Адзінства крэатыўных, актыўных і таленавітых

- 10:20Якасць адукацыі

У далёкім 1986 годзе ў Навагрудку з’явіўся будынак сярэдняй школы № 6. У 2003 годзе школа была перапрафілявана ў гімназію № 1 Навагрудка, якая стала першай у раёне ўстановай новага тыпу. Сёння гімназія — гэта адзінства крэатыўных, актыўных, таленавітых, высокаінтэлектуальных педагогаў і вучняў. Пра асаблівасці вучэбна-выхаваўчага працэсу навучальнай установы расказвае яе дырэктар Святлана АЛЯХНОВІЧ.

На ўроку хіміі.

Якасць — у інавацыях і матэрыяльнай базе

— У бягучым навучальным го­дзе ў гімназіі вучыцца 694 дзіцяці, з іх 74 — першакласнікі. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 58 педагагічных работнікаў. У 2014, 2015, 2016, 2019 гадах наша гімназія была ўстановай узорнай якасці і парадку.

У 2019/2020 навучальным го­дзе 31 навучэнец завяршыў навучанне на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 10 атрымалі атэстат асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. 90,3% выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, з іх 85,7% — на бюджэтную форму навучання. 5 выпускнікоў выбралі педагагічныя спецыяльнасці, 1 — паступіў па мэтавым накіраванні ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У выбары прафесіі навучэнцам дапамага­юць заняткі ў межах факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Карысны практычны вопыт яны атрымліваюць падчас гімназічных аздараўленчых кампаній, працуючы памочнікамі выхавальніка, і падчас дзён самакіравання, дзе яны выступаюць у якасці педагогаў.

Гордасць гімназіі — Аляксандр Грабовік, сярэбраны прызёр міжнародных спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе (2017 год, Сербія), сярэбраны прызёр II Еўрапейскіх гульняў (2019 год, Мінск). Акрамя таго, 8 навучэнцаў з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяль­нага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Настаўніца англійскай мовы Вольга Кунашка — таксама стыпендыят гэтага фонду.

Дырэктар Святлана Аляхновіч.

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” праведзена замена вучэбна-лабараторнага абсталявання ў вучэбных кабінетах фізікі, хіміі, у цяперашні час аналагічныя работы право­дзяцца і ў вучэбным кабінеце біялогіі. Акрамя таго, зроблены рамонт харчаблока з заменай тэхналагічнага абсталявання, сучасны рамонт кабінетаў, выканана частковае ўцяпленне фасада будынка, драўляныя рамы заменены на пластыкавыя.

За кошт сродкаў раённага бюджэту набыты новы мабільны камп’ютарны клас. Абноўлена вучнёўская мэбля ў 18 вучэбных кабінетах з абсталяваннем камп’ютарнай тэхнікай рабочага месца педагога. Функцыянуе футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём, трэнажорная зала, якая была адкрыта дзякуючы ўдзелу ўстановы ў праекце ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Аснова любога поспеху — гэта людзі, адданыя сваёй справе. Аснова канкурэнтаздольнасці навучальнай установы — інавацыі і ­якасць адукацыі. Так, у гімназіі паспяхова рэалізаваны інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі мультыпрофільнага навучання на старшай ступені школы” (2004—2007 гады); “Укараненне мадэлі стварэння аўтэнтычнага адукацыйнага асяроддзя для фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў” (2012—2015 гады); “Укараненне мадэлі вусна-гістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў” (2015—2018 гады). Рэалізаваны эксперыментальны праект “Апрабацыя сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных сродкаў навучання ў агульнаадукацыйных установах” (2008—2011 гады).

Лізавета Крывіцкая.

З гэтага навучальнага года мы ўдзельнічаем у эксперыментальным праекце “Апрабацыя эксперыментальных інтэграваных вучэбных планаў і вучэбных праграм ва ўмовах абноўленага зместу дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання” (2020—2023 гады). Эксперыментальныя вучэбныя планы прадугледжваюць вывучэнне вучэбных прадметаў на трох узроўнях: павышаным, базавым і базавым па інтэграваным курсе. Інтэграваны курс прадугледжвае вывучэнне няпрофільных прадметаў на працягу аднаго навучальнага года.

