Адукацыя не ведае меж

Магістрантаў па эканамічных спецыяльнасцях будуць сумесна рыхтаваць ГрДУ імя Янкі Купалы і Казахскі ўніверсітэт эканомікі, фінансаў і міжнароднага гандлю.

Пагадненне аб рэалізацыі сумеснай праграмы падпісалі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і рэктар Казахскага ўніверсітэта эканомікі, фінансаў і міжнароднага гандлю Сарсенгалі Абдыманапаў. 

Праграма стартавала падчас анлайн-сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі. Прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых адзначыў, што Купалаўскі ўніверсітэт апошнім часам актыўна развівае партнёрскія сувязі з установамі вышэйшай адукацыі Рэспублікі Казахстан. Заключана 16 дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве. Наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне ў вучэбнай і навуковай сферах з казахскімі УВА. 

Як паведамілі ў ГрДУ імя Янкі Купалы, навучанне будзе весціся па схеме “1 семестр + 1 семестр”. Плануецца, што заняткі ў Купалаўскім універсітэце для магістрантаў з Казахстана пачнуцца ў другім семестры новага навучальнага года. У першым жа семестры яны будуць вучыцца на базе Казахскага ўніверсітэта эканомікі, фінансаў і міжнароднага гандлю.

Магчымасці сумеснай падрыхтоўкі магістрантаў былі абмеркаваны яшчэ ў лістападзе мінулага года. У сумеснай адукацыйнай праграме плануюць прыняць ­удзел больш за 20 магістрантаў з Казахстана.

Ірына АНІКЕВІЧ.