Адукаваныя, ініцыятыўныя, ідэйныя

- 11:50Навіны рэгіёнаў

Самая актыўная моладзь Гомельшчыны сабралася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту на сустрэчу з кіраўніцтвам РГА “Белая Русь”, каб абмеркаваць сваю ролю ў дзейнасці грамадскага аб’яднання.

Перад тым як сабрацца ў аўдыторыі на дыялог, удзельнікі сустрэчы маглі агледзець выставу, якая была разгорнута ў фае ўніверсітэта, пазнаёміцца з дасягненнямі такіх устаноў адукацыі, як Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў, Гомельскі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту Беларускай чыгункі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, пачаставацца прысмакамі буйных прадпрыемстваў Гомеля, пазнаёміцца з развіццём робататэхнікі ў рэгіёне і нават патанцаваць, паўтараючы рухі вясёлых мульцяшных герояў з устаноўленага тут манітора.

БелДУТ невыпадкова быў выбраны месцам правядзення сустрэчы. Пярвічная арганізацыя РГА “Белая Русь” ва ўніверсітэце — адна з самых буйных і аўтарытэтных. Сёння яна налічвае 280 чалавек, у ліку якіх шмат ініцыятыўных, крэатыўных і таленавітых студэнтаў. Гэта тыя юнакі і дзяўчаты, якія гатовы і хочуць займацца грамадскай работай, спрабаваць поруч са старэйшымі вырашаць розныя задачы. Як адзначыў рэктар установы Юрый Кулажанка, традыцыі выхавання ва ўніверсітэце будуюцца на тых жа асновах, што і традыцыі “Белай Русі”.

— У любой краіне моладзь з’яўляецца асновай і патэнцыялам будучыні, а сістэме вышэйшай адукацыі адводзіцца значная роля ў маладзёжнай палітыцы, — лічыць дэкан механічнага факультэта Беларускага ўніверсітэта транспарту і старшыня пярвічнай арганізацыі Яўген Гурскі. — Ва ўстановах вышэйшай адукацыі наступае паўналецце маладых людзей. Гэта ўзрост, калі яны атрымліваюць права голасу, права выбару, і вельмі важна, калі яны актыўныя і разумныя ўдзельнікі будаўніцтва сваёй дзяржавы, маюць цвёрдую грамадзянскую пазіцыю.

На мерапрыемства сабраліся маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Гомельскай вобласці. На месцах яны таксама вядуць актыўную грамадскую дзейнасць і маюць пэўны вопыт, якім дзяліліся на сустрэчы. На многія свае пытанні юнакі і дзяўчаты маглі атрымаць адказы з першых вуснаў.

З прывітальным словам да аўдыторыі звярнуліся рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Юрый Іванавіч Кулажанка і намеснік старшыні РГА “Белая Русь” Аляксандр Шацько.

— Вам неабходна ўзмацняць ролю і месца моладзі ў заканатворчай дзейнасці, вызначаць шляхі вырашэння праблем маладога пакалення, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Шацько.

Ён адзначыў, што ў сувязі з гэтым асабліва важна прыцягнуць адукаваных, ініцыятыўных, ідэйных маладых людзей, якія здольны вырашаць праблемы, што ўзнікаюць у маладзёжным асяроддзі.

Фармат мерапрыемства даў выдатную магчымасць абмеркаваць актуальныя тэмы, падзяліцца ведамі, лепш зразумець магчымасці і вызначыць перспектывы больш цесных зносін моладзі рэгіёна. У выніку такога дыялогу нарадзіліся і цікавыя ідэі, рэалізацыя якіх, магчыма, пачнецца ўжо ў хуткім часе. Сярод маладзёжных ініцыятыў — стварэнне аналітычных маладзёжных груп пры кожнай пярвічнай арганізацыі, правядзенне пры падтрымцы “Белай Русі” Рэспубліканскага конкурсу ваенна-патрыятычнай песні сярод замежных студэнтаў на базе БелДУТа і правядзенне рэспубліканскага форуму для моладзі.

Завяршальным штрыхом сустрэчы стала акцыя пад назвай “Пасадзі сваё дрэва ў гонар Вялікай Перамогі”. А пазней маладыя актывісты прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці грамадска-патрыятычнай акцыі “Факел Перамогі”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.