Адзенне і аксесуары ў нацыянальным стылі набываюць папулярнасць

У Беларусі набіраюць папулярнасць адзенне і аксесуары hand made ў нацыянальным стылі. Сацыялагічнае анлайн-даследаванне на адпаведную тэму было праведзена кафедрай эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ) сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Апытанне паказала, што адзенне і аксесуары, зробленыя рукамі ўмелых майстроў, імкліва набіраюць папулярнасць у Беларусі, набываючы статус дызайнерскіх. І калі раней ручная вышыўка асацыіравалася ў першую чаргу з мінулым з бабулінага куфра, то цяпер такі арнамент усё часцей можна ўбачыць у элементах адзення сучаснай моладзі і дзелавых людзей.
Вынікі праведзенага сацыялагічнага даследавання выявілі, што hand made часцей за ўсё асацыіруецца з падарункамі, ручным вырабам аксесуараў і адзення. Большасць з тых, хто набывае такія тавары, адзначаюць, што гэта прадукцыя не масавай вытворчасці, яна арыгінальная і дае магчымасць вылучыцца, у ёй ёсць душэўнасць выканання, непаўторная дызайнерская ідэя. Якасць тавараў hand made не ацэньваецца рэспандэнтамі адназначна як добрая ці дрэнная, але ўсе апытаныя сышліся на думцы, што такія тавары прыцягваюць сваёй унікальнасцю і высокай сімвалічнай значнасцю.
Было выяўлена, што галоўнай прычынай набыцця адзення з нацыянальнай беларускай сімволікай з’яўляецца патрыятычны стыль прадукцыі. Гэта адзначылі 69,3% рэспандэнтаў. Унікальнасць дызайнерскага прапанавання ў якасці прычыны выбару адзначылі 49,5% рэспандэнтаў, адпаведнасць прадукцыі з нацыянальнай беларускай сімволікай модным запытам беларускай моладзі — 31%, а 29,4% рэспандэнтаў лічаць, што такія тавары даюць магчымасць вылучацца ў грамадстве.
Для дзяўчат больш значнай, чым для мужчын, з’яўляецца прысутнасць у адзенні не толькі нацыянальнай беларускай сімволікі, але і элементаў ручной работы.
Рэспандэнты адзначылі, што прадукцыя hand made шырока прадстаўлена ў Мінску ў этнамагазінах, на спецыялізаваных выстаўках і кірмашах. Аднак усе ўдзельнікі апытання назвалі сацыяльныя сеткі самым папулярным і дзейсным каналам распаўсюджвання, таму што купля праз дыстрыб’ютараў на пляцоўках форумаў, у сацыяльных сетках мае шэраг пераваг. Што датычыцца цэн на тавары катэгорыі hand made, то 52,9% рэспандэнтаў лічаць яе прымальнай, улічваючы эканамічныя выдаткі і сімвалічную каштоўнасць тавару.
З мэтай высвятлення партрэта спажыўца тавараў hand made было зададзена пытанне аб тым, кім у беларускім грамадстве лічаць людзей, якія носяць адзенне з элементамі нацыянальнай сімволікі. Згодна з вынікамі, адзенне з элементамі нацыянальнай беларускай сімволікі носяць людзі, якія падтрымліваюць нацыянальныя традыцыі (49,7% рэспандэнтаў), імкнуцца звярнуць на сябе ўвагу (21,7%), цікавяцца моднымі тэндэнцыямі (20,6% рэспандэнтаў).