Адзіная на Маларытчыне

- 12:41Год гістарычнай памяці

Пажэжынская крыніца — прыродны выхад падземных вод. Гэта адзіная крыніца ў Маларыцкім раёне. Яна знаходзіцца за 300 метраў справа ад шашы Брэст — Ковель паміж 25-м і 26-м кіламетрамі ва ўрочышчы Дыравіца. Тэрыторыя ля крыніцы добраўпарадкавана, ёсць купальня.

Выклікае цікавасць паходжанне мікратапоніма “Дыравіца”.

— Мясцовасць, дзе працякае крыніца, да пачатку меліярацыі (1968—1971 гады) уяўляла сабой забалочаны ўчастак з рэдкімі хмызнякамі, — расказвае настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 2 Маларыты Аляксандр Кардзялюк, які не адзін год займаецца вывучэннем Пажэжынскай крыніцы. — Сярод балотнай расліннасці было шмат невялікіх па памерах участкаў воднай роўнядзі з ледзяной вадой — “дзірак”. Уся тэрыторыя балота была ў такіх правалах-“дзірках”. Адсюль і назва ўрочышча: дзіравае балота — Дыравіца. Балота сілкавалася грунтавымі водамі, часта сустракаліся іх выхады на паверхню — крынічкі.

Пажэжынская крыніца першапачаткова выходзіла на паверхню з-пад каранёў алешыны, а пасля слабым раўчуком працякала праз лагчынку ў меліярацыйны канал, які знаходзіўся ніжэй за 80 метраў. У 1992 годзе пры рэканструкцыі меліярацыйнай сеткі на шляху ручая меліяратары выкапалі сажалку, куды і стала сцякаць крынічная вада. Для яе адтоку з сажалкі ў меліярацыйным канале ўсталявалі пераліўную трубу. Такім чынам у сажалцы падтрымліваўся пастаянны ўзровень вады.

Сучасная гісторыя крыніцы звязана з вучэбна-даследчай дзейнасцю вучняў былой Пажэжынскай базавай школы. У свой час пад кіраўніцтвам Аляксандра Кардзялюка дзеці падрыхтавалі некалькі даследчых работ: “Гідралагічныя асаблівасці Пажэжынскай крыніцы”, “Пажэжынская крыніца” і інш. Адна з іх перамагла ў абласной канферэнцыі даследчых работ “З навукай у будучыню”. Неўзабаве Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі выдаў інфармацыйную брашуру пра крыніцы Брэстчыны. 

Інфармацыя пра Пажэжынскую крыніцу не засталася незаўважанай валанцёрамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, якія распрацавалі праграму рэканструкцыі, а пасля, у 2004 годзе, ажыццявілі рэканструкцыю вытоку крыніцы і прылеглай тэрыторыі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.