Адзін супраць усіх ці ўсе супраць аднаго?

Два гады назад наша краіна ўпершыню прымала ўдзел у Міжнародным параўнальным даследаванні PISA, якое накіравана на ацэнку адукацыйных дасягненняў навучэнцаў і школьнага асяроддзя. Даследаванне ў тым ліку закранала тэму распаўсюджання булінгу. Апрацоўка анкетных даных паказала, што кожны дзясяты вучань 5—7 класаў не толькі адчуваў на сабе наступствы булінгу, але і разумеў, што з’яўляецца аб’ектам мэтанакіраванага цкавання. Але насамрэч у жыцці навучэнцаў гэтая з’ява сустракаецца куды часцей.

Круглы стол, які быў арганізаваны ўстановай падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў EdCamp Belarus, сабраў разам настаўнікаў, псіхолагаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і бацькоў, не толькі каб высветліць прычыны ўзнікнення булінгу і навучыцца працаваць з дзецьмі, якія сталі ахвярамі цкавання, але і вызначыць галоўнае: ці магчыма спыніць булінг? Або гэта хоць і не прыемны, але абавязковы этап сталення дзяцей, які заўсёды ў розных формах будзе прысутнічаць у школьным асяроддзі і праследаваць тых, хто па розных прычынах (часта гэта знешнасць і фізічныя асаблівасці развіцця) вызначаецца сярод іншых? 

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Булінг можа прывесці да суіцыду

Булінг як сацыяльная з’ява існаваў заўсёды. Толькі раней гэта называлі больш простым словам — здзекі. Больш, па сутнасці, нічога не змянілася. Калі я вучылася ў школе, у нас, як і сёння, абзывалі і дражнілі тых дзяцей, якія нечым вызначаліся: мелі лішнюю вагу, твар, усыпаны вяснушкамі, ці апраналіся зусім просценька, бо ў бацькоў не было грошай. Дарэчы, памятаю дзяўчынку з няпоўнай сям’і, з якой здзекаваліся з-за таго, што яе мама мела адхіленні ў псіхалагічным плане. Успамінаючы гэты выпадак і аналізуючы падыходы, якія сёння прапаноўваюць для вырашэння праблемы булінгу, разумею, наколькі абыякавымі да гэтых сітуацый былі нашы настаўнікі і наколькі маштабна да праблемы ставяцца зараз. Раней усё спускалася на тармазах. Хаця не, класны кіраўнік магла пагаварыць з крыўдзіцелямі, палаяць іх, і на гэтым усё. Калі сітуацыя выходзіла з-пад кантролю і настаўнікі нічога не маглі зрабіць, умешваўся дырэктар, які гразіўся выклікаць бацькоў у школу. Але насамрэч ніхто нікога не выклікаў і пагрозы не выходзілі за межы кабінета дырэктара. Ніякага псіхолага ў школе не было (адкуль яму ўзяцца ў вясковай школе?), бацькоў ніхто не чапаў. Атрымліваецца, дзіця расло сам-насам са сваімі праблемамі. Цудоўна, калі гэта не накладвала адбітак на будучы псіхалагічны стан, успрыманне іншых людзей. А што, калі такія сітуацыі сталі траўміруючымі і цяпер ужо дарослы чалавек дагэтуль не можа (не ўмее) будаваць адносіны з навакольнымі з-за сваіх дзіцячых траўм? Насамрэч, гэта страшна. Гэта можа перашка­джаць жыць паўнацэнна і пастаянна трымае ў абмежаваных рамках.   

Згодна з даследаваннямі спецыялістаў, булiнг, як правіла, пачынае праяўляцца ў 2—7 класах. І гэта заканамерна: у такім узросце дзецi вучацца ўзаемадзейнiчаць у калектыве, прымяраюць на сябе пэўныя сацыяльныя ролі, пачынаюць разумець, якое месца яны займаюць у сістэме ўзаемаадносін.

