Адзінства актыўных і ініцыятыўных

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

На плошчы Дзяржаўнага сцяга адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных сцягоў Рэспублікі Беларусь удзельнікам праекта “Рэспубліканскі маладзёжны цягнік #БеларусьМоладзьАдзінства”. У мерапрыемстве ўзяў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Такім чынам завяршыўся маршрут маладзёжнага цягніка, старт якому быў дадзены ў Гродне — маладзёжнай сталіцы краіны. На працягу тыдня ўдзельнікі праекта, а гэта больш за 100 чалавек, на цягніку праехалі па тэрыторыі Беларусі па маршруце Гродна — Полацк — Віцебск — Горкі — Петрыкаў — Брэст — Мар’іна Горка — Мінск і прынялі ўдзел у грамадска значных падзеях і мерапрыемствах.

У кожным пункце прыпынку цягніка, у знакавых і памятных месцах удзельнікі праекта разгортвалі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. 21 ліпеня на станцыі Мінск-Пасажырскі завяршыўся шматдзённы маршрут руху маладзёжнага цягніка.

22 ліпеня ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга адбылася ўрачыстая цырымонія завяршэння праекта. Правезены па ўсіх рэгіёнах краіны Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь перададзены ў музей маладзёжнага руху, а кожнаму быў уручаны Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сертыфікат удзельніка.

Вітаючы ўдзельнікаў праекта, міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што ў Беларусі штогод рэалізуюцца сотні сацыяльна значных маладзёжных праектаў. А­дзін з іх — “Рэспубліканскі маладзёжны цягнік #БеларусьМоладзьАдзінства”.

“Ён унікальны і па маштабе правя­дзення, і па значнасці, і па асобасным ўспрыманні. Упэўнены, тут сабралася мэтанакіраваная, ініцыятыўная і энергічная, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй моладзь. Такія праекты, як “Рэспубліканскі маладзёжны цягнік  #БеларусьМоладзьАдзінства”, паказваюць, што наша моладзь неабыякавая да лёсу сваёй краіны і яе будучыні.

Перакананы, гэты праект стане традыцыйным і паслужыць больш дынамічнаму развіццю маладзёжнай палітыкі ў рэгіёнах, унясе свой уклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне і прымнажэнне гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі”, — адзначыў міністр.

Сімвалічна і тое, што ў Год народнага адзінства гэты праект аб’яднаў моладзь з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы, студэнты, прадстаўнікі працоўнай моладзі. Акрамя таго, у праекце паўдзельнічалі грамадзяне Расіі, Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Праект адкрыў перад маладымі л­юдзьмі межы шырокіх прастораў роднага краю, прадаставіў магчымасць наведац­ь аддаленыя рэгіёны Беларусі, азнаёміцца са знакавымі аб’ектамі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культурна-гістарычнай спадчыны, абмеркавац­ь з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання і моладдзю рэгіёнаў актуальныя пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Праект быў рэалізаваны дзякуючы Міністэрству адукацыі сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, Беларускім камітэтам маладзёжных арганізацый і Беларускай чыгункай.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.