Адзін лёс на ўсіх

- 15:00Актуально, Рознае

На бягучым тыдні ў Мінску была арганізавана першая сустрэча працоўных дынастый. Сярод іншых на мерапрыемства была запрошана і педагагічная дынастыя Храпуцкіх з Добруша. Акрамя святочнай праграмы, арганізаванай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, удзельнікаў сустрэчы чакалі і ў галіновых міністэрствах. Тры пакаленні педагогаў з сям’і Храпуцкіх у Міністэрстве адукацыі вітаў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. Удзел у сустрэчы прыняў і Аляксандр Аляксандравіч Бойка, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Такія сустрэчы — сапраўдная рэдкасць. Не па фармаце, а па змесце і адчуваннях, якія яны пакідаюць пасля сябе: калі кожны з бакоў атрымлівае неверагодны зарад аптымізму, упэўненасці і проста душэўнай цеплыні. Гэта немагчыма падрабіць, змадэляваць — усё ідзе ад сэрца і ад душы. Сакрэт такіх сустрэч, канечне ж, у саміх людзях. На гэты раз тым самым “сакрэтам” стала Марыя Данілаўна Храпуцкая, заснавальнік педагагічнай дынастыі. 85-гадовая жанчына і сёння жыве сваёй любімай справай — настаўніцтвам. З-за вайны, цяжкасцей пасляваенных гадоў, яна, па сутнасці, не мела дзяцінства і юнацтва, але, нягледзячы на гэта, засталася неверагодна чулай і моцнай духам. І адданай выбранай з дзяцінства справе — настаўніцтву. Яе лёс быў далёка не простым — сіроцтва, галоднае дзяцінства, складанае юнацтва. Але сёння найперш яна памятае не гэта, а тое, як яшчэ з малых гадоў марыла стаць настаўніцай, як упарта, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ішла да сваёй мэты і як, атрымаўшы запаветны дыплом, на працягу ўсяго свайго жыцця імкнулася адпавядаць ганароваму званню настаўніка. Прафесіяналізм, справядлівасць, зацікаўленасць у сваёй справе, неверагодная чуласць да кожнага вучня і нераўнадушнасць да таго, што адбываецца побач, заканамерна выклікалі павагу і сярод яе вучняў, і сярод іх бацькоў. Таму яе вучні і сёння, праз шмат гадоў пасля заканчэння школы, памятаюць сваю колішнюю настаўніцу і прыслухоўваюцца да яе.
Такі прыклад не мог не паўплываць і на дзяцей Марыі Данілаўны. Абедзве яе дачкі — Людміла Анатольеўна і Галіна Анатольеўна — сталі настаўніцамі, прычым таксама славеснікамі. Сёння яны заўважаюць, што і выбар — кім быць, не стаяў: зразумела — настаўнікам. Ды і самі яны сталі добрым прыкладам для пераймання, прычым не толькі для сваіх дзяцей, якія таксама выбралі лёс педагогаў, але і для многіх сваіх вучняў. Вось, напрыклад, 17 колішніх вучняў Галіны Анатольеўны Зайцавай (Храпуцкай) сёння настаўнікі, прычым усе яны — менавіта настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
Увогуле, уся гэтая сям’я — яскравы прыклад таго, як асоба настаўніка здольная матываваць дзяцей на педагогіку. І няпраўда, упэўнена Галіна Анатольеўна, што дзеці сёння іншыя — не гатовыя да адданай працы. Дзеці — тыя ж, важна самім быць з імі сапраўднымі — людзьмі і прафесіяналамі. “Я нават калісьці сабе ўзяла за наказ: маўляў, адзначу для сябе, што састарэла, калі пачну думаць, што дзеці сёння горшыя, чым раней. Дык, напэўна, застануся ў вечнай маладосці, — жартуе Галіна Анатольеўна, — бо дзеці і сёння проста выдатныя”.
Міністр адукацыі шчыра падзякаваў педагогам за іх шматгадовую адданую працу — а агульны педагагічны стаж у гэтай сям’і складае аж 183 гады. І выказаў упэўненасць, што, пакуль ёсць такія педагогі, можна не хвалявацца за лёс настаўніцтва. Бо, калі ёсць такія настаўнікі, значыць, ёсць і будучыня.

 

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Валянціны ІЛЬІНОЙ.