Адыходзь, зіма, да сну, прысылай вясну!

Народная абрадавая культура — аснова нашай нацыянальнай культуры. Аб шматлікіх народных абрадах і звычаях, хоць і забытых, але не згубленых да канца, мы даведваемся з расповедаў нашых бабуль і дзядуль. З некаторымі з іх знаёмімся ў школе на ўроках літаратуры. А вось дзеці, якія наведваюць гурток “Калаўрот” у экалагічным цэнтры Мастоўскага раёна, не толькі вывучаюць народныя традыцыі, але і самі ўдзельнічаюць у абрадах.

Зацікаўленасць дзяцей у вывучэнні народнай культуры беларускага народа засведчылі мінулыя летнія канікулы, якія мы правялі ў стылі этна. Працаваць у гэтым кірунку працягваем і цяпер — усе масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў шосты школьны дзень, прымеркаваныя да народных свят. Вось і ў суботу, 10 лютага, у нашым цэнтры было шмат гасцей. Больш за 40 хлопчыкаў і дзяўчынак разам з бацькамі, бабулямі, дзядулямі ўзялі ўдзел у этнаэкалагічным свяце “Адыходзь, зіма, да сну, прысылай вясну!”, прысвечаным Масленіцы.

У веснавым цыкле народных святаў яна займае асаблівае месца. Масленіцай праводзяць дакучлівую халодную зіму. Лічыцца, што пасля Масленіцы надыходзіць вясна і адступаюць халады. На Масленіцу прынята хадзіць у госці, пячы бліны, катацца на санях. Свята доўжыцца цэлы тыдзень і завяршаецца Даравальнай нядзеляй.

Бліны — атрыбут, без якога Масленіцы не было б. Яны сімвалізуюць яркае гарачае сонца і быццам заклікаюць яго як мага хутчэй здабыць поўную сілу. Блінамі частавалі ўсіх, ведаючы, што шчодрасць і ветлівасць даруе шчасце ў жыцці і памножыць багацце і дабрабыт сям’і. Свята Масленіцы было звязана з культам сонца. Адсюль і традыцыйныя бліны. Круглыя, залацістыя, яны ўяўляюць сабой як бы мініяцюрныя выявы нашага свяціла. Лічыцца, калі на Масленіцу з’есці блін, то можна лічыць, што з’еў кавалачак сонца, яго цяпла, шчодрасці і пяшчоты.

Нашы госці пачаставаліся блінамі з гарачым травяным чаем, пакаталіся з гор на лядзянках, на санках, на бяросце. Пакаталіся і на конях, аб’язджаючы па некалькі разоў вёскі, звонячы званочкамі, вясёлым смехам і песнямі дзятвы. Асаблівым попытам карысталася маладая кабыла Цукерка, бо, запрэжаная ў вялікія сані, яна зараз катала з дзясятак хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзеці вадзілі карагоды вакол сімвалічнага сонца, упрыгожанага стужкамі кола, спявалі масленічныя песні, стараючыся ўпрасіць, “умасліць” сонца і зрабіць яго больш спагадлівым. А калядоўшчыкі і скамарохі прапаноўвалі дарослым прадукцыю вучэбнай бізнес-кампаніі “Эрыда” — сувеніры з лекавых раслін, паштоўкі на святы.

Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла, якое сімвалізуе зіму. Раней у вогнішча кідалі яшчэ і розныя розныя старыя рэчы, што сімвалізавала пахаванне зімы, усяго аджылага, старога, а попел рассыпалі па палях. Па традыцыі прасілі адно ў аднаго прабачэння за ўсе крыўды і непрыемнасці.

Лічыцца, што калі на Масленіцу больш за ўсіх весяліцца, то цэлы год будзе шчаслівы. Навучэнцы, іх бацькі, бабулі, дзядулі, якія наведалі наша свята, дакладна будуць шчаслівыя, таму што весяліцца яны ўмеюць!

Наталля БОРТНІК,
загадчык аддзела экалогіі эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна.