На гэтых днях Прэм’ер-міністр нашай краіны А.У.Кабякоў прадставіў калектыву Міністэрства адукацыі новага міністра адукацыі. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 629 ад 27 снежня 2014 года, на гэтую пасаду быў прызначаны Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. Адпаведным рашэннем кіраўніка дзяржавы намеснікам міністра адукацыі была прызначана Р.С.Сідарэнка.
— Гэтыя асобы вельмі вядомыя ў сістэме адукацыі нашай краіны і змаглі заваяваць аўтарытэт у педагагічным асяроддзі, — адзначыў на прадстаўленні прэм’ер-міністр А.У.Кабякоў. — Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, да новага назначэння працаваў першым прарэктарам БДУ, а Раіса Станіславаўна Сідарэнка значную частку свайго працоўнага шляху прысвяціла рабоце ў школе, займалася кіраўніцкай дзейнасцю ў Міністэрстве адукацыі, а потым узначаліла Нацыянальны інстытут адукацыі. Як бачна, гэтыя людзі знаюць адукацыйную галіну дасканала і, без сумнення, змогуць выканаць тыя задачы, якія пастаўлены перад нацыянальнай сістэмай адукацыі і якія трэба вырашаць у самы бліжэйшы час.
А.У.Кабякоў паведаміў, што менавіта адукацыя заўсёды вызначала і вызначае актыўную грамадзянскую пазіцыю, прафесійна значныя якасці асобы, культурныя каштоўнасці, канкрэтныя здольнасці і сацыяльную запатрабаванасць кожнага чалавека. Акрамя гэтага, сёння перад сістэмай адукацыі нашай краіны стаяць сур’ёзныя выклікі: глабалізацыя эканомікі, уваходжанне Рэспублікі Беларусь у Еўразійскі эканамічны саюз і міжнародную адукацыйную прастору, сучаснае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, якія немагчыма вырашаць без адукацыйнай галіны. У сувязі з гэтым ад новага кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ўрад чакае эфектыўнай работы па максімальнай адаптацыі сістэмы адукацыі да сучасных змяненняў у грамадстве, на рынку працы, у сферы сучасных тэхналогій.
— Толькі тыя краіны, якія створаць і будуць пастаянна падтрымліваць эфектыўную сістэму адукацыі, змогуць забяспечыць устойлівае развіццё эканомікі, высокі ўзровень жыцця і дабрабыт грамадства, — упэўнены прэм’ер-міністр.
Відавочна, што нацыянальная сістэма адукацыі павінна працаваць на апярэджанне падрыхтоўкі кадраў для вытворчасці і сацыяльнай сферы, якія павінны быць запатрабаваны на рынку працы. Толькі так можна будзе вырашыць праблему збалансаванасці попыту і прапанавання на падрыхтоўку кадраў з боку работадаўцаў. Сёння кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб навучанне будучых спецыялістаў мела практыка-арыентаваны стыль, і па такім кірунку павінны рухацца навучальныя ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі. З улікам гэтага пачынаючы з першага курса навучэнцы павінны максімальна далучацца да практычнай дзейнасці па той спецыяльнасці, якую выбралі.
— Чым раней мы пачнём арыентаваць нашых навучэнцаў на практычнае засваеннне будучай спецыяльнасці, тым больш кваліфікаваных спецыялістаў мы атрымаем, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. — Каб ажыццявіць гэта, важна, каб матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў не адставала ад аснашчанасці прадпрыемстваў, паспявала за навукова-тэхнічным прагрэсам, за развіццём нашай эканомікі і каб той разрыў у аснашчэнні, які сёння існуе паміж установамі і сучаснай вытворчасцю, быў скарочаны да мінімуму.
Шмат увагі трэба ўдзяляць і развіццю агульнай сярэдняй адукацыі. Менавіта школа з’яўляецца ключавым звяном у адукацыйнай сферы.
— Якасць і эфектыўнасць работы школы вызначае далейшае паспяховае жыццеўладкаванне выпускніка, станаўленне яго як будучага спецыяліста, сем’яніна і грамадзяніна сваёй краіны, — адзначыў прэм’ер-міністр. — І сёння вельмі важна, каб школа працавала на поўную магутнасць.