Інавацыйны вопыт па мультыпрофільным навучанні прымяняецца намі і цяпер. У 10-х класах адкрыта 7 профільных груп па вывучэнні асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, у 11-м класе — 6. Традыцыйна навучэнцы выбіраюць для вывучэння на павышаным узроўні матэматыку, фізіку, хімію, біялогію, англійскую мову.

Развіццё — у міжпрадметных сувязях

— Мы актыўна супрацоўнічаем з іншымі ўстановамі адукацыі, з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Шукаем аднадумцаў. Стараемся развіваць дзяцей праз міжпрадметныя сувязі. Настаўніца англійскай мовы Ірына Лазоўская лічыць, што англійская мова з’яўляецца сродкам, які дазваляе ўсебакова развіваць асобу дзіцяці.

“Для падтрымання цікавасці да прадмета, павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння англійскай мовы, раскрыцця здольнасцей дзяцей, развіцця іх маўленчай і творчай актыўнасці прапаную ім удзел у конкурсах, міжнародных акцыях і праектах. Гэта дазваляе вучням прадэманстраваць свае веды па англійскай мове на практыцы.

Усё пачалося з абмену лістамі з навучэнцамі з Польшчы, Літвы, Аргенціны, Арменіі. Мэта перапіскі — культурны абмен і прэзентацыя роднага горада. Акрамя лістоў, навучэнцы дасылалі відэа-візітоўкі школ, невялікія экскурсіі па горадзе. Навагрудак — гэта зялёны горад, таму з’явіўся экалагічны праект “Экапікнік”, які рэалізуецца сумесна з Тракайскай сярэдняй школай. Вучні разам вывучалі праблему забруджвання смеццем на нашай планеце і шукалі шляхі яе вырашэння, ставілі на мэце спланаваць максімальна экалагічны пікнік у канцы года. Навучэнцы правялі даследаванне і ацанілі магчымасці перапрацоўкі ўпаковачных матэрыялаў, навучыліся пазбягаць звышспажывання.

Штогод мы ўдзельнічаем у міжнародных акцыях, прымеркаваных да Дня еўрапейскіх моў і Тыдня скандынаўскай літаратуры. Выдатную магчымасць прымяніць атрыманыя веды за межамі школьнай праграмы, у рэальнай сітуацыі зносін даюць урокі з носьбітамі мовы. Вучні сустракаліся з выкладчыцай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, стыпендыятам праграмы Fulbright English teaching assistantship program (ETA) Леслі Гібсан.

Сумесна з Прылуцкай школай Мінскага раёна і гімназіяй № 5 Мінска рэалізавалі праект “Медыяпісьменнасць для мяне”. На працягу шасцітыднёвага анлайн-курса навучэнцы пазнаёміліся з такімі паняццямі, як медыя і лічбавая пісьменнасць, медыйны ландшафт, бяспека анлайн, плагіят і аўтарскае права, жоўтая прэса, ідэальны пост у сацсетках, рэклама і асноўныя прыёмы прыцягнення ўвагі,” — расказала Ірына Рыгораўна.

Варта адзначыць, што ўдзел у праектах і акцыях прыносіць плён. Навучэнцы гімназіі займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных алімпіядах па англійскай мове і ў розных конкурсах. Напрыклад, Данііл Паламарчук стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Лінгвісцяня”. Тэатральны калектыў Тhe Globe адзначаны дыпломам на абласным конкурсе аматарскіх тэатраў на англійскай мове. Навучэнцы прынялі ўдзел у памятным канцэрце, прымеркаваным да адкрыцця сцяны памяці ў Музеі яўрэйскага супраціўлення, выступіўшы перад нашчадкамі партызанатрада Бельскага.

