Адукацыя сталіцы — тэрыторыя поспеху і развіцця

- 15:11Апошнія запісы, Рознае

Жнівеньскі форум педагагічных работнікаў “Сталічная адукацыя. Стратэгія развіцця” сабраў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прадстаўнікоў адукацыйнай сферы Мінска, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў, дырэктараў устаноў адукацыі, настаўнікаў-практыкаў, ветэранаў педагагічнай працы. У рабоце форуму прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і інш.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння была арганізавана выстава “Мінск — горад, дружалюбны да дзяцей”. Установы агульнай сярэдняй, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадставілі свае напрацоўкі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, музейнай педагогікі і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Перспектывы развіцця сістэмы адукацыі горада прадставіў у сваім выступленні старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык. Па яго словах, шлях да інавацыйнай эканомікі праходзіць праз інавацыйную адукацыю. Вынікі дзейнасці сістэмы адукацыі Мінска паказваюць, што стратэгія яе развіцця адпавядае патрэбам часу, а самыя смелыя праекты паступова становяцца рэальнай адукацыйнай практыкай. На аснове адзінай інфармацыйнай прасторы ў горадзе створана сетка рэсурсных цэнтраў па ўсіх напрамках дзейнасці, склалася многаступеньчатая сістэма работы з адоранымі дзецьмі, трансфармуецца ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зроблены ўпэўненыя крокі ў пабудове інклюзіўнай школы, створана комплексная шматузроўневая сістэма абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей і інш. У працэсе стварэння гэтых сістэм сфарміраваліся і новыя прафесійныя кампетэнцыі педагогаў, сярод якіх — мабільнасць і аператыўнасць, уменне і гатоўнасць арыентавацца ў новай адукацыйнай сітуацыі.

Як адзначалася, Мінск захоўвае высокую марку сталічнай адукацыі, забяспечваючы стабільны рост вучэбных дасягненняў, лідарства ў рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, умацаванне пазіцый дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый у выхаваўчай прасторы горада, сацыяльную адаптацыю дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, мабільнае рэагаванне прафесійна-тэхнічнай адукацыі на запыты рынку працы. Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што для інавацыйнай адукацыі ёсць і рэсурсы, і магчымасці.

Існуючая ў горадзе сетка ўстаноў адукацыі прадастаўляе шырокія магчымасці і даступнасць якаснай адукацыі для ўсіх катэгорый дзяцей. У цяперашні час ажыццяўляецца будаўніцтва адной школы і чатырох устаноў дашкольнай адукацыі. У адпаведнасці з планам будаўніцтва ўстаноў адукацыі да 2020 года плануецца пабудаваць 10 сярэдніх школ і 14 дашкольных устаноў. Гэта ў перспектыве, а пакуль праблема забяспечанасці месцамі ў дашкольных установах у горадзе застаецца.

— Новыя дашкольныя ўстановы будуюцца ў асноўным па праектах дваццацігадовай даўнасці. Такія будынкі прасторныя, светлыя, у іх ёсць холы, медыцынскі блок, памяшканні для спартыўнай і творчай занятасці і г.д. А праектная магутнасць такога многафункцыянальнага аб’екта толькі 230 дзяцей, — адзначыў Міхаіл Уладзіміравіч. — Улічваючы эканамічную і дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, трэба разгледзець магчымасці ўнясення карэкціровак у праекты будаўніцтва дашкольных устаноў, больш ра-цыянальна падыходзіць да выкарыстання плошчаў будынкаў.

Дашкольная адукацыя развіваецца дастаткова актыўна, але хуткае развіццё сеткі ставіць шэраг праблем, у першую чаргу кадравых. Гаворка ідзе не столькі аб забеспячэнні выхавальнікамі, колькі аб іх кваліфікацыі, гатоўнасці вырашаць задачы пераходу на новую якасць адукацыі.

Адным з перспектыўных напрамкаў у развіцці сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі горада з’яўляецца арганізацыя профільнага навучання. Летась у горадзе было адкрыта 200 профільных класаў (2 гады назад іх было 80). Адукацыйны працэс забяспечаны кадравымі і матэрыяльнымі рэсурсамі. 96% настаўнікаў, якія працавалі ў гэтых класах, мелі вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У арганізацыйным плане былі ўлічаны пралікі і памылкі папярэдняга года, аказана сур’ёзная метадычная падтрымка настаўнікам, якасна ўзбагаціўся вучэбны працэс новымі формамі і тэхналогіямі. У межах адзінай адукацыйнай прасторы сталі выкарыстоўваць такія формы арганізацыі навучання школьнікаў, як дыстанцыйныя ўрокі і лекцыі, завочныя школы, курсы інтэнсіўнага навучання. У змястоўным плане пашырылі навучэнцам магчымасці выбару профілю навучання. 11 класаў мелі прафесійную накіраванасць. На пачатак новага навучальнага года плануецца адкрыць 228 профільных класаў. Далейшыя намаганні павінны быць сканцэнтраваны на такіх напрамках, як арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі (максімальна выкарыстоўваючы магчымасці школьнага кампанента, вучэбнага плана і сістэмы дадатковай адукацыі); фарміраванне ўсвядомленай матывацыі школьнікаў і іх бацькоў да выбару профілю, на ўзмацненні псіхалагічнага, выхаваўчага складнікаў педагагічнага суправаджэння профільнага навучання на этапе выбару. Важна таксама ажыццяўляць кіраванне патокамі навучэнцаў у адпаведнасці з выбарам напрамку профільнага навучання, а таксама арганізаваць супрацоўніцтва школ з іншымі адукацыйнымі сістэмамі.

У развіцці адукацыі горада значным вектарам з’яўляецца работа з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. “За кожным школьнікам, які заявіў пра сябе на алімпіядах ці конкурсах і матывававаны да далейшага ўдзелу ў індывідуальных спаборніцтвах, неабходна замацаваць цьютара”, — лічыць М.Мірончык.

Старшыня камітэта пералічыў напрамкі далейшага развіцця работы з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі ў сталіцы. Сярод іх — мэтанакіраваны адбор настаўнікаў, якія патэнцыяльна гатовы да работы з адоранымі дзецьмі, абнаўленне зместу метадычнай работы, стварэнне нефармальнай прафесійнай суполкі, распрацоўка індывідуальных маршрутаў развіцця адораных дзяцей.

— Каб вучні пасля школы не раствараліся ў прасторах блізкага і далёкага замежжа альбо каб не заставаліся незаўважанымі ў агульнай масе студэнтаў, трэба шырэй выкарыстоўваць тэхналогіі партфоліа, — мяркуе Міхаіл Уладзіміравіч. — У ВНУ павінны ведаць, што да іх прыйшлі высокаматываваныя маладыя людзі. Варта гаварыць аб стварэнні агульнагарадской інфраструктуры падтрымкі адоранасці, у якой усе зацікаўленыя бакі зоймуць сваю нішу для выканання галоўнай задачы — дапамагчы маладым грамадзянам рэалізавацца ў жыцці.

Міхаіл Мірончык таксама паведаміў, што бацькоў неабходна актыўна прыцягваць у працэс узаемадзеяння са школай. Важна, каб кожны з бацькоў быў не аб’ектам, а актыўным суб’ектам узаемадзеяння ў працэсе выхавання. “Думаю, наспела неабходнасць стварэння гарадскога папячыцельскага савета ці грамадскага аб’яднання, куды ўвайшлі б найбольш актыўныя бацькі”, — сказаў ён.

Гаворачы пра статус і асабісты прыклад настаўніка, Міхаіл Уладзіміравіч адзначыў: “Мы лічым настаўніка носьбітам ведаў, духоўных і культурных ідэалаў. Але давайце прызнаемся, што сёння ў школы прыходзіць зусім іншае пакаленне педагогаў. І нярэдка іх даводзіцца вучыць і ідэалам, і адказнасці за тое, як і з чым яны прыходзяць да дзяцей”.

Старшыня камітэта звярнуў увагу прысутных і на тое, што настаўнікі апошнім часам не зацікаўлены ў павышэнні сваёй катэгорыі. Гэта, па яго меркаванні, сведчыць, што педагог не ўпэўнены ў сабе і ў яго заніжана самаацэнка, да таго ж ва ўстанове не створаны ўмовы для імкнення дэманстрацыі педагогам свайго творчага патэнцыялу.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў станоўча ацаніў работу сталічных педагогаў па павышэнні якасці адукацыі (лідарства навучэнцаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, у конкурсах навукова-даследчых работ, высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: ва ўмоўны топ-100 увайшлі 25 устаноў адукацыі горада) і акцэнтаваў увагу на задачах новага навучальнага года. Сярод іх — павышэнне персанальнай адказнасці кожнага спецыяліста — ад настаўніка да кіраўніка — за вынікі сваёй работы, забеспячэнне здароўезберагальных і бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі, шырокае выкарыстанне магчымасцей шостага школьнага дня, якасная арганізацыя прафарыентацыйнай работы, разбурэнне стэрэатыпу карыстальніцкіх адносін бацькоў да вучэбнага працэсу.

“Самая важная задача — забяспечыць якасць адукацыі. І гэта не толькі вынік навучання, а цэлая сістэма і ўмовы, якія гарантуюць, што навучэнцы атрымліваюць комплекснае, асобаснае, сацыяльнае развіццё і выхаванне, якія ім дазваляюць быць паспяховымі ў жыцці”, — падкрэсліў міністр адукацыі.
Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава ў сваім выступленні закранула праблему стымулявання педагагічных работнікаў, павышэння статусу іх работы. Па меркаванні Наталлі Іванаўны, сістэму аплаты працы педагогаў неабходна ўдасканальваць і спрашчаць, бо яна вельмі нагрувашчаная. Неабходна разняволіць ініцыятыву педагогаў. Даць ім магчымасць зарабляць шляхам пазабюджэтнай дзейнасці пры аказанні платных паслуг. Урад рыхтуе прапановы па матэрыяльным стымуляванні работы педагогаў.

Па добрай традыцыі на жнівеньскім форуме лепшыя кіраўнікі і педагогі былі ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, граматамі, падзякамі Мінгарвыканкама, Мінгарсавета. Сярод узнагароджаных нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” — настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 22 Галіна Міхайлаўна Чэпелева, настаўніца матэматыкі гімназіі № 50 Святлана Іванаўна Няжурына, настаўніца іспанскай мовы сярэдняй школы № 114 Людміла Генадзьеўна Кажамякіна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота БелТА.