Адукацыя праз усё жыццё

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўсклаў кветкі да мемарыяльнай дошкі ў гонар Віталя Васільевіча Гузава, усталяванай на будынку сярэдняй школы № 13 Жлобіна, якая носіць імя славутага настаўніка. Віталь Гузаў быў заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь, выдатнікам адукацыі, ініцыятарам правядзення Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Сённяшні дырэктар установы Алена Ананчыкава расказвае, што Віталь Гузаў 10 разоў быў удастоены прэміі спецфонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за тое, што з 2007 па 2019 год ён падрыхтаваў 47 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

— Нашай школе 23 гады, і ўвесь час мы шукаем і знаходзім магчымасці для станаўлення і развіцця калектыву і вучняў, — адзначае А.Ананчыкава. — У нас 9 лаўрэатаў прэзідэнцкага фонду сярод настаўнікаў, а 89 навучэнцаў з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За ўвесь час існавання школы падрыхтавана 95 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па розных вучэбных прадметах. Як кіраўнік я стаўлю перад сабой задачу стварыць умовы для забеспячэння эфектыўнага адукацыйнага працэсу, для прафесійнага росту і самарэалізацыі педагогаў. Пра плённасць нашай работы сведчаць поспехі вучняў. Яны паказваюць высокія вынікі на алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах і ЦТ. Сёлета Лізавета Глушакова атрымала 100-бальны сертыфікат па грамадазнаўстве. Падрыхтавала яе педагог Наталля Нікіценка.

Для развіцця цікавасці навучэнцаў да даследчай дзейнасці ў школе арганізавана работа навуковага таварыства “Пошук”. Вучні прымаюць удзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук”, у конкурсах Парка высокіх тэхналогій, “Тэхнаінтэлект”, фестывалях па робататэхніцы, дзе паказваюць добрыя вынікі. Трынаццатая школа Жлобіна — адзіная ў вобласці, дзе працу­юць два настаўнікі-метадысты і два члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” — удзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Гэта дырэктар і настаўнік фізікі Алена Ананчыкава і настаўнік працоўнага навучання Дзмітрый Доўнар.

Прынцып “роўны навучае роўнага” рэалізуецца праз правядзенне майстар-класаў, педагагічных майстэрняў. У школе пастаянна праходзіць семінар “Актуальныя формы арганізацыі, правядзення вучэбных заняткаў”.

— У педагагічнага калектыву нашай школы багаты вопыт профільнага навучання, — адзначае Алена Аляксандраўна. — Цяпер на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана профільнае навучанне, сфарміравана педагагічная група, у базавым класе вучні асвойваюць прафесіі “Слесар” і “Швачка”. Добрая матэрыяльная база дазваляе эфектыўна арганізоўваць працэс падрыхтоўкі. Навучэнцы педагагічнай групы вывучаюць пэўныя прадметы на павышаным узроўні. Як правіла, гэта тыя прадметы, настаўнікамі якіх яны плануюць стаць у будучыні.

У школе створаны Музей гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны. Яго экспанаты зацікавілі і міністра адукацыі Ігара Карпенку. Ва ўстанове ўпэўнены, што музейная педагогіка дазваляе інтэграваць магчымасці музея ў дапрофільную педагагічную падрыхтоўку, актывіза­ваць пошукавую і даследчую дзейнасць навучэнцаў.

У сістэму адукацыі Жлобінскага раёна ўвахо­дзіць 86 устаноў. Адукацыйны працэс ажыццяўля­юць 2 232 педагогі. 36 школ наведвае звыш 13 тысяч навучэнцаў. 34 залатыя медалі атрымалі выпускнікі 2019/2020 навучальнага года.

— Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання летась Жлобінскі раён заняў першае месца ў вобласці, — расказвае начальнік аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Салаўёў. — Тры дыпломы прывезлі з заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды: па прадметах «Грамадазнаўства», «Руская мова і літаратура» і «Працоўнае навучанне». Па колькасці атрыманых дыпло­моў наш раён заняў трэцяе месца ў вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.