Адукацыя на дыстанцыі і “Свет у аб’ектыве”

Днямі ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці прайшоў Рэспубліканскі семінар “Развіццёвыя тэхналогіі ў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. У ім узялі ўдзел больш за 40 спецыя­лістаў з усіх рэгіёнаў краіны, сярод якіх педагогі дадатковай адукацыі, настаўнікі, намеснікі дырэктараў школ, загадчыкі метадычных кабінетаў, педагогі-арганізатары і інш.

Якія асаблівасці рэалізацыі мае праграма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў нашай краіне? Як вядома, сёння ў дзіцячай тэхнічнай творчасці распрацоўваюцца самыя розныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах на аснове тыпавых праграм. Пры гэтым навучэнцы могуць атрымліваць дадатковую адукацыю ў вочнай і завочнай (дыстанцыйнай) форме, на базавым ці павышаным узроўні, а таксама на занятках па індывідуальных праграмах.
Як паведаміў загадчык аддзела навукова-метадычнага суправаджэння і арганізацыйна-масавай работы РЦТТ Канстанцін Іванавіч Цыркун, сёння ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці праходзяць апрабацыю новыя праграмы дадатковай адукацыі з дыстанцыйнай формай навучання. Сярод іх такія аб’яднанні па інтарэсах, як “Азбука астраноміі”, “Суднамадэльны гурток”, “Хатні Самадзелкін”, “Мір фізікі”. Натуральна, усе яны разлічаны на выкарыстанне сучасных сродкаў камунікацыі.
Акрамя таго, у РЦТТ рэалізуюцца індывідуальныя праграмы дадатковай адукацыі для адораных навучэнцаў і тых, хто не можа пастаянна або часова наведваць заняткі ў цэнтры. Таксама педагогі цэнтра праводзяць праверку праграм аб’яднанняў па інтарэсах з павышаным узроўнем навучання.
“Зразумела, што калег з рэгіёнаў падчас семінара цікавілі самыя надзённыя тэмы, — адзначыла загадчыца аддзела навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій РЦТТ Алена Віктараўна Гарбарэц. — У прыватнасці, пытанні аховы працы, новыя нарматыўныя дакументы, а таксама атэстацыя работнікаў дадатковай адукацыі, падрыхтоўка і правядзенне рэспубліканскіх мерапрыемстваў, запланаваных на 2014 год.
Шмат увагі мы ўдзялілі абмеркаванню рэспубліканскага этапу ўжо вядомага ў краіне конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, Рэспубліканскаму конкурсу фотаработ “Перамогі незгасальнае святло”, XII спартакіядзе навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”, конкурсу інавацыйных тэхнічных ідэй “Мая ініцыятыва” і інш. Каштоўнай для нас аказалася прэзентацыя рэгіянальнага вопыту работы”.
У рамках семінара прайшоў Рэспубліканскі фотафорум “Свет у аб’ектыве”. Мэтай яго стала павышэнне якасці выкладання і ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў дадатковай адукацыі ў галіне лічбавай фатаграфіі і лічбавых тэхналогій.
Падчас фотафоруму прайшлі майстар-класы па стэрэафатаграфіі, фрызлайце. Таксама педагогі атрымалі магчымасць больш даведацца аб практыцы работы з асвятляльнымі прыборамі, апрацоўцы лічбавых фотаздымкаў у графічных рэдактарах, абмеркавалі кампазіцыйныя асаблівасці фатаграфіі.
У поле інтарэсаў удзельнікаў фотафоруму трапілі і такія тэмы, як “Здымка фотарэпартажу”, “Падрыхтоўка работ да выстаў”.

 

Наталля АЛЁХІНА.