Украіна завяршыла адвод тэхнікі калібрам меншым за 100 мм на марыупальскім напрамку. Аб гэтым 29 кастрычніка паведаміла прэс-служба сілавой аперацыі ў сацыяльнай сетцы Facebook.
“Дзень у зоне сілавой аперацыі прайшоў без парушэння мінскіх дамоўленасцей. На марыупальскім напрамку завершаны адвод артылерыі калібрам, меншым за 100 мм”, — гаворыцца ў паведамленні.
Раней, 28 кастрычніка, у штабе сілавой аперацыі заявілі аб завяршэнні адводу артылерыі на першым з трох напрамкаў у Данецкай вобласці — арцёмаўскім. У штабе таксама адзначылі, што да 2 лістапада будзе завершаны працэс верыфікацыі АБСЕ, пасля чаго пачнецца адвод мінамётаў калібрам, меншым за 100 мм, на арцёмаўскім напрамку, потым на марыупальскім і данецкім.
Падраздзяленні абвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) 28 кастрычніка завяршылі адвод ад лініі сутыкнення артылерыйскіх гармат калібрам да 100 мм.
Згодна з дасягнутымі ў Мінску дамоўленасцямі, першымі ад лініі сутыкнення адводзяцца танкі, потым — артылерыя калібрам да 100 мм, на трэцім этапе — мінамёты калібрам да 120 мм. Адвод плануецца завяршыць да 10 лістапада.