Адзін дзень з міністрам

- 9:30Актуально, Апошнія запісы

“Адзін дзень з міністрам” — новы праект Міністэрства адукацыі. У мінулую пятніцу свой працоўны дзень Ігар Карпенка правёў разам з навучэнцамі першай фаніпальскай школы Ганнай Хадаркевіч і Уладзіславам Жураўскім.

Прымерыць на сябе ролю міністра адзінаццацікласнікі змаглі дзякуючы запрашэнню Ігара Карпенкі, які ўдзельнічаў у праекце “Школа актыўнага грамадзяніна” ў іх школе. Старшакласнікі спыталі, як праходзіць працоўны дзень міністра адукацыі. На што Ігар Васільевіч адказаў, што лепш самім убачыць і даведацца, як выглядае працоўны графік міністра. 

Літаральна праз два тыдні навучэнцы былі запрошаны ў міністэрства. Працоўны дзень пачаўся ў кабінеце міністра, старшакласнікам агучылі прыблізны план дзеянняў. Затым Ганна і Уладзіслаў прынялі ўдзел у нарадзе, падчас якой прахо­дзіла ўзгад­ненне кандыдатуры на пасаду начальніка аддзела адукацыі Докшыцкага райвыканкама. 

Ігар Карпенка:

“Праект “Адзін дзень з міністрам”
даў магчымасць адзінаццацікласнікам паглядзець на дзейнасць кіраўніка ведамства збоку і падключыцца да ўсіх пытанняў. Мы размаўлялі, абмяркоўвалі праблемы. Гэта, на мой погляд, такі сінтэз розных меркаванняў, ідэй, прапаноў, магчымасць падзяліцца вопытам з моладдзю, у якой наперадзе прафесійны выбар”.

Працоўныя будні кіраўніка ведамства, як правіла, прахо­дзяць не ў кабінеце, таму наступная працоўная сустрэча была на вытворчасцях БНТУ. Тут адбылася нарада па падрыхтоўцы кадраў для эканомікі краіны, у якой прымалі ўдзел супрацоўнікі Навукова-тэхналагічнага парка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Палітэхнік”. Акрамя таго, у старшакласнікаў была магчымасць азнаёміцца з інавацыйнымі распрацоўкамі тэхнапарка, які выпускае прадукцыю для медыцыны, IT-сферы, адукацыі.

Пасля ў намечаны графік міністра былі ўнесены змяненні. Ігар Васільевіч прыняў удзел у нарадзе, якая праходзіла ў Савеце Рэспублікі. А для старшакласнікаў была арганізавана экскурсія, падчас якой яны азнаёміліся з дзейнасцю верхняй палаты парламента.

Пасля абеду — новы аб’ект. Міністр азнаёміўся з ходам рамонтных работ у адным з карпусоў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Тут жа прайшла нарада міністра адукацыі па пытаннях арганізацыі навагодніх святочных мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, дзе Ганна і Уладзіслаў змаглі даведацца, як вырашаюцца бягучыя рабочыя пытанні ў Міністэрстве адукацыі, як кіраўнік ведамства ставіць задачы перад спецыялістамі, дае даручэнні.

Дарэчы, самі ўдзельнікі новага праекта — мэтанакіраваныя навучэнцы з высокім узроўнем сфарміраванасці навыкаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці.

Так, Ганна Хадаркевіч актыўна ўдзельнічае ў алімпіядным руху, з’яўляецца неаднаразовай дыпламанткай раённых этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, членам школьнай каманды турніру юных фізікаў, у складзе якой была пераможцай XII ТЮФ Мінскай вобласці, удзельніцай рэспубліканскага турніру.

Уладзіслаў Жураўскі захапляецца інфармацыйнымі тэхналогіямі, з’яўляецца ўдзельнікам школьнага вакальнага ансамбля “Памяць”, неаднаразова станавіўся лаўрэатам і дыпламантам раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў “Прывітанне, свет!”.

Завяршыўся працоўны дзень у міністэрстве, дзе кіраўнік ведамства працаваў з дакументамі, а пасля азнаёміў адзінаццацікласнікаў з дзейнасцю сваіх намеснікаў. “Дзень атрымаўся вельмі насычаным. Мы і ўявіць сабе не маглі, што міністр працуе ў такім інтэнсіўным тэмпе. Шчыра кажучы, думалі, што ён у асноўным сядзіць у кабінеце”, — падзяліліся Ганна і Уладзіслаў.

Міністр, каменціруючы свой сённяшні дзень, адзначыў: “У адзі­наццацікласнікаў была добрая магчымасць паглядзець на работу міністра збоку і падключыцца да ўсіх пытанняў. Мы размаўлялі, абмяркоўвалі праблемы. Гэта, на мой погляд, такі сінтэз розных меркаванняў, ідэй, прапаноў, магчымасць падзяліцца вопытам з моладдзю, у якой наперадзе прафесійны выбар. Я думаю, гэты праект будзе працягвацца”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.