“Адзін пояс, адзін шлях” — брэнд эканамічнага ўзаемадзеяння Еўропы і Азіі

Ініцыятыва “Адзін пояс, адзін шлях” паступова становіцца своеасаблівым брэндам развіцця і ўмацавання перш за ўсё эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі Еўропы і Азіі. Такі пункт гледжання выказаў у эксклюзіўным інтэрв’ю Сіньхуа міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.

“Сёння ва ўмовах запаволення росту сусветнай эканомікі згаданая ініцыятыва — гэта новая крыніца стымулявання эканамічнага развіцця дзяржаў, размешчаных уздоўж новага “Шаўковага шляху”, і ў цэлым усяго рэгіёна”, — перакананы міністр.

“Дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем, дасягнуты ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва даюць магчымасць зрабіць выснову, што Беларусь з’яўляецца адным з важнейшых партнёраў Кітая ў рэалізацыі праекта па будаўніцтве эканамічнага пояса “Шаўковага шляху”, — лічыць Уладзімір Зіноўскі. На яго думку, удзел Беларусі ў рэалізацыі канцэпцыі “Эканамічны пояс “Шаўковага шляху” будзе садзейнічаць уключэнню беларускіх прадпрыемстваў у сусветныя вытворчыя ланцужкі, створаныя Кітаем, пашырэнню прадукцыі “Зроблена ў Беларусі” на сусветных рынках.

У інтэрв’ю Уладзімір Зіноўскі таксама адзначыў, што форум высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве ў рамках ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”, які адбудзецца ў Пекіне 14—15 мая, павінен стаць добрай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў і вызначэння новых перспектыў усебаковага супрацоўніцтва.

“Што тычыцца саміту, свет ужо даўно чакаў такую пляцоўку, на якой Кітай збярэ ўсе зацікаўленыя краіны, таму нядзіўна, што ў саміце, які мае адбыцца, заявілі свой удзел больш за 60 дзяржаў і міжнародных арганізацый”, — сказаў Уладзімір Зіноўскі.

Ён адзначыў важнасць таго, што на форуме адбудзецца дыялог у фармаце “1+6” — пленарнае пасяджэнне і шэсць тэматычных сесій, якія прысвечаны пытанням эканамічнага і фінансавага супрацоўніцтва, прыцягнення інвестыцый, свабоднага гандлю, інфраструктуры, энергетыкі і навакольнага асяроддзя.

Уладзімір Зіноўскі лічыць, што запрашэнне Беларусі да ўдзелу ў форуме пацвярджае зацікаўленасць Кітая ў развіцці і ўмацаванні двухбаковых кантактаў, а таксама супрацоўніцтва па спалучэнні Еўразійскага эканамічнага саюза і праекта “Эканамічны пояс “Шаўковага шляху”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *