Адукацыя ў лічбавым грамадстве

- 14:34Суразмоўца

У Міністэрстве адукацыі распрацавана Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з гэтым дакументам, лічбавая трансфармацыя прадугледжвае напрамкі, якія ўключаюць лічбавізацыю непасрэдна адукацыйнага працэсу, а таксама тыя, што спадарожнічаюць адукацыйным. Канцэпцыя закладвае базу, якая ўключае мадэрнізацыю інфраструктуры сістэмы адукацыі, укараненне ў адукацыйны працэс прарыўных тэхналогій, аптымізацыю і алічбоўку з дапамогай праграмных сродкаў. Пра тое, што сёння адбываецца ў гэтай сферы, гутарым з дырэктарам Галоўнага інфармацыйна­аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Ю.В.КРУГЛІКАМ.

— Юрый Віктаравіч, стварэнне і развіццё адукацыйнага кантэнту — адзін з прыярытэтных напрамкаў ліч­бавай трансфармацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі.

— Абсалютна так. Менавіта па гэтай прычыне Міністэрства адукацыі занялося стварэннем адзі­нага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, якое было пачата ў 2020 годзе, а сёння рэсурс трывала ўвайшоў у жыццё сістэмы адукацыі нашай краіны. Да яго распрацоўкі далучаны наш цэнтр, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, абласныя (Мінскі гарадскі) інстытуты развіцця адукацыі, педагогі-наватары, творчыя настаўнікі з усёй краіны.

Нашай арганізацыі была даручана распрацоўка рэсурсу і забеспячэнне яго працаздольнасці, а ўсім іншым структурам сумесна з педагагічнай грамадскасцю трэба было весці распрацоўку і размяшчэнне адукацыйных матэрыялаў. Мы актыўна і напружана працавалі па запуску АІАР, і ўжо з лістапада 2020 года рэсурс пачаў актыўна напаўняцца лепшымі распрацоўкамі ўрокаў, метадычнымі рэкамендацыямі ад вядучых педагогаў нашай краіны. Усе матэрыялы перад размяшчэннем праходзяць экспертызу. З пачатку гэтага года АІАР пачаў сваю работу ў тэставым рэжыме. У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у мэтах забеспячэння стабільнай работы рэсурсу і выключэння магчымасці парушэння яго працаздольнасці шляхам нападаў, укаранення шкоднага праграмнага забеспячэння і г.д. размяшчэнне АІАР ажыццяўляецца на пляцоўцы Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных (ТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі”). Варта адзначыць, што з моманту пачатку работы гэтага рэсурсу, асабліва ў студзені 2021 года, былі неаднаразовыя спробы з боку зламыснікаў за­блакіраваць работу рэсурсу і парушыць яго працаздольнасць. Па стане на 20.10.2021 ні адна са спроб не ўвянчалася поспехам, перабояў у рабоце АІАР не было.

— Па сутнасці, распрацаваная вашым цэнтрам версія адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу ўяўляе сабой інтэрнэт-сайт адукацыйнага характару.

— Так, сапраўды, гэта інтэрнэт-сайт, які мае форму зваротнай сувязі для наведвальнікаў. У цяперашні час гэта рускамоўная версія, дзе размешчаны паўрочныя распрацоўкі па ўсіх вучэбных прадметах у адпаведнасці з каляндарным планаваннем. Па кожнай тэме, акрамя звестак аб тым, што павінен ведаць і ўмець навучэнец, размешчаны метадычна і дыдактычна вывераныя відэафрагменты ўрока. Па выніках вывучэння тэмы ёсць магчымасць прайсці тэст і праверыць свае веды. Усе размешчаныя матэрыялы даступны для запампоўкі і прагляду на тэлевізары, планшэце і любой іншай прыладзе. Таксама распрацавана мабільная версія АІАР. Для кожнай тэмы размешчаны параграф з падручніка. Акрамя гэтага, змяшчаюцца звесткі аб электронных адукацыйных рэсурсах, дадатковыя матэрыялы па тэмах урока і інш. Безумоўна, адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс з’яўляецца дзейсным сродкам для падтрымання навучэнцаў і дапамогі педагогам у выпадку, калі навучэнец па нейкай прычыне не змог наведаць урок альбо засвоіў тэму на недастатковым узроўні.

