“Адзіная Расія” прапануе правесці ў школах урок, прысвечаны ўваходжанню Крыма ў склад Расійскай Федэрацыі

Першы намеснік кіраўніка фракцыі “Адзіная Расія” ў Дзярждуме Мікалай Булаеў прапанаваў правесці ў навучальных установах Крыма і іншых расійскіх рэгіёнаў урок “Мы разам”, прысвечаны ўваходжанню Крыма ў склад Расійскай Федэрацыі.

“Мне здаецца, было б правільна і ў Севастопалі, і ў Крыме, і ў нашых расійскіх школах правесці ўрок “Мы разам”, — сказаў М.Булаеў, выступаючы на пленарным пасяджэнні Дзярждумы. Дэпутат адзначыў, што падзеі падобнага маштабу адбываюцца адзін раз у стагоддзе, а, можа быць, і ў два стагоддзі. На думку парламентарыя, школьнікам “бракуе простых слоў, якія дазволяць ім расказаць, што за падзея адбылася”.
“Нашы школьнікі павінны ад тых, хто знаходзіцца ў гэтай зале, у Савеце Федэрацыі, губернатараў, старшынь заканадаўчых сходаў даведацца пра гэта. У нас рэгіянальны тыдзень, зойдзем у класы, школы, возьмем выступленне прэзідэнта, паставім акцэнты так, як мы бачым іх самі… Не кожны дзень у Расіі адбываецца тое, што павінны запомніць назаўсёды. І мне здаецца, тут ёсць неабходнасць гэта зрабіць”, — лічыць ён.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы перад дэпутатамі Дзярждумы, членамі Савета Федэрацыі, кіраўнікамі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, паведаміў, што ўносіць у парламент канстытуцыйныя законы аб уваходжанні Крыма і Севастопаля ў склад Расіі. Пазней у Крамлі падпісалі дагавор аб уваходжанні рэспублікі і горада Севастопаля ў склад Расіі. Усе неабходныя працэдуры ў парламенце былі праведзены за некалькі дзён: Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які ратыфікуе дагавор аб далучэнні Крыма і Севастопаля да Расіі, 21 сакавіка. Святочны мітынг-канцэрт “Мы разам” сабраў у Маскве, па даных паліцыі, каля 120 тысяч чалавек. На аналагічнае мерапрыемства ў Сімферопалі прыйшло звыш 8 тысяч крымчан.