Адукацыя ў рэжыме анлайн

- 15:05Навіны рэгіёнаў, Рознае
Беларуская віртуальная школа № 2 адкрыецца на Віцебшчыне. Сертыфікат на набыццё ўнікальнага абсталявання ўрачыста перадаў калектыву гімназіі № 1 Оршы старшыня праўлення БПС-Ашчадбанка ААТ “Ашчадны банк Расіі” Васіль Мацюшэўскі.

Якой бачаць настаўнікі, навучэнцы, таты з мамамі школу будучыні? У большасці адказаў абавязкова прагучыць: значна ўзрастуць яе тэхнічныя магчымасці, пашырыцца выкарыстанне ІТ-тэхналогій. Так, цяжкі ранец з падручнікамі зменіцца на зручны планшэт, педагогі на занятках змогуць больш увагі аддаваць індывідуальнай рабоце з вучнямі, а бацькі пры жаданні — паназіраць праз манітор за ходам урока… Між тым далёкае і недасягальнае вельмі хутка робіцца будзённым. У Расіі ўжо сёння дзейнічае каля дваццаці “віртуальных школ”, дзе ўсё пералічанае — штодзённая практыка. У рамках дабрачыннага праекта Ашчадбанка Расіі першая такая школа ў нашай краіне з’явілася пры Ліцэі БДУ, а цяпер неўзабаве запрацуе і другая.
— Праект прадугледжвае фарміраванне інавацыйнага інфармацыйнага асяроддзя навучальнай установы за кошт выкарыстання інтэрактыўных мультымедыйных тэхналогій навучання, — расказала дырэктар гімназіі № 1 Наталля Кохава. — Што ў сваю чаргу дае вялікую прастору для прымянення перадавых педагагічных тэхналогій, аптымізацыі адукацыйнага працэсу — фактычна мы набліжаем будучыню, аб якой мараць дзеці і дарослыя. У “віртуальнай школе” будуць абсталяваны мабільны камп’ютарны комплекс і 4 прадметныя кабінеты — фізікі, хіміі, біялогіі і матэматыкі. У кожным з’явяцца інтэрактыўныя дошкі, камп’ютары, партатыўныя індывідуальныя датчыкі, з дапамогай якіх можна візуалізаваць прадметы навучання, рабіць урокі цікавымі і інфармацыйна насычанымі, праводзіць індывідуальнае апытванне ў рэжыме рэальнага часу. Акрамя таго, пасля ўстаноўкі адпаведнага сервера камп’ютарныя рэсурсы гімназіі аб’яднаюцца ў адзіную сетку — гэта новыя магчымасці ў плане абмену перадавым вопытам, метадычнымі напрацоўкамі, аптымізацыі кіраўніцкай дзейнасці, актывізацыі сумеснай работы педагогаў, накіраванай на ўдасканальванне адукацыйнага працэсу, навукова-метадычныя даследаванні. Сістэма “віртуальнай школы” вельмі перспектыўная і ў плане развіцця дыстанцыйнай адукацыі — напрыклад, пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд. Прадугледжаны і кантроль з боку бацькоў — яны змогуць прагледзець электронны журнал, азнаёміцца з адзнакамі гімназіста, атрымаць інфармацыю аб пропусках заняткаў.

Па словах старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, гімназія № 1 невыпадкова стала пляцоўкай для ажыццяўлення праекта. Гэта адна з лепшых на Віцебшчыне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і раённы Цэнтр алімпіяднага руху, на базе якога працуюць 10 міжшкольных факультатываў па падрыхтоўцы да алімпіяд, а на канікулах — лагеры для адораных навучэнцаў. Прадстаўнікі гімназіі паспяхова выступаюць у інтэрнэт-конкурсах, алімпіядах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, 9 навучэнцаў адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. Гімназія актыўна кантактуе з навучальнымі ўстановамі Расіі і Украіны, удзельнічае ў міжнародных канферэнцыях, праводзіць даследчую дзейнасць і таксама дэманструе добрыя вынікі. Несумненна, усе дасягненні — плён мэтанакіраванай працы захопленых сваёй справай прафесіяналаў, якія не на словах непакояцца, каб навучэнцы былі паспяховымі ў жыцці, і ствараюць такія сітуацыі ў адукацыйным працэсе, каб яны мелі магчымасці праявіць свае здольнасці ў вучобе, спорце, творчасці. Усё гэта фарміруе высокі рэйтынг гімназіі. Як вынік — калектыў занесены на раённую Дошку гонару.
Уручаючы сертыфікат на набыццё абсталявання для “віртуальнай школы”, Васіль Мацюшэўскі зазначыў:
— Літаральна праз два-тры месяцы ў Оршы з’явіцца віртуальная школа № 2 нашай краіны. Гэта, безумоўна, зменіць адносіны навучэнцаў да адукацыйнага працэсу: шанс рэалізаваць інтарэсы кожнага ў адукацыйнай прасторы — тое, чаго не хапае сённяшняй моладзі. З другога боку, якасна зменіцца, спросціцца і зробіцца больш цікавай работа настаўнікаў. Для бацькоў вельмі запатрабаваны функцыянал — у рэжыме анлайн можна будзе не толькі паглядзець вынікі адукацыйнага працэсу, але і віртуальна папрысутнічаць на любым з урокаў, паназіраць за дзецьмі.
Віншуючы герояў свята, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Будкевіч падкрэсліў значнасць падзеі, выказаў падзяку кіраўніцтву БПС-Ашчадбанка і ААТ “Ашчадны банк Расіі” і надзею на далейшае развіццё супрацоўніцтва.
— Праект рэалізуецца ўжо не першы год і з’яўляецца прыкладам паспяховага сацыяльнага партнёрства паміж банкаўскім бізнесам і дзяржавай дзеля паляпшэння якасці адукацыі. Фактычна мы падыходзім да інтэрактыўнага жыцця навучальных устаноў, якое дазваляе шырэй раскрываць і больш інтэнсіўна выкарыстоўваць іх патэнцыял. Спадзяюся, што пашырэнне адукацыйных магчымасцей будзе садзейнічаць новым дасягненням навучэнцаў і педагогаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.