Адукацыя праз узаемадзеянне

Днямі Міністэрства адукацыі Беларусі наведала дэлегацыя Ісламскай Рэспублікі Пакістан — сакратар урада гэтай краіны па пытаннях адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі (у рангу намесніка прэм’ер-міністра) МУХАМАД ІМЦІАЗ ТАДЖВАР, старшыня камісіі па вышэйшай адукацыі Ісламскай Рэспублікі Пакістан (у рангу міністра) МУХТАР АХМЕД і саветнік па адукацыі Федэральнага міністэрства адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Пакістана МУХАМАД РАФІК ТАХІР. Гасцей сустракалі прадстаўнікі беларускага міністэрства, навучальных устаноў на чале з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь МІХАІЛАМ ЖУРАЎКОВЫМ.
—Вельмі спадзяюся, што знаходжанне ў Беларусі будзе для вас і прыемным, і карысным, — звярнуўся да членаў дэлегацыі М.А.Жураўкоў, пачынаючы сустрэчу.
Міхаіл Анатольевіч коратка расказаў гасцям пра сістэму адукацыі нашай краіны, падкрэсліўшы пры гэтым, што ёй у Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага. Ён таксама заўважыў, што ў нашых універсітэтах зараз навучаюцца больш за 18 тысяч замежных студэнтаў, шмат з якіх прыехалі з краін Азіі і Усходу.
— Шмат ўвагі мы ўдзяляем мабільнасці нашых студэнтаў і выкладчыкаў, — дадаў Міхаіл Анатольевіч. — Вітаем, калі нашы студэнты падчас вучобы наведваюць іншыя дзяржавы, таму мы зацікаўлены, каб беларускія студэнты прыязджалі, глядзелі, як навучанне арганізавана ў Пакістане. Магу з ўпэўненасцю сказаць, што як прафесарска-выкладчыцкі склад, так і наша студэнцтва вельмі зацікаўлены і ў сумесным навучанні, і ў сумесных навуковых даследаваннях. Мы з надзеяй глядзім на ваш прыезд, як на магчымасць паглыблення тых пагадненняў, якія мы пачалі падпісваць падчас майго візіту ў Пакістан.3_Пакістан
Пра жаданне развіць адносіны ў сферы адукацыі, якія ўжо існуюць паміж Беларуссю і Пакістанам, гаварыў і кіраўнік пакістанскай дэлегацыі Мухамад Імціаз Таджвар.
— Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, — сказаў ён. — Мы хочам вывучыць сістэму адукацыі Беларусі і паглядзець, які беларускі вопыт можам пераняць мы і што будзе цікава беларусам у сістэме адукацыі нашай краіны. Прэм’ер-міністр Пакістана даў нам даручэнне наведаць Беларусь, каб замацаваць тыя адносіны, якія пачалі завязвацца ў гэтай галіне паміж нашымі краінамі, і развіць тыя пагадненні, які ўжо існуюць. Мы ўдзячны вам за магчымасць прыехаць у Беларусь да афіцыйнага візіту прэм’ер-міністра Пакістана ў вашу краіну.
Госці расказалі беларускім спецыялістам аб сістэме адукацыі Пакістана. Так, яны паведамілі, што больш за палову 200-мільённага насельніцтва іх краіны — гэта маладыя людзі, якія зацікаўлены ў атрыманні адукацыі, у развіцці гэтай сістэмы. Па словах Мухтара Ахмеда, адной з задач камісіі, якую ён узначальвае, у апошнія 12 гадоў было накіраванне маладых пакістанцаў на навучанне за мяжу. 26 тысяч маладых людзей з вышэйшай адукацыяй, з рознымі вучонымі ступенямі ўжо вярнуліся ў родную краіну.
А саветнік па адукацыі Федэральнага міністэрства адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Пакістана Мухамад Рафік Тахір заўважыў, што членам дэлегацыі надзвычай цікавая і сістэма школьнай, а таксама дашкольнай адукацыі Беларусі. Спецыялісты з Пакістана збіраюцца вывучыць беларускую сістэму дашкольнага выхавання, каб арганізаваць нешта падобнае ў сябе.
Акрамя таго, госці заўважылі, што пакістанскі бок спадзяецца на дапамогу беларускіх спецыялістаў у арганізацыі міжнароднай канферэнцыі асацыяцыі навуковых паркаў, правядзенне якой запланавана на 2017 год.
— Пасля візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Пакістан і напярэдадні прыезду прэм’ер-міністра нашай краіны ў Беларусь мы зацікаўлены ў тым, каб заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне прафесійнай адукацыі, — дадаў у размове з журналістамі сакратар Урада Ісламскай Рэспублікі Пакістан па пытаннях адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Мухамад Імціаз Таджвар.
Таксама ён прапанаваў арганізаваць у адным з беларускіх універсітэтаў кафедру, якая б спрыяла супрацоўніцтву з Пакістанам. Усе выдаткі па яе арганізацыі возьме на сябе пакістанскі бок, які таксама спадзяецца накіраваць у Беларусь сваіх выкладчыкаў, як і прыняць выкладчыкаў з Беларусі ў сябе.
Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў у сваю чаргу адзначыў:
— Калі быў у Пакістане, звярнуў увагу на сістэму ацэнкі якасці адукацыі, якая мне вельмі спадабалася. Там створана спецыяльная незалежная камісія, з вопытам работы якой я вельмі ўважліва азнаёміўся. Зараз і мы плануем стварыць нейкую адзіную, незалежную ад Міністэрства адукацыі, ад іншых структур камісію, якая будзе ацэньваць якасць адукацыі, пачынаючы ад дашкольных устаноў і заканчваючы ўстановамі вышэйшай адукацыі. Гэта не патрабуе дадатковых фінансавых рэсурсаў, але спяшацца ў такой важнай справе мы не будзем. У нас, на мой погляд, і зараз сістэма кантролю працуе дастаткова добра, гаворка ідзе пра яе ўдасканаленне, таму мы вывучаем замежны вопыт, у тым ліку і вопыт Пакістана.
Што да сумесных адукацыйных структур, то, па словах міністра адукацыі Беларусі, гаворка ідзе пра супрацоўніцтва ў сферы тэхнічнай адукацыі, магчыма, на базе БНТУ або БДУІР, а таксама ў адным з пакістанскіх універсітэтаў. Акрамя таго, гаварылася пра стварэнне кафедры ўсходніх моў.
У Пакістане зараз існуе вялікая цікавасць да рускай мовы, як заўважыў М.А.Жураўкоў, а таксама да ІТ-тэхналогій. Разглядаецца пытанне аб накіраванні беларускіх выкладчыкаў ІТ-дысцыплін для чытання лекцый у ВНУ Пакістана. Пройдуць перамовы і аб супрацоўніцтве ў іншых сферах адукацыі і навукі, напрыклад, у біятэхналогіі.
— У Пакістане, як прагучала падчас сённяшняй сустрэчы, шмат людзей, якія не маюць спецыяльнай адукацыі, і ўрад імкнецца стварыць у сваёй краіне сістэму падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, таму там вельмі цікавяцца нашым вопытам, — дадаў Міхаіл Анатольевіч. — І адна з галоўных мэт наведвання Рэспублікі Беларусь — гэта якраз правядзенне перамоў аб дапамозе беларускіх экспертаў у стварэнні тэхнічных ліцэяў у Пакістане.
Візіт пакістанскай дэлегацыі працягнецца да 1 жніўня. Ужо ў першы дзень свайго знаходжання ў нашай краіне госці наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У праграме візіту — сустрэча з намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталляй Іванаўнай Качанавай. Таксама для пакістанскай дэлегацыі распрацавана вялікая праграма наведвання навучальных устаноў і ўстаноў культуры Беларусі. Так, у ёй значацца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, БДУІР, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Парк высокіх тэхналогій, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Слуцкі дзяржаўны каледж, Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, музей “Замкавы комплекс “Мір”, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, ды і візіт у Міністэрства адукацыі запланаваны не адзін.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
.