Адзін на ўсе дваццаць восем

- 12:30Культура

28 — менавіта столькі краін-удзельніц прымае сёлета Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”, якая ўрачыста адкрылася ўчора. Калі ўлічыць, што сёлетні адрас ММКВК — праспект Пераможцаў, 14 — нефармальна гучыць у мінчан як “Капялюш”, можна сказаць, што ён, добразычлівы беларускі капялюш, накрые на пяць дзён 28 краін-чытачак.

Ганаровым госцем сёлетняй выставы з’яўляецца Кітай. Кітайцаў на сёлетнім мінскім кірмашы, сапраўды, шмат. Ходзіш па павільёне — і раз-пораз табе сустракаецца добразычлівы кітаец, які прэзентуе якую-небудзь кнігу. Або кітаянка. Радуешся іх прысутнасці хоць бы ўжо дзякуючы іх перфектнай рускай мове. Наогул жа, падобна на тое, што чытацкі Кітай усур’ёз і надоўга прыйшоў у Беларусь. Учора міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня кітайскай дэлегацыі Янь Сяохун падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання КНР у галіне перакладу і выдання класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі ў 2015—2020 гадах.
Зрэшты, заўважаеш на выставе не толькі Кітайскую Народную Рэспубліку. Вось французы, якія не забыліся, што ў 2010 годзе былі ганаровымі гасцямі ММКВК, рыхтуюцца наладзіць у Мінску сваю session extraordinaire, падчас якой раскажуць пра апошнія навіны літаратурнага жыцця ў Францыі (на гэты раз стэнд Францыі запрашае ўсіх у падарожжа па Нармандыі, а сярод гасцей нашай выставы ад Францыі чакаюцца перакладчыца выдавец Сафі Бенеш, аўтар літаратуры для дзяцей і юнацтва Жан-Філіп Ару-Віньё, філосаф паэт Марк Саньоль, аўтар кніг Мары Дар’есек, аўтар дзіцячай і юнацкай літаратуры Цімаце дэ Фамбель, мастак-ілюстратар Дамінік Карбасон, дырэктар кнігарні “Ля Бушры” ў Парыжы Жан-Поль Кале). Вось, як заўсёды дзелавіта, расклалася багатая экспазіцыя Федэратыўнай Рэспублікі Германія — між іншым самай чытэльнай краіны Еўропы. А вось і… швейцарцы, якія будуць размаўляць з беларускімі наведвальнікамі ММКВК і на нямецкай класічнай, і на так званай нямецкай-алеманскай, і на французскай, і на італьянскай, і на рэтараманскай.
Галоўнай падзеяй ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу “Кнігі Беларусі” стаў міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, у рамках якога прадстаўнікі літаратурнай суполкі з 16 краін, у тым ліку з Беларусі, Расіі, Кітая, Германіі, Італіі, Францыі, Ізраіля, Украіны, Казахстана, Літвы, Таджыкістана і іншых, абмеркавалі ролю творчай інтэлігенцыі ў сучасным глабальным свеце, важнасць слова пісьменніка-сучасніка для захавання духоўна-маральных асноў развіцця грамадства і дзяржавы, высокую місію пісьменніка ў рабоце з моладдзю, пакаленнем, якое вызначае сваю дарогу ў жыцці.

Мікола ЧЭМЕР.