азербайджане, Латвіі, Сербіі, Канадзе і Партугаліі. Анатоль Міхайлавіч звярнуў увагу на тое, што па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярэдні бал навучэнцаў вырас па 11 вучэбных прадметах з 14. Значна павялічылася колькасць выпускнікоў, якія атрымалі 100 балаў. Не спыняецца работа над стварэннем найлепшых умоў для навучання дзяцей і работы педагогаў — пабудаваны дзіцячыя сады ў Жо-дзіне і Стоўбцах, у вёсцы Копішча Мінскага раёна. 1 верасня адкрыюць свае дзверы дзіцячы сад у Фаніпалі Дзяржынскага раёна і сярэдняя школа ў вёсцы Ляскоўцы Мінскага раёна. Для падвозу дзяцей закуплены 16 аўтобусаў. Зроблены капітальныя і бягучыя рамонты на аб’ектах, створаны бяспечны рэжым іх працы. Для арганізацыі харчавання абноўлена халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што многае зроблена, але і шмат работы яшчэ наперадзе. Трэба пабудаваць 18 дзіцячых садоў і 6 школ, прадоўжыць работу па забеспячэнні ўстаноў адукацыі сучаснымі сродкамі навучання. Перад педагогамі ставяцца канкрэтныя задачы на новы навучальны год — неабходна зрабіць усё для таго, каб кожнае дзіця максімальна рэалізавала свае здольнасці і атрымала годны вынік. Варта прадоўжыць прафарыентацыйную работу са школьнікамі, каб павысіць іх цікаўнасць да прафесійнай адукацыі, бо гэта з’яўляецца важным рэсурсам мадэрнізацыі вытворчасці і ўмацавання эканомікі. У новым навучальным годзе трэба звярнуць асаблівую ўвагу на пытанні ўмацавання здароўя вучняў і выхаванцаў, стварэнне ўмоў для іх бяспечнага знаходжання ва ўстановах адукацыі.

Стратэгічныя напрамкі дзейнасці для педагогаў Міншчыны на надыходзячы навучальны год вызначыла Т.В.Апраніч, выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. Мінулы навучальны год Таццяна Валянцінаўна ахарактарызавала як перыяд дынамічнага развіцця сістэмы адукацыі Міншчыны. Якасць адукацыі забяспечвалася на фоне ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, абнаўлення зместу і тэхналогій навучання, павышэння прафесіяналізму кіраўніцкіх і педагагічных кадраў, аптымізацыі і эфектыўнага выкарыстання наяўных рэсурсаў. У дакладзе была прааналізавана работа ўсіх звенняў сістэмы адукацыі вобласці і пастаўлены канкрэтныя задачы. Рэалізацыя гэтых задач дазволіць забяспечыць больш высокі ўзровень якасці навучання і выхавання, будзе садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю не толькі Мінскай вобласці, але і краіны ў цэлым.

Завяршэннем канферэнцыі стала ўшанаванне лепшых педагогаў, ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў, а таксама святочны канцэрт.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.