Сёння на базе гімназіі праводзіцца работа з настаўнікамі раёна. Так, функцыянуе размоўны клуб, право­дзіцца анлайн-навучанне па матэрыялах National Geographic. А для навучання на адлегласці настаўніца хіміі Вольга Амельяновіч распрацавала матэрылы па хіміі з 7 па 11 клас з выкарыстаннем бясплатнага сэрвісу GoogleСlassroom. На яе Google-дыску размешчаны прэзентацыі, відэаўрокі, відэадоследы, самастойныя і кантрольныя работы і шмат іншай карыснай інфармацыі.

Гімназічныя брэнды

— У Навагрудскім раёне з 2012 года працуе Маладзёжны парламент пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў. Сёлета праве­дзена 5 скліканне. Навучэнцы гімназіі тры разы ўзначальвалі парламент. Пра яго работу раскажа член Мала­дзёжнага парламента Юлія Калодка.

“У рамках акцыі “Перамозе-75!” навучэнцамі была выраблена рукатворная Кніга памяці. Звярніце ўвагу, на льняных старонках вышыты радкі з лістоў навагрудчан, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з захаваннем аўтарскага стылю.

У нашым горадзе ёсць выдатнае месца — алея ліхтароў. Кожны з ліхтароў выраблены па індывідуальным праекце і адлюстроўвае дзейнасць арганізацый і ўстаноў раёна, служыць іх своеасаблівай рэкламай. Ганаровае месца сярод іх займае ліхтар піянерскай дружбы. Яшчэ адна ініцыятыва парламентарыяў — вяровачны гарадок. Ён быў прадстаўлены на занальным этапе Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Гэты праект яшчэ не рэалізаваны, але мы спадзяёмся, што ў хуткім часе ў горадзе з’явіцца выдатнае месца для актыўнага адпачынку моладзі”, — расказала Юлія.

Мы лічым, што аснова ўсяго — праца. У нашай гімназіі трэці год працуе бізнес-кампанія “Навагрудскія самаробкі”. Ёсць студыя “Юныя мадэльеры”, якая адзначана дыпломамі на конкурсах “Вясновы капеж”, “Жывіца”.

На тэрыторыі ўстановы размешчаны малыя архітэктурныя формы, вырабленыя навучэнцамі падчас работы лагера працы і адпачынку ў летні перыяд. Атрыманыя практычныя навыкі спатрэбяцца ім у дарослым жыцці.

Акрамя таго, брэндам установы з’яўляюцца гімназічная каманда “Эверэст” — неаднаразовы пераможца інтэлектуальных турніраў на пераходзячы кубак клуба “Навагрудскія волаты”, абласнога этапу асінхроннага турніру “Што? Дзе? Калі?”; тэатральны калектыў Тhe Globe.

Каманда чэрлідараў “Maximum” — шматразовы чэмпіён абласных спаборніцтваў па чэрлідынгу; танцавальна-сцэнічная група “Бурлеск” — пастаянны ўдзельнік раённых, занальных, абласных аглядаў-конкурсаў дзіцячай творчасці.

Памяць пра мінулае

— На пасяджэннях патрыятычнага клуба “Мы — навагрудчане” вучні прапанавалі ствараць макеты архітэктурных помнікаў Навагрудчыны. Так у нас з’явіўся макет езуіцкага калегіума, дома-музея А.Міцкевіча (прымеркаваны да 975-годдзя заснавання Навагрудка), Любчанскага і Лідскага замкаў. У цэнтры Навагрудка ў музеі пад адкрытым небам “Страчаная спадчына” знаходзіцца макет ветрака, які быў перабудаваны жыхарамі з вежы малога замка.

Вучаніца гімназіі Лізавета Крывіцкая разам з сябрамі выступіла з ініцыятывай, якая паспяховая рэалізавана сёлета.

“Намі было заўважана, што турысты, наведваючы наш горад, падыходзілі да гараджан і пыталіся пра месцазнаходжанне вуліц, дзе ў далёкім мінулым жылі іх сваякі. Але праблема ў тым, што турысты ведалі