Псiхолаг SOS-Дзiцячай вёскi ў Бараўлянах Марына Сасніна, якая даўно працуе з дзецьмі з уразлівых груп, звярнула ўвагу на тое, што важна ўмець адрознiваць булiнг ад канфлiкту. Са слоў спецыяліста, у сітуацыі булінгу iснуе дысбаланс улады: нехта валодае пэўнымi якасцямi ці статусам, якія да­юць адчуванне перавагi над iншым. Безумоўна, калі разглядаць канфлікт як з’яву, у ім узаемадзейнiчаюць роўныя паміж сабой дзеці. А значыць, адбываецца сутыкненне iнтарэсаў, кожнае дзіця, і гэта заканамерна, адстойвае свой пункт гле­джання i спрабуе даць здачы, не заставацца горшым, апошнім, вінаватым.

“Такім чынам, булiнг — гэта наўмыснае дзеянне, у адрозненне ад канфлiкту: канфлiкт не плануюць, ён здараецца тут і зараз, — патлумачыла М.Сасніна. — Што тычыцца прыроды булінгу, то яго наступствы не лепшым чынам уплываюць на дзіця і накладваюць адбітак на дарослае жыццё. Ахвяра ганення баіцца і адчувае цяжкасці ў вучобе, таму што не можа засяродзіцца на навучанні з-за стрэсу, які перажывае, і ў цэлым баіцца ісці ў школу. Такому дзіцяці складана мець зносіны, завяз­ваць і падтрымліваць адносіны. У яго ўстойліва паніжаная самаацэнка, яно не верыць у свае сілы, а таксама лічыць сябе недасканалым. У далейшым гэта можа выліцца ў цяжкія засмучэнні, дэпрэсію, захворванні, абумоўленыя стрэсам, і нават можа падштурхнуць да спроб суіцыду”.

Актуальным, як заўважыла псіхолаг, з’яўляецца пытанне, як можна разабрацца з сітуацыяй ганення. Ці ўдасца гэта зрабіць толькі з адной пазіцыі — ахвяры або агрэсара? Ці ўсё ж трэба звяртацца да групавой “прашыўкі” свядомасці? М.Сасніна ўпэўнена: паколькі булінг — групавая з’ява, значыць, лячыць яго таксама трэба ў групе. Індывідуальная работа з ахвярай ці агрэсарам не будзе мець эфекту, а парады накшталт “Не будзь размазнёй”, “Дай здачы” ці “Пасябруй з крыўдзіцелем” не дапамогуць. Псіхалагічныя прыёмы не будуць працаваць на вынік, пакуль не спыніць цкаванне. А як гэта зрабіць? Спачатку неабходна вывесці дзіця з сітуацыі булінгу, і ўжо толькі пасля гэтага з ім можа працаваць псіхолаг.

“Менавіта па гэтай прычыне падчас правядзення трэнінгаў сярод школьнікаў тлумачу дзецям, што ахвяра не вінаватая ў тым, што стала аб’ектам цкавання, — агучыла метады работы з непаўналетнімі М.Сасніна. — У першую чаргу раю дзецям не маўчаць, а расказаць аб праблеме даросламу, якому давярае дзіця. Важна не дазваляць крыў­дзіцелю задушыць сябе маральна. Разам з гэтым трэба старацца не правакаваць на зваротную агрэсію і трэніраваць упэўне­насць у сабе, напрыклад, рэпеціраваць пэўныя фразы перад люстэркам. Дарэчы, я разглядала б булінг не з пункту гледжання псіхалогіі, а з пункту гледжання прававой сферы. Кожнае дзiця мае права прыходзіць у школу і адчуваць сябе ў бяспецы. Думаю, менавіта школа павінна несці адказнасць за тое, што ў ёй “квітнее” булінг. Своечасова ўмяшацца і вырашыць сітуацыю цкавання — гэта задача дарослых. Самі дзеці гэтага зрабіць не могуць. Часта цкаванне пачынаецца менавіта ў пачатковай школе, калі ў дзяцей не выпрацавалiся пэўныя сацыяльныя нормы i правiлы. Навучэнцы, як правiла, раўняюцца на настаўнiка, ён для iх — важная асоба. Але бывае так, што самi настаўнiкi нават ненаўмысна, але правакуюць сітуацыі з’яўлення булiнгу. Напрыклад, калi ў класе з’яўляецца нязручны цi занадта актыўны вучань, педагог можа сказаць нешта накшталт “Праз цябе ўсе паказчыкi класа знiжаюцца, ты нас тармозiш”. Што адбываецца ў такі момант з аднакласнiкамі навучэнца, якому былі адрасаваны гэтыя словы? Адназначна, гэта выглядае як каманда да дзеянняў, дзеці спрабуюць пазбавіцца нявыгаднага навучэнца, выгнаць яго з групы. І гэта адбываецца пры дапамозе слоў, якія раняць. Тым не менш прыналежнасць да групы — гэта адна з нашых базавых патрэб. Апынуцца ў ізаляцыі — гэта вельмі страшна”.

Сацыяльная ізаляцыя і ігнараванне — не менш страшная па сваіх наступствах з’ява, чым праследаванне, і яна таксама наносіць глыбокія раны, як і слоўная аг­рэсія. Калі з кімсьці з дзяцей не жадаюць сядзець за адной партай, не клiчуць гу­ляць на перапынках, не прымаюць у каманды на ўроках фізкультуры і ўвогуле дэманструюць абсалютную абыякаваць, як быццам гэтага дзіцяці не існуе, як, думаеце, гэта адбіваецца на псіхалагічным стане маленькага чалавека, у якога толькі фарміруецца псіхіка?

Такая сістэма мае разбуральны эфект. І ў гэтай сітуацыі пакутуюць не толькі ахвяры, але і астатнія ўдзельнікі працэсу, нават ціхія назіральнікі. Відавочна, што вырашэнне праблемы булінгу — гэта камандная гульня. У ёй важна правільна расставіць “гульцоў” на полі вырашэння канфлікту, падказваючы шляхі прымірэння.

Іронія ці абраза?

Аргументы на карысць таго, што вырашаць праблему булінгу трэба не толькі з ахвярай, але і з усімі, хто стаў сведкам цкавання ці прымаў у ім ускосны ўдзел, прывяла спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Эмілія Бурачэўская.

“Калі мы проста выключым агрэсара ці ахвяру з класа, гэта не прывядзе да станоўчага вырашэння праблемы. Іх месца зойме нехта іншы. Чаму? Таму што ў калектыве першапачаткова была створана і пануе нездаровая атмасфера. Цяжкасць сітуацыі часта заключаецца ў тым, што менавіта настаўнікі, самі таго не ведаючы, міжволі выступаюць ініцыятарамі нападкаў на школьніка, падштурхоўваюць аднагодкаў да цкавання. Любая заўвага ці іронія над няправільным адказам на пытанне могуць справакаваць не зусім правільную рэакцыю класа і прывесці да выбуху кпінаў у адрас кагосьці з аднакласнікаў.

На жаль, мы сутыкаемся з тым, што многія педагогі яшчэ не разумеюць, што такое гвалт і парушэнне прыватных меж: часам педагогі не гатовы паглядзець на сітуацыю пад іншым вуглом, кажуць нешта накшталт “Мы змагаемся з дзіцем”, “Хочам, каб яно…”. Гэта няправільна. У сiтуацыi булiнгу дзiця трансліруе тыя нормы паво­дзiн, якiя дапушчальныя ў калектыве, дзе яно знахо­дзiцца. Атрымлiваецца, што нават калi мы выключым з класа агрэсара або ахвяру, iх месца зойме нехта iншы, таму што гэтая сiстэма дысфункцыянальная i дазваляе так сябе паводзiць. Праблема не ў канкрэтным вучню, а ў тым, што так паводзiць сябе з аднакласнiкамi лiчыцца дапушчальным, гэта калісьці было дазволена, і забароны на такія паво­дзіны не накладваліся”.

Усё гэта чарговы раз пацвярджае, што да распрацоўкі алгарытму пазбаўлення ад булінгу і цкавання трэба падыходзіць абдумана. Вырашыць такія сітуацыі на раз-два не атрымаецца, яны патрабуюць вялікіх намаганняў. У першую чаргу вырашэнне праблемы патрабуе комплексных мер, таму што гэтыя з’явы тычацца не толькі дзяцей, але і бацькоў, настаўнікаў, а таксама адміністрацыі школы. Усе павінны быць зацікаўлены ў тым, каб праблема вырашылася з мінімальнымі псіхалагічнымі наступствамі для кожнага без выключэння ўдзельніка спрэчкі. Неабходна таксама валодаць навыкамі аказання дапамогі пацярпеламу. Без псіхалагічных ведаў тут не абысціся, таму дарослыя павінны працаваць у камандзе. Настаўнік павінен, бачачы праблему, звярнуцца да школьнага псіхолага і падключыць бацькоў. Сумесная зацікаўленасць у захаванні здаровай атмасферы ў класе, ва ўзаемаадносінах паміж непаўналетнімі павінна быць прыярытэтнай для кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.  

У групе рызыкі

Навуковы супрацоўнік РНПЦ псіхічнага здароўя старшы выкладчык Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Грэбень для вывучэння прыроды булінгу праводзіла даследаванне. Псіхолаг арганізавала апытанне сярод школьнікаў Мінска.

“У маім анкетаванні прымалі ўдзел вучні 5 класа з трох школ горада. Пасля апрацоўкі даных атрымаліся наступныя вынікі: крыху больш за 17% дзяцей прызналіся, што ніколі не падвяргаліся ганенню. Затое 14% апытаных увесь час станавіліся ахвярамі булінгу, а гэта значыць, што менавіта яны былі ў групе рызыкі. Дарэчы, хлопчыкаў часцей падвяргаюць сацыяльнай ізаляцыі, выключэнню з групы. Адпаведна, і да перажыванняў яны больш схільныя, і таксама па гэтай прычыне — ігнаравання. Яны часцей прызнаваліся ў анкетах, што “ў класе нікому да мяне няма справы”, “калі трэба ісці ў школу, псуецца настрой”, “у класе няма сапраўдных сяброў”. Дарэчы, самай распаўсюджанай формай ганення дзеці назвалі псаванне іх асабістых рэчаў, затым — прысвойванне мянушак. Больш чым палова навучэнцаў адзначалі, што аднакласнікі могуць іх штурхануць або стук­нуць”, — прывяла прыклады Н.Грэбень.

Паколькі апытанне ахоплівала поўнасцю ўсіх навучэнцаў 5-х класаў, на пытанні даследавання псіхолага адказвалі таксама крыўдзіцелі. Са слоў спецыяліста, толькі 7% з іх прызналіся, што здзейснілі агрэсіўныя дзеянні.

“А што рабіць бацькам, чые дзеці пераходзяць усе межы дазволенага? Магу назваць тры асноўныя парады: абавязкова трэба папрасіць прабачэння ў таго, каго пакрыўдзілі. Наступным крокам павінна стаць размова са сваім дзiцем па душах. Трэба растлумачыць, чаму так рабіць нельга, да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Безумоўна, любую сітуацыю можна вырашыць мірна. Калі гэтага зрабіць не атрымліваецца, справа можа дайсці да суда. А гэта значыць, што за кожнае ганенне, паклёп ці абразу, знішчэнне ці пашкоджанне асабістых рэчаў прадугледжана адказнасць. Такім чынам, апытанне паказала, што 68% падлеткаў час ад часу адчуваюць на сабе праяўленні булінгу, а 14% пастаянна падвяргаюцца здзекам, цкаванню. Пашанцавала толькі 17% навучэнцаў — яны ніколі не былі ў скуры таго, каго крыўдзяць. Дарэчы, булiнг — гэта не заўсёды агрэсiя ў дачыненні да дзіцяці. Падлетак можа адчуваць агiду, пагардлiвасць у адносiнах да аднакласнiка. Так, гэта iншая эмоцыя, але яна таксама трансліруе булінг. А вось выкарыстанне мянушкi можа быць не абразай, а толькi элементам субкультуры: усё залежыць ад таго, як ставiцца да яе падлетак, цi выклiкае яна ў яго эмацыянальныя перажываннi”.


Адназначна, мне падабаецца сённяшні падыход да вырашэння сітуацый булінгу ці здзекаў (няважна, хто як гэта называе). Як і падабаецца тое, што вырашаць праблему можна рознымі метадамі. Асабліва прывабнай здаецца медыяцыя. Каб не давесці ўсё да суда (а гэта магчыма, як пацвердзілі псіхолагі), вельмі дарэчы паспраба­ваць ухапіцца за выратавальную саломінку — медыяцыю. Чамусьці менавіта яе бачу ідэальным метадам вырашэння канфліктаў, справакаваных булінгам. Безумоўна, прысутнасць псіхолага — абавязковая. Шкада, што медыяцыі не існавала раней, калі я вучылася ў школе. І ўсё ж такі добра, што яе падтрымліваюць і развіваюць сёння: гэта ж колькі дзяцей можна ўратаваць, ці не так?

Наталля САХНО.