Прадметам нядаўняга адкрытага выступлення заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь Алега Вараб’ёва ў Палацы мастацтваў стаў адзін з яго апошніх праектаў — мінская штаб-кватэра Беларускай калійнай кампаніі. Так, гэта той самы будынак на праспекце Пераможцаў у Мінску, частка якога стылізавана пад крышталь калійнай солі. Скарыстаўшыся выпадкам, аўдыторыя не хацела адпускаць унікальнага госця без адказаў на пытанні аб беларускай архітэктурнай адукацыі, сучаснай забудове Мінска і аб тым, як стварыць архітэктурнае бюро і паспяхова весці бізнес за мяжой.
Соль — усяму галава
Будынак з “чырвоным крышталем”. Гэты неардынарны аб’ект быў неадназначна прыняты ў Беларусі. “Трэба адэкватна ставіцца да крытыкі. Нават самы выдатны твор мастацтва можа камусьці падабацца, а камусьці — не”, — лічыць Алег Вараб’ёў. У любым выпадку офіс БКК выйшаў пазнавальным і прадстаўнічым — менавіта такія задачы і ставіў заказчык, які спачатку меў намер звярнуцца да мэтраў сусветнай архітэктуры. Але вобраз крышталя ўразіў, і заказ аддалі беларускім праекціроўшчыкам.
З самага пачатку было вырашана: гэта будзе будынак новай фармацыі, што само па сабе прадугледжвала выкарыстанне новых высокатэхналагічных матэрыялаў. Архітэктары доўга біліся над тым, як шкло крышталя зрабіць чырвоным звонку, але пры гэтым захаваць нейтральнае асвятленне ўнутры, дзе планаваліся офісныя памяшканні. Нарэшце знайшлі матэрыял з зададзенымі ўласцівасцямі на выставе інавацый у Мюнхене.
Алег Арсеньевіч абверг чуткі, распаўсюджаныя ў інтэрнэце, пра тое, што нібыта ёсць двайняты “чырвонага крышталя”. “Магу сказаць, што мы не запазычылі гэтую ідэю. Такога будынка вы нідзе не знойдзеце”, — запэўніў ён.
І ў доказ пусціў па шэрагах… вялізнага памеру крышталь калійнай солі. “Вось што было нашым натхненнем”, — усміхнуўся архітэктар.
Па яго словах, тэма крышталёў зараз папулярная ў свеце, але яе па-рознаму можна ўвасобіць. “Хутка чакаем калег з Англіі, яны прыедуць паглядзець на новы офіс Беларускай калійнай кампаніі, — не без задавальнення дадаў выступоўца. — У Лондане будуць ствараць будынак з трох крышталёў. Прыемна, што не толькі мы ездзім за мяжу вучыцца, але да нас едуць”.
А.Вараб’ёў у свой час арганізаваў кампанію “Вараб’ёў і партнёры”. Цяпер гэта ўжо брэнд, які паспяхова прасоўваецца на знешнім архітэктурным рынку. Офісы праектнага бюро працуюць у Мінску і Маямі. У сваім родзе ўнікальны прыклад. З 1991 года кампанія рэалізавала каля 150 праектаў, прычым добрую палову з іх у розных рэгіёнах свету, у тым ліку ў Расіі, ЗША.
Чаму выкладаюць адны, а рэальна праектуюць іншыя?
Большую частку ўдзельнікаў сустрэчы складалі студэнты — будучыя архітэктары, магчыма, будучыя інжынеры і дызайнеры, а таксама маладыя спецыялісты. Таму нядзіўна, што першае пытанне заслужанаму архітэктару было пра беларускую архітэктурную адукацыю: “Чаму выкладаюць адны, а рэальна праектуюць іншыя? З-за гэтага ёсць вялізны разрыў паміж адукацыяй і практыкай, у студэнтаў мала шансаў для атрымання прафесійных навыкаў…”.
Алег Вараб’ёў прызнаўся, што быў час, калі яго запрашалі на выкладчыцкую работу, і ён нават спрабаваў выкладаць, але асаблівага педагагічнага дару ў сабе не адкрыў. І вырашыў, што лепш будзе праектаваць. Але сувязь з адукацыяй не губляе. Зараз Алег Арсеньевіч — старшыня Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ў БНТУ. Сам выпускнік БПІ.
Архітэктар пагадзіўся, што сярод выкладчыкаў бракуе практыкаў, і гэта, само сабой, адбіваецца на студэнтах. “Выпускнікі, прыходзячы ў праектныя інстытуты, пачынаюць праектаваць з нуля, — адзначыў ён. — Так, у іх ёсць нейкія навыкі работы з камп’ютарнымі праграмамі, мастацкія даныя, але гэтага недастаткова. Чаму ў нас такі хаос у праектаванні? Зараз любы выпускнік можа зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік і праектаваць. У выніку мы бачым дамы, дзе шмат альбо розных колераў, альбо форм, быццам бы архітэктар паглядзеў 20 часопісаў, адсюль узяў купал, адсюль — эркер, яшчэ нешта і змяшаў у адно цэлае. Гэта ўсё залежыць ад выкладання. Я лічу, што да навучання трэба максімальна прыцягваць практыкаў або накіроўваць студэнтаў у вядучыя праектныя інстытуты да вядучых архітэктараў”.
У іншых краінах выпускнікі архітэктурных спецыяльнасцей праходзяць стажыроўку накшталт інтэрнатуры ў будучых урачоў. Таму і ў нас павінна быць, як у медыкаў, упэўнены А.Вараб’ёў: два-тры гады архітэктару трэба паступова ўваходзіць у прафесію. Алег Арсеньевіч падкрэсліў, што ў яго праектным бюро так і адбываецца — прыходзяць на практыку студэнты, лепшыя застаюцца працаваць.
Хтосьці з залы выказаў здагадку: магчыма, нашы праблемы ў архітэктуры звязаны з тым, што ў нас рыхтуюць архітэктараў-мастакоў, а не архітэктараў-інжынераў. На гэта Вараб’ёў адказаў, што высокакваліфікаваных інжынераў сапраўды не хапае. “Прыйдзе, тыдзень папрацуе… Ну не цягне чалавек, — паскардзіўся ён. — Прыходзіцца развітвацца”.
Адукацыя архітэктара павінна працягвацца бясконца, лічыць Алег Вараб’ёў. Для супрацоўнікаў яго кампаніі штотыдзень (!) арганізоўваюцца лекцыі, напрыклад, па новых тэхналогіях, матэрыялах, абсталяванні. “Ва ўсім трэба ўдасканальвацца, не стаяць на месцы. Як сказаў калісьці вядомы танцоўшчык Нурыеў, калі хоць адзін дзень не патанцуе, не патрэніруецца — губляе навыкі. Так і архітэктар сваёй справай павінен займацца сур’ёзна і кожны дзень”, — параіў моладзі Алег Арсеньевіч.
Нам не хапае архітэктурных крытыкаў!
Па просьбе слухачоў выступовец пракаменціраваў знос аўтавакзала “Маскоўскі”. У свой час гэта быў інавацыйны будынак. Яго аўтар, заслужаны архітэктар Мікалай Навумаў, атрымаў Дзяржаўную прэмію ў галіне архітэктуры. Зараз пляцоўку вырашылі аддаць “Газпраму”. “Для архітэктараў гэта непрыемны момант, але, напэўна, дзяржаве ёсць нейкая выгада… Гледзячы што ставіць на шалі”, — сказаў Алег Вараб’ёў.
Ён адмовіўся назваць топ-3 самых пачварных будынкаў Мінска. “Архітэктары маюць прафесійную зайздрасць, але і карпаратыўную этыку таксама, — ухіліўся ён ад пытання. — Чаму ў нас няма архітэктурных крытыкаў? Яны павінны крытыкаваць, а не архітэктары. Узяць тую ж Нацыянальную бібліятэку. Гэта было бачанне Віктара Крамарэнкі, яго трактоўка. Як можна за гэта крытыкаваць? Эйфелева вежа таксама спачатку нікому не падабалася, а цяпер усе туды рвуцца, каб пабыць у рэстаране і паглядзець на Парыж зверху. Так што гісторыя рассудзіць”.
Нам не хапае грамадскага абмеркавання архітэктурных праектаў, канстатаваў Алег Арсеньевіч. “У Маямі кожны дзень на адным з тэлеканалаў ідзе перадача аб праектах, якія плануецца будаваць, — расказаў ён. — У студыю прыходзяць звычайныя грамадзяне і выказваюць сваё меркаванне, а архітэктар павінен абараніць свой праект. Хацелася б, каб такая практыка была і ў нас. Наша тэлебачанне не вядзе падобных дыскусій. Усё ж такі вельмі патрэбны архітэктурныя крытыкі”.
Слухачоў цікавіла меркаванне госця аб тым, якімі архітэктурнымі аб’ектамі зможа ганарыцца Мінск гадоў праз 100—200? Што трэба асабліва берагчы? “Вядома, наш праспект Незалежнасці, — быў адказ, — пачынаючы ад плошчы Незалежнасці дзесьці да парку Чалюскінцаў. Гэта маштабная архітэктура, у якой прыемна знаходзіцца. Да яе трэба ставіцца ашчадна”.
Адказваючы на пытанне, каго з сучаснікаў Вараб’ёў удастоіў бы звання “Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь”, ён назваў тры кандыдатуры: Віктара Крамарэнку і Міхаіла Вінаградава, якія спраектавалі беларускі “алмаз ведаў” (“Падабаюцца іх працы ці не, але будынкі знакавыя!”), а таксама Барыса Школьнікава. І яшчэ, на думку А.Вараб’ёва, патрэбна званне народнага архітэктара, бо “людзі павінны ганарыцца тымі, хто тут жыве, стварае і перадае свой вопыт маладому пакаленню архітэктараў”.
***
Некалькі слоў пра арганізатараў сустрэчы. Гэта дзве ініцыятыўныя маладзёжныя каманды — HeadMade Group і CoffeeArchitecture. У першую ўваходзяць студэнты і выпускнікі беларускіх універсітэтаў. З 2007 года яны рэалізоўваюць адукацыйны праект AlterEDU — адкрытыя бясплатныя сустрэчы для студэнтаў і маладых спецыялістаў з паспяховымі бізнесменамі і вядомымі ў дзелавым асяроддзі людзьмі. Ужо адбылося каля 80 такіх мерапрыемстваў. “Напэўна, мы імкнёмся дадаць адукацыі тое, чаго нам самім у свой час не хапіла”, — адзначылі нядаўнія выпускнік БДЭУ Аляксей Патапенка і выпускніца БДУ Настасся Якімчык.
Калі AlterEDU — гэта праект у асноўным для тых, хто вучыцца бізнесу, то назва CoffeeArchitecture гаворыць сама за сябе. Гэтая каманда спрабуе аб’яднаць тых, хто не абыякавы да архітэктуры, Мінска і перамен, якія адбываюцца ў яго архітэктурным абліччы. Магчыма, намаганнямі такой ініцыятыўнай моладзі калі-небудзь і ў нас дойдзе да грамадскага абмеркавання архітэктурных праектаў, і вырашаць, што будаваць у горадзе, пачнуць самі гараджане.