Кіраўнік дзяржавы неаднаразова звяртаў увагу на праблемы, якія існуюць у сістэме адукацыі, асабліва ў агульнаадукацыйнай школе. Недастатковасць месцаў у дзіцячых садах і школах, асабліва ў раёнах-новабудоўлях, бюракратызацыя сістэмы адукацыі, выкананне педагогамі неўласцівых для іх функцый, нізкі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў па дысцыплінах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, па беларускай і замежнай мове — гэта не поўны пералік праблем, якія як адмоўна ўплываюць на якасць адукацыі сёння, так і здольны паўплываць на развіццё нашай краіны ў будучым. Да вырашэння гэтых праблем трэба падыходзіць узважана і прадумана. Менавіта з гэтай нагоды былі створаны дзве камісіі самага высокага складу для вывучэння стану спраў у сістэме адукацыі. У першым квартале новага года кіраўніком дзяржавы будзе праведзена вялікая нарада, прысвечаная вынікам работы гэтых камісій і вызначэнню крокаў па ўдасканаленні адукацыйнай галіны.
А.У.Кабякоў акрэсліў задачы, якія неабходна вырашыць у першую чаргу. Сярод іх распрацоўка стратэгіі пераходу на профільнае навучанне ў школе, новы падыход да арганізацыі шостага школьнага дня, павышэнне якасці педагагічнай адукацыі, выпрацоўка найбольш дзейсных мер па замацаванні маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы, павышэнне прэстыжу і канкурэнтаздольнасці прафесійнай адукацыі, пошук новых і эфектыўных метадаў маладзёжнай палітыкі, у выхаванні і ў ідэалагічнай рабоце.
— Выхаванне грамадзяніна, патрыёта, актыўнага члена грамадства, далучэнне дзяцей і моладзі да здаровага ладу жыцця і спорту, фарміраванне ў маладога пакалення непрыняцця да алкаголю, наркотыкаў — не менш значная справа чым задача навучання ў сістэме адукацыі, — адзначыў А.У.Кабякоў. — Таму якасць навучання і выхавання трэба ўзняць на новы больш высокі віток.
Прэм’ер-міністр пажадаў новаму кіраўніцтву Міністэрства адукацыі весці эфектыўную і мэтанакіраваную работу апарату міністэрства па вырашэнні пастаўленых задач, вывесці нацыянальную сістэму адукацыі на прынцыпова новы якасны ўзровень і зрабіць яе адной з лепшых у сусветнай адукацыйнай прасторы.
— Адукацыя — гэта фундамент грамадства, залог развіцця краіны, таму, безумоўна, ад стану нацыянальнай сістэмы адукацыі залежыць наша будучыня, — адзначыў міністр адукацыі М.А.Жураўкоў. — Адукацыйная галіна павінна развівацца дынамічна, але без рэзкіх рухаў, якія могуць негатыўна адбіцца на ўсіх удзельніках адукацыйнага працэсу, таму нашы крокі павінны быць памяркоўнымі і абдуманымі.
Новы міністр адукацыі прапанаваў стварыць пры Міністэрстве адукацыі
грамадскі савет, куды маглі б увайсці прадстаўнікі бізнес-структур, кіраўнікі навучальных устаноў, педагогі, навучэнцы, іх бацькі.
— Такі савет можа выпрацаваць свае падыходы ў паспяховае развіццё адукацыйнай галіны, — падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч. — Тым больш што падобная структура вельмі прадукцыйна працуе ў БДУ.
Экс-міністр адукацыі Беларусі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч цёпла падзякаваў калектыву міністэрства за 4-гадовы тэрмін сумеснай работы і адзначыў, што без такой крэатыўнай і ініцыятыўнай каманды немагчыма было б распрацаваць і прыняць больш за 700 нарматыўных прававых актаў, якія паспрыялі развіццю сістэмы адукацыі нашай краіны.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.