Чарговы верасень ужо спяшаецца абудзіць школьнае жыццё. І зноў пачнуцца ўрокі, падручнікі, дапаможнікі, сшыткі. Сённяшні госць “Настаўніцкай газеты” — кіраўнік з вялікім вопытам выдавецкай справы дырэктар РУП “Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Валянцін Навагродскі.
Трывалае звяно
— Што сёння ў прыярытэце выдавецтва “АіВ” і яго кіраўніка? Як на ўсё хапае душэўных сіл?
— У мінулым годзе выдавецтву споўнілася 30 гадоў — мы арганізацыя даволі маладая, — дзеліцца Валянцін Янавіч. — Аднак мы па праве ганарымся тым шляхам, які прайшлі. Мы выдаём вучэбную, вучэбна-метадычную, навукова-метадычную, а таксама навукова-папулярную літаратуру. Выдавецтва выпускае ў свет 25 часопісаў. У прыярытэце таксама кніжная выдавецкая дзейнасць, асабліва вучэбнае кнігавыданне. Мы як выдавецтва знаходзімся ў своеасаблівым ланцужку, завязаным на арганізацыях, якія ўдзельнічаюць у працэсе падрыхтоўкі і выдання вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры. Ад таго, як спрацуюць усе звёны, залежыць канчатковы вынік.
Шчыльна супрацоўнічаем з Акадэміяй адукацыі ў плане падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Мы працуем у трохвугольніку “аўтар — метадыст Акадэміі адукацыі — спецыяліст выдавецтва”.
Наша работа разумовая, творчая, і калі ў чалавека ёсць палёт думкі, натхненне, тады будзе і прадукт.
Я вельмі ўдзячны свайму калектыву за разуменне адказнасці перад выкананнем пастаўленых задач. Мы стараемся прадбачыць усе магчымыя заўвагі з боку Міністэрства адукацыі па якасці і змесце падручнікаў.
Зараз мы шмат працуем па праектах для ўстаноў спецыяльнай адукацыі. Гэта кнігі, якія багата ілюстраваны. Напрыклад, у кнізе на 150 старонак каля 480 ілюстрацый, і кожную з іх трэба апрацаваць, зразумець, наколькі яна будзе зразумелай асабліваму дзіцяці, зразумець аўтарскую задуму.
Верасень на парозе
— Праз месяц пачнецца новы навучальны год. Скажыце, калі ласка, якія асаблівыя праблемы вы вырашаеце зараз, напярэдадні Дня ведаў?
— Пачатак навучальнага года — гэта заўсёды адказны перыяд для сістэмы адукацыі. Мы ганарымся тым, што на працягу многіх гадоў нам даверана перавыданне знакавых дапаможнікаў “Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. Апошняя кніга з 2023 года мае аўдыягід, даступны па QR-кодзе. Акрамя гэтага, мы забяспечваем выданне відэаролікамі і 3D-мадэлямі, якія знаходзяцца на нашым уласным электронным дадатку “АIV-дополненная реальность”. Электронны дадатак мы размяшчаем на кітайскай платформе Vuforia, ён даступны для мабільных прылад з аперацыйнай сістэмай App Store і Google Play.
— Як гэта працуе?
— Вы набываеце выданне, спампоўваеце наш дадатак, наводзіце камеру мабільнай прылады на старонку — і яна “ажывае”. На экране смартфона ці планшэта разгортваецца анімацыя ці інтэрактыўная гульня. Першакласнікі выдатна аперыруюць смартфонамі. Спампаваўшы кнігу з нашай старонкі ў інтэрнэце, яны наводзяць смартфон на малюнак у кнізе і бачаць 3D-мадэль. Гэтую навінку мы выкарыстоўваем не толькі ў кнізе — падарунку першакласніку, але і ў іншых нашых кніжных выданнях. Так, зусім нядаўна выйшла ў свет кніга, якой мы надзвычай ганарымся, — “Национальное достояние Беларуси”. Гэтае выданне знаёміць дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту з багатай гісторыяй і непаўторнай культурай беларускага народа, расказвае пра айчынную архітэктуру і прыроду роднай зямлі. З дапамогай ІТ у школьнікаў ёсць магчымасць наведаць музейныя комплексы, старажытныя палацы і храмы, нацыянальныя паркі і запаведнікі нашай цудоўнай краіны.
Да пачатку навучальнага года — у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні 80-годдзя Перамогі — мы папаўняем серыю кніг “Права на памяць” новымі выданнямі. Гэтыя кнігі складуць своеасаблівую скарбонку, у якую ўвойдуць кнігі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэта робіцца для таго, каб захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную, расказваць дзецям пра жахі вайны на даступнай ім мове. Зразумела, усё гэта робіцца для таго, каб захаваць гістарычную памяць пра подзвіг савецкага народа. Сярод кніг серыі — “Триумф и трагедия семьи Казей”, “Украденное детство. Великая Отечественная война глазами детей”, “Живая боль войны” і іншыя.
Нядаўна пабачыла свет кніга “Оружие Великой Победы” — сумесны з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праект выдавецтва. Ён другі па ліку, першы сумесны з музеем праект — кніга “Памятныя месцы Беларусі”, выдадзеная ў 2022 годзе чатырохтысячным тыражом, які амаль увесь ужо разышоўся. З вялікім задавальненнем падару кнігу “Оружие Великой Победы” рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”.
— Валянцін Янавіч, раскажыце, калі ласка, пра серыю кніг “Славім Радзіму працай”.
— Гэта кнігі для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Iдэя распачаць такую серыю належыць Міністэрству адукацыі. I мы з вялікім задавальненнем падтрымалі яе. Галоўная задача, якая стаяла перад намі, калі мы рэалізоўвалі гэты праект, — азнаёміць дзетак з прафесіямі, якія, магчыма, непрыметныя, але без якіх нам не абысціся. Возьмем для прыкладу кнігу “Хто ежу гатуе нам?”. Дзіця павінна разумець, што не існуе рэк з малочнымі берагамі, што менавіта кухар кіруе работай на кухні, ведае шмат рэцэптаў і гатуе смачныя стравы. Таксама ў кнізе расказваецца пра вядомыя айчынныя прадпрыемствы харчовай прамысловасці. У серыі “Славім Радзіму працай” ужо выдадзены кнігі “Хто нас вучыць?”, “Хто нам шые адзенне?”, “Хто нам будуе новы дом?”, “Хто рамантуе аўтамабілі?”, “Хто вырошчвае кветкі?”, “Хто прадае тавары?”. Думаю, што гэта ўдалы прыклад ранняй прафарыентацыі дзяцей. Касманаўтамі стануць адзінкі сённяшніх малышоў, а краіне патрэбны будаўнікі, урачы, настаўнікі і г.д. Выбар прафесіі павінен быць усвядомленым, каб яго замест дзіцяці не рабілі бацькі.
Дарэчы, да нас прыйшоў ліст ад настаўнікаў метадычнага аб’яднання з просьбай выдаваць кніжкі з гэтай серыі на роднай мове. У нас ёсць такі вопыт, мы выдаём кнігі ў серыі “Я горжусь!” (“Я ганаруся!”) паралельна на дзвюх дзяржаўных мовах. І гэта вельмі запатрабавана настаўнікамі.
Водар кнігі
— Ці ёсць у краінах постсавецкай прасторы дзяржаўныя выдавецтвы, падобныя на выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”?
— Толькі прыватныя. Расійскія калегі вельмі цікавяцца нашай прадукцыяй, асабліва па дэфекталогіі, псіхалогіі. На апошняй маскоўскай кніжнай выставе калегі былі ўражаны нашымі праектамі “Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”. Ведаю, што зараз у Расіі разглядаецца магчымасць стварэння праекта, аналагічнага нашаму. Калі за аснову бярэцца наш вопыт, нам надзвычай прыемна.
Спынюся на серыі кніг з дапоўненай рэальнасцю “Мир путешествий”, якія знаёмяць чытача з займальнымі звесткамі і фактамі аб планеце Зямля, з традыцыямі і побытам народаў, якія яе насяляюць. Выдадзены кнігі пра Аўстралію, Афрыку, Азію, Антарктыду, Еўропу, Беларусь, Азербайджан, Расію, Міжземнамор’е, Кітай і г.д., дзе расказваецца пра гісторыю і непаўторную культуру народаў, пра помнікі архітэктуры, найстаражытныя храмы, пра флору і фаўну розных мацерыкоў.
Сумесна з пасольствам Азербайджанскай Рэспублікі мы выпусцілі ў свет дзве кнігі — “Воіны Азербайджана — героі зямлі беларускай” і “Азербайджан”. Гэта стала магчымым пры садзейнічанні пасла Ульві Бахшаліева, які зараз працуе ў Малдове. Упэўнены, што кожная краіна ідзе сваім шляхам у адукацыі і выхаванні. Аднак прыемна, што ўсё больш калег з краін постсавецкай прасторы звяртаюць увагу на беларускі вопыт. Таму што мы здолелі захаваць усё лепшае з савецкай эпохі, адаптавалі да сучасных рэалій і гатовы дзяліцца назапашаным вопытам. Перакананы, што ў друкаванага слова ёсць будучыня, таму што немагчыма навучыць дзіця чытаць пры дапамозе планшэта, як і немагчыма атрымаць асалоду ад водару кнігі, калі чытаеш твор у электронным варыянце. А задача выдаўцоў — зрабіць кнігу максімальна набліжанай да чытача, асабліва да дзіцячай аўдыторыі.
Мы зараз робім першыя спробы наладзіць выпуск навучальных гульняў-віктарын. Першая гульня “Беларусь: гісторыя і сучаснасць” з дапоўненай рэальнасцю карыстаецца вялікай папулярнасцю.
Яна дазволіць настаўніку пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў арганізаваць гульню, праз якую вучні будуць вывучаць нашу эканоміку, прыроду, геаграфію, гісторыю. Лічу, што гэта проста здорава! Зараз у нашых планах чарговы гульнявы праект. Думаю, што выданні такога роду таксама маюць будучыню.
— Як справы з выданнямі дапаможнікаў да факультатыву “Духоўнасць і патрыятызм”?
— Намі ўжо выдадзены дапаможнікі ў дзвюх частках для 6 (7) класаў, яны ёсць у наяўнасці. Выйшла таксама першая частка кнігі “Духоўнасць і патрыятызм” для 7 (8) класаў, ідзе работа над другой часткай дапаможніка, якую можна будзе набыць у другім паўгоддзі навучальнага года. Гэта вельмі адказны, складаны праект, які ідзе вялікімі тыражамі, і я ўдзячны протаіерэю Фёдару Поўнаму, а таксама Сінадальнаму аддзелу БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, бо толькі разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой мы змаглі яго рэалізаваць. Зноў жа расіяне надзвычай цікавяцца нашым унікальным праектам і думаюць разгарнуць такі ж у сваёй краіне.
Падыход прафесіянала
— Сярод аўтараў часопісаў “У дапамогу педагогу” — вядучыя вучоныя і спецыялісты ў галіне адукацыі, педагогікі, псіхалогіі, філасофіі, культуры і мастацтва, краязнаўства, педагогі-практыкі. Якімі аўтарамі вы найбольш ганарыцеся?
— Выпуск перыядычных навукова-метадычных часопісаў для педагогаў — адзін з прыярытэтных кірункаў нашай дзейнасці. Хачу адзначыць, што ўсе часопісы серыі “У дапамогу педагогу” рэкамендаваны для выкарыстання ў адукацыйным працэсе ў інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
15 з 25 часопісаў, што выпускае выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, уваходзяць у пералік навуковых выданняў ВАК. На чале прадметных часопісаў знаходзяцца галоўныя рэдактары, кожны з якіх з’яўляецца выключным прафесіяналам у сваёй галіне. Кожны з часопісаў мае сваю гісторыю і ўласныя напрацоўкі, у тым ліку і свой аўтарскі партфель. На жаль, некаторыя часопісы працуюць, што называецца, з калёс, бо ў нашай краіне шмат выдатных педагогаў, але не так шмат аўтараў з ліку педагогаў.
Я вітаю, калі на пасаду галоўнага рэдактара прыходзіць малады, крэатыўны чалавек. Так, часопіс “Матэматыка. Фізіка” ўзначаліў дацэнт кандыдат фізіка-матэматычных навук Дзмітрый Фёдаравіч Базылеў, і выданне стала прырастаць і па падпісцы, і па тэматыцы. А чаму? Таму што Дзмітрый Базылеў — алімпіяднік, куратар алімпіяднай школы па матэматыцы ў Беларусі з выдатнымі вынікамі на міжнародных спаборніцтвах. Час мяняецца, патрабуюцца новыя падыходы і новая тэматыка. Няма ўжо таго, што ў друк паступаюць невыразныя, неактуальныя матэрыялы. Любы артыкул павінен быць дарэчы. Калі ў ім гаворыцца пра Дзень народнага адзінства, то матэрыял павінен пабачыць свет у пачатку верасня, а не ў канцы, каб педагог змог выкарыстаць яго на ўроку. Аналагічна з матэрыяламі да 9 Мая і г.д.
Акрамя таго, мы выдаём “Беларускі гістарычны часопіс”, часопісы “Роднае слова”, “Пралеска”, “Диалог”, “Здоровый образ жизни”.
— А як вы, Валянцін Янавіч, ставіцеся да пераходу вашых часопісаў у электронны фармат?
— Пакуль мы ўстрымліваемся ад такога рашэння. У нас няма абароны на ўзроўні заканадаўчай базы ў гэтым пытанні. Да таго ж выдавецтва пакуль не вырасла да пэўных ступеней абароны сваіх электронных прадуктаў. У нашай практыцы — выкладваць матэрыялы сваіх часопісаў з адтэрміноўкай на год.
Спынюся яшчэ на нашым прадметным часопісе “Гісторыя і грамадазнаўства”, канцэпцыю якога мы абнаўляем. Нашаму выдавецтву было даручана распрацаваць дарожную карту аб пераўтварэнні гэтага часопіса ў навукова-папулярнае выданне для шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй нашай краіны, якім не абыякава яе сучаснасць. Новы часопіс будзе асвятляць у тым ліку пытанні сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, бяспекі — стане больш разнапланавым. Матэрыялы гістарычнай тэматыкі будуць не толькі звернуты ў мінулае, але і звязаны з сучаснасцю і будучыняй нашай краіны. Мы распрацавалі такую дарожную карту, Міністэрства адукацыі яе адобрыла, і зараз мы паступова, ад нумара да нумара, пачынаем пераўтвараць часопіс “Гісторыя і грамадазнаўства” ў навукова-папулярны часопіс “История и современность”. Зразумела, што гэта не стала нечаканасцю для нашых падпісчыкаў, мы анансавалі ўсе змяненні. Часопіс з чорна-белага пераўтвараецца ў поўнакаляровы, мяняючы не толькі сваю канцэпцыю і знешні выгляд, але і сваю аўдыторыю. Мы зацікаўлены ў тым, каб часопіс прыйшоўся даспадобы большай колькасці людзей, асабліва моладзі. Зараз ідзе актыўная работа па прасоўванні часопіса, шмат працуе ў гэтым кірунку яго галоўны рэдактар Аляксей Дзермант. Думаю, што з дапамогай пастаянных аўтараў, членаў рэдакцыйнага савета, Міністэрства адукацыі мы зробім часопіс цікавым і ён будзе шырока вядомым у нашай краіне. Плануем, што ён таксама будзе карыстацца папулярнасцю ў расійскага чытача, таму і зарэгістравалі яго на рускай мове, каб прыцягнуць увагу расійскага падпісчыка.
Планы і прыярытэты
— Што, на думку дырэктара выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, сёння ў прыярытэце для адукацыйнай сістэмы: адукацыя ці выхаванне?
— Вельмі добра адказаў на гэтае пытанне наш міністр адукацыі Андрэй Іванавіч Іванец: “Сёння проста выпусціць адукаванага чалавека недастаткова. Гэта павінен быць чалавек, які любіць сваю Радзіму і гатовы сваёй працай рабіць нашу краіну лепшай і прыгажэйшай”. Важна не проста быць адукаваным, але і прымяняць сваю адукацыю з карысцю для нашай дзяржавы.
Адукацыя і выхаванне — гэта працэсы, якія павінны ісці поруч. І нельга пабудаваць адукацыю без выхавання, як немагчыма выхаваць неадукаванага чалавека. Таму я не расстаўляў бы тут прыярытэты. Выдатна выхаваць дзіця патрыётам. А калі патрыёт яшчэ і адукаваны, інтэлектуальна развіты, дасведчаны чалавек, прафесіянал сваёй справы — гэта выдатна ўдвая.
— Якія планы і перспектывы развіцця ў выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”?
— Не буду занадта шмат расказваць пра нашы планы, каб не рассмяшыць Бога. У цэлым планы наступныя: зрабіць выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” магутным прадпрыемствам з дакладным размеркаваннем функцый, якое без праблем вырашала б тыя задачы, якія ставіць перад выдавецтвам Міністэрства адукацыі.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА