Адна з секцый Рэспубліканскага педагагічнага савета была прысвечана тэме, якая наўрад ці можа пакінуць каго-небудзь абыякавым. Адукацыю дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР) у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі абмеркавалі кіраўнікі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, навукоўцы, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі абласных упраўленняў адукацыі і метадысты з усёй краіны.
На шляху да інклюзіі
Пачала работу секцыі начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко, якая паведаміла пра гісторыю развіцця сістэмы адукацыі асоб з АПФР у Рэспубліцы Беларусь:
— Камітэт па правах інвалідаў ААН апісвае некалькі ўмоўных этапаў, якія характарызуюць становішча дзяцей з АПФР у сістэме адукацыі: выключэнне, сегрэгацыя, інтэграцыя і інклюзія. Адметнымі рысамі першага этапу з’яўляюцца дыферэнцыяцыя навучання, навучанне пераважна ў сценах інтэрната, адсутнасць выбару ў бацькоў формы навучання, няпоўны ахоп адукацыяй, толькі дзяржаўнае фінансаванне спецыяльнай адукацыі, перавага медыцынскай мадэлі разгляду інваліднасці. Беларусь цалкам пераадолела першы этап, і для нашай краіны гэта быў пачатак станаўлення і развіцця сістэмы спецыяльных устаноў для атрымання адукацыі рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне пачынае рэалізоўвацца інтэграванае навучанне, адбываецца этап інтэграцыі спецыяльнай і асноўнай адукацыі. Гэты этап характарызаваўся шматлікімі пазітыўнымі зменамі, якія закранулі розныя аспекты атрымання адукацыі асоб з асаблівасцямі развіцця. Адбыліся значныя змены ў тэрміналогіі. Так, замест “анамальных дзяцей” з’явіліся “дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, замест “разумовай адсталасці” з’явілася “інтэлектуальная недастатковасць”. Гэты этап характарызуецца спробай адыходу ад медыцынскай мадэлі разгляду інваліднасці да сацыяльнай. Самым вялікім дасягненнем гэтага этапу было тое, што мы адышлі ад аднапалярнага разгляду магчымасці атрымання адукацыі дзецьмі з АПФР, усвядомілі, што ў дзіцяці і бацькоў павінен быць выбар формы спецыяльнай адукацыі: установа спецыяльнай адукацыі або інтэграцыя. З 1999 года ў рэспубліцы ажыццяўлялася рэфармаванне спецыяльнай адукацыі, у ходзе якога быў ажыццёўлены шэраг арганізацыйна-структурных пераўтварэнняў: уведзены чатыры варыянты навучання ў сістэме спецыяльнай адукацыі, павялічаны на адзін год тэрмін атрымання спецыяльнай адукацыі для асобных катэгорый дзяцей з асаблівасцямі, створаны інавацыйныя ўстановы спецыяльнай адукацыі, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, вызначаны ўмовы для інтэграцыі, заяўлена аб новым змесце адукацыі, якая носіць прасацыяльны характар. У 2011 годзе быў прыняты Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у якім пытанні атрымання адукацыі асобамі з асаблівасцямі рэгламентаваны па ўсіх відах і ўзроўнях адукацыі. У Кодэксе выдзелены раздзел “Спецыяльная адукацыя”, у якім сканцэнтраваны асноўныя нормы і гарантыі атрымання спецыяльнай адукацыі асобамі з асаблівасцямі. Спецыяльная адукацыя была выдзелена як асобны від адукацыі разам з асноўнай і дадатковай адукацыяй. Пры гэтым вызначана, што яна атрымліваецца на двух узроўнях асноўнай адукацыi: дашкольнай і агульнай сярэдняй. Упершыню ў нашай краіне была прынята і рэалізавана Дзяржаўная праграма развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады, накіраваная на далейшае ўдасканаленне сістэмы спецыяльнай адукацыі, павышэнне якасці і даступнасці адукацыі для асоб з асаблівасцямі. Адной з задач дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі з’яўлялася развіццё інклюзіўных працэсаў у адукацыі, фарміраванне талерантнага стаўлення ў грамадстве да людзей з асаблівасцямі. З 1999 года ў Беларусі вядзецца ўлік асоб з АПФР, створаны і штогод абнаўляецца банк даных аб дзецях з АПФР. Яго наяўнасць дазваляе адсочваць тэндэнцыі ў развіцці спецыяльнай адукацыі, аптымізаваць сетку ўстаноў спецыяльнай адукацыі, прымяняць меры па паляпшэнні якасці кіравання сістэмай спецыяльнай адукацыі. Дасягнуты амаль 100% ахоп дзяцей з АПФР спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай. Над выяўленнем чацвёртага этапу — інклюзіі — мы працуем і разглядаем інклюзіўную адукацыю як заканамерны этап развіцця сістэмы дапамогі дзецям з АПФР.