У той жа час прапанаваная версія гэтага рэсурсу з’яўляецца мінімальна неабходнай для арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў выпадку ўзнікнення такой патрэбы. Для распрацоўкі паўнавартаснай версіі АІАР, якая прадугледжвае функцыянал па ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, стварэнні профіляў навучэнца, педагога, установы адукацыі, укараненні механізму выстаўлення адзнак па выніках праведзеных заняткаў, у тым ліку інтэграцыя з дзяржаўнымі сэрвісамі “Электронны дзённік”, “Электронны журнал”, арганізацыі індывідуальнага і групавога чата, зносін анлайн з асобным навучэнцам, усім класам і г.д., у мінулым годзе было распрацавана адпаведнае тэхнічнае заданне. Цяпер сіламі нашага цэнтра распрацавана беларускамоўная версія адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, якая пакуль не даступна для карыстальнікаў з прычыны недастатковага аб’ёму размешчаных у ёй матэрыялаў. Да канца гэтага года плануецца распрацаваць версію для людзей са слабым зрокам. Вядуцца работы па ўдасканаленні інтэрфейсу АІАР. У далейшым плануецца пашырыць яго функцыянал і перайсці з узроўню агульнай сярэдняй адукацыі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс з’яўляецца дзейсным сродкам для падтрымання навучэнцаў і дапамогі педагогам у выпадку, калі навучэнец па нейкай прычыне не змог наведаць урок альбо засвоіў тэму на недастатковым узроўні.

— Як вядома, у рамках рэалізацыі Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі пачата работа над стварэннем рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя.

— З гэтай мэтай мы распрацавалі эскізны праект рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, дзе ўключаны такія пазіцыі, як фарміраванне абавязковых патрабаванняў да яго практычнай рэалізацыі на аснове заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, абароны насельніцтва ад уздзеяння неспрыяльных фактараў і патрабаванняў СанПіН. Згодна з гэтым, ужо распрацавана Канцэпцыя стварэння рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Па сутнасці, гэты праект уяўляе сабой адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму ў сферы адукацыі і будзе забяспечваць развіццё нацыянальнай сістэмы інфармацыйных рэсурсаў, сістэмы электронных паслуг і адукацыйных сэрвісаў у сферы адукацыі, таксама аўтаматызацыю працэсаў кіравання ўстановамі адукацыі, далейшае ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё адукацыйнага кантэнту.

Як неад’емная частка рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя фарміруецца праект “Электронная адукацыя”, які ўключае “Электронны дзіцячы сад”, “Электронную школу”, “Электронны каледж”, “Лічбавы ўніверсітэт”. Трэба адзначыць, што праект “Электронная адукацыя” — гэта лагічны працяг рэалізаванага ў 2016—2020 гадах праекта “Электронная школа”.

— Якія напрамкі работы з’яўляюцца асноўнымі для рэалізацыі праекта “Электронная адукацыя”?


— Перш-наперш гэта пабудова інфармацыйных сістэм і аўтаматызацыя працэсаў кіравання, развіццё і мадэрнізацыя інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры сістэмы адукацыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, фарміраванне сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту, развіццё адукацыйных сэрвісаў.
Мэтамі праекта “Электронная адукацыя” з’яўляюцца павышэнне якасці і мабільнасці адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях адукацыі, эфектыўнасці кіравання сістэмай адукацыі; падрыхтоўка навучэнцаў і работнікаў сістэмы адукацыі да жыццядзейнасці ў лічбавым грамадстве; пераход да персаналізаванага і арыентаванага на вынік адукацыйнага працэсу; стварэнне адпаведнай інфраструктуры падтрымкі анлайн-навучання і сеткавага ўзаемадзеяння для забеспячэння дзейнасці ўстаноў адукацыі ва ўмовах хуткіх тэхналагічных змяненняў і глабальных выклікаў. Немалаважна фарміраваць базавы контур для лічбавізацыі дзелавых працэсаў ва ўстановах адукацыі і органах кіравання адукацыяй.

Фінансаваць праект мы плануем як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (сродкі на фінансаванне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, а таксама сродкі рэспубліканскага фонду ўніверсальнага абслугоўвання сувязі і інфарматызацыі), так і за кошт рэалізацыі інвестыцыйнага дагавора (гэтае пытанне ў стадыі актыўнай прапрацоўкі). Па выніках рэалізацыі праекта “Электронная адукацыя” будуць выкананы праектныя рашэнні па развіцці тэлекамунікацыйнай інфраструктуры рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Ужо створана воблачная серверная платформа на базе Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных, распрацаваны новыя праграмныя прадукты, інфармацыйныя і інфармацыйна-аналітычныя сістэмы, якія будуць уключаны ў адзіную лічбавую платформу на аснове воблачных тэхналогій. Сістэматызаваны, мадэрнізаваны, інтэграваны існуючыя праграмныя прадукты. Спраектавана і створана адзіная сістэма адукацыйных рэсурсаў, куды ўваходзяць адзіны інфармацыйна-аду­кацыйны рэсурс для праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу і сэрвісы, арыентаваныя на выкарыстанне тэхналогій дыстанцыйнага, мабільнага навучання і бесперапыннай адукацыі, якія забяспечваюць магчымасці комплекснага маніторынгу і аналізу адукацыйнага працэсу. Захавана бяспека інфармацыі шляхам комплекснай распрацоўкі і рэалізацыі адпаведных мерапрыемстваў.

У прамысловую эксплуатацыю ўведзена рэспубліканская аўтаматызаваная сістэма “Электронная адукацыя”, якая дазваляе на якасна новым узроўні працаваць з галіновай статыстыкай і рыхтаваць неабходную інфармацыю. Усе даныя падаюцца ў лічбавым выглядзе. Установы адукацыі ўводзяць іх з дапамогай распрацаванага вэб-дадатку. Дакладнасць даных пацвярджаецца электронным лічбавым подпісам.

— Якія праекты па лічбавізацыі адукацыйнай галіны будуць распрацоўвацца ў найбліжэйшы час?

— Нагадаю, што з 2016 года рэалізуецца шэраг пагадненняў аб пазыцы, заключаных паміж Рэс­публікай Беларусь і Сусветным банкам рэканструкцыі і развіцця, скіраваных на мадэрнізацыю нацыянальнай сістэмы адукацыі, пабудову сістэмы маніторынгу працаўладкавання выпускнікоў устаноў адукацыі, аснашчэнне іх вучэбных лабараторый сучасным абсталяваннем. Цяпер заключаны кантракт на распрацоўку інфармацыйнай сістэмы кіравання адукацыяй, якая ахоплівае ўзровень агульнай сярэдняй адукацыі. Гэтую сістэму плануем распрацаваць да 2023 года. Акрамя таго, пачата работа па маштабаванні інфармацыйнай сістэмы кіравання адукацыяй на ўсе ўзроўні адукацыі. Плануем выканаць работы таксама да 2023 года. У гэты ж перыяд плануем укараніць сістэму маніторынгу працаўладкавання выпускнікоў навучальных устаноў, істотна абна­віць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі.

У частцы збору, апрацоўкі і аналізу статыстычных даных у жніўні 2021 года ў прамысловую эксплуатацыю ўведзена рэспубліканская аўтаматызаваная сістэма “Электронная адукацыя”, якая дазваляе на якасна новым узроўні працаваць з галіновай статыстыкай і рыхтаваць неабходную інфармацыю. Усе даныя падаюцца ў лічбавым выглядзе. Установы адукацыі ўводзяць іх з дапамогай распрацаванага намі вэб-дадатку. Дакладнасць даных пацвярджаецца электронным лічбавым подпісам.

Безумоўна, мы і далей бу­дзем развіваць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, у тым ліку закончым распрацоўку яго беларускамоўнай версіі і версіі для людзей са слабым зрокам. Вялікую ўвагу плануецца ўдзяліць рабоце па абароне інфармацыі, абароне персанальных даных, стварэнні адзінай карпаратыўнай электроннай пошты, размяшчэнні інфармацыйных рэсурсаў і сістэм на базе Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі даных.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.