Адрозненне інтэграцыі ад інклюзіі
Удзельнікі секцыі абмеркавалі шырокае кола пытанняў арганізацыі і зместу спецыяльнай адукацыі, інклюзіўнай адукацыі, нарматыўнага прававога і навукова-метадычнага забеспячэння інклюзіўнай адукацыі, псіхолага-педагагічнага суправаджэння ўдзельнікаў інклюзіўнага адукацыйнага працэсу, падрыхтоўкі кадраў для забеспячэння інклюзіўнай практыкі, практыкі развіцця інклюзіўных працэсаў у адукацыі.
Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэт імя Максіма Танка Вера Валер’еўна Хітрук засяродзіла ўвагу прысутных на фарміраванні гатоўнасці педагога да рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі, а загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ілона Уладзіміраўна Кавалец — на асноўных падыходах да вызначэння зместу і методыкі карэкцыйных заняткаў з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Таццяна Віктараўна Лісоўская расказала пра канцэпцыю навучання на працягу ўсяго жыцця асоб з інваліднасцю.
— Адно з пытанняў, якія стаяць на парозе сістэмы спецадукацыі, — пытанне размежавання інтэграцыі і інклюзіі. Агучаныя факты сведчаць аб даволі годных выніках і дасягненнях сістэмы спецадукацыі. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць дзяцей з асаблівасцямі атрымлівае адукацыю ва ўмовах звычайнага дзіцячага сада, звычайнай або спецыяльнай школы, да апошняга часу мы не заяўлялі аб рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне. У той жа час у шэрагу іншых краін першае з’яўленне дзіцяці з асаблівасцямі на парозе адукацыйнай установы ўжо расцэньваецца як інклюзія. Часта паняцці інтэграцыі і інклюзіі змешваюцца не толькі на практыцы, але і ў літаратурных, метадычных і навуковых крыніцах, — адзначыла начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко.
Нарматыўна-прававая база ў цяперашні час вызначае інтэграцыю як арганізацыю спецыяльнай адукацыі, пры якой навучанне і выхаванне асоб з асаблівасцямі ажыццяўляецца адначасова з асобамі без асаблівасцей. Ключавым у гэтым вызначэнні з’яўляецца тое, што інтэграцыя — гэта форма спецыяльнай адукацыі, а інклюзія — форма асноўнай і дадатковай адукацыі. Інтэграцыя мае шмат агульнага з інклюзіяй: і тут, і там ствараюцца ўмовы, асоба з АПФР уключаецца ў агульнаадукацыйны працэс, ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне. Што яшчэ да адрозненняў: інтэграцыя рэалізуецца толькі ў адносінах да дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, а інклюзія — на ўсіх узроўнях асноўнай і дадатковай адукацыі; інтэграцыя адносіцца толькі да дзяцей з АПФР, а інклюзія — да ўсіх навучэнцаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; інтэграцыя рэалізуе адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі, а інклюзія — адукацыйныя праграмы асноўнай і дадатковай адукацыі.
— Нягледзячы на тое, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў толькі ў мінулым годзе, неабходнасць развіцця інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне вывучалася і ацэньвалася ўжо даўно, на працягу як мінімум апошняга дзесяцігоддзя, — дадала Антаніна Міхайлаўна Змушко. — Спадзяёмся, што ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі паняцце інклюзіі ўвойдзе і будзе рэалізоўвацца на практыцы.
Вопыт рэгіёнаў
Удзельнікі секцыі пазнаёміліся з практычным вопытам рэалізацыі спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі на прыкладзе работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі, тэндэнцыямі развіцця адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў кожным рэгіёне рэспублікі. Дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР Ніна Канстанцінаўна Віктароўская паведаміла ўдзельнікам секцыі пра развіццё сістэмы адукацыі асоб з АПФР у Мінскай вобласці, пра каштоўны вопыт сваіх навучальных устаноў расказалі дырэктар спецыяльнай адукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска Наталля Генадзеўна Краўчук і дырэктар сярэдняй школы № 46 Віцебска Аляксандр Міхайлавіч Хрытаненка.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Брэста Кацярына Барысаўна Аляксандрава звярнула ўвагу прысутных на фарміраванне ў навучэнцаў і бацькоў талерантных адносін да дзяцей з АПФР, уключаных у адзіную адукацыйную прастору, а прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Генадзеўна Пішчык — на шляхі павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, якія працуюць з дзецьмі ва ўмовах інтэграцыі і інклюзіі, у галіне выкарыстання ІКТ.
Ролі ЦКРНіР у фарміраванні прафесійных кампетэнцый у педагогаў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР, прысвяціла сваё выступленне Таццяна Міхайлаўна Усава, дырэктар Гомельскага абласнога ЦКРНіР:
— Ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі найважнейшым з’яўляецца забеспячэнне сувязі атрыманых ведаў з жыццём, без чаго немагчыма актыўная адаптацыя дзяцей з АПФР у навакольным зменлівым свеце. Задача ўстаноў адукацыі — адправіць у жыццё выпускніка з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, здольнага вытрымаць канкурэнцыю сучаснага рынку працы, быць сацыяльна адаптаваным і ўмець рабіць выбар у розных жыццёвых сітуацыях. Ён таксама павінен набываць на працягу ўсяго свайго прафесійнага жыцця неабходныя яму кампетэнцыі і адпавядаць гэтым крытэрыям. Метадычнае суправаджэнне педагогаў сёння павінна таксама быць не лекторыямі, на якіх заслухоўваюцца вядомыя ісціны, а быць больш практыка-арыентаваным.
Аб міжведамасным узаемадзеянні ўстаноў спецыяльнай адукацыі з арганізацыямі аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання па суправаджэнні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Магілёўскай вобласці паведаміла Дзіна Міхайлаўна Лазуркіна, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:
— Галоўным бар’ерам развіцця інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца адсутнасць узгодненасці дзеянняў паміж установамі адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, грамадскімі арганізацыямі і бацькамі па арганізацыі комплекснага суправаджэння дзяцей з АПФР. Міжведамаснае ўзаемадзеянне пашырае магчымасці ўстаноў адукацыі ў прадастаўленні асаблівых адукацыйных паслуг. Пошук найбольш аптымальных шляхоў, сродкаў, метадаў для паспяховай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ў грамадства — задача кожнага. Дапамагчы напоўніць чорна-белы свет асаблівага дзіцяці яркімі фарбамі можна толькі сумеснымі намаганнямі.
Удзельнікі секцыі разглядаюць у якасці асноўных наступныя напрамкі далейшага развіцця спецыяльнай і інклюзіўны адукацыі асоб з АПФР: удасканаленне нарматыўнай прававой базы; забеспячэнне бесперапыннай адукацыі асоб з АПФР, у тым ліку асоб з цяжкімі формамі інваліднасці, з інтэлектуальнай недастатковасцю; падрыхтоўка вучняў з АПФР да выбару прафесіі, арганізацыя іх прафесійнай адукацыі або падрыхтоўкі; удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, якія ажыццяўляюць адукацыю дзяцей з АПФР на розных узроўнях адукацыі; уцягванне бацькоў у адукацыйны працэс, прыняцце сумесных рашэнняў спецыялістаў і бацькоў у дачыненні да навучання і развіцця дзіцяці з АПФР; забеспячэнне псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з АПФР у працэсе сумеснага навучання і ў першыя гады самастойнага жыцця пасля заканчэння ўстановы адукацыі; узаемадзеянне зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, аб’яднанняў бацькоў, грамадскіх і дабрачынных арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі ў справе развіцця інклюзіўнай адукацыі.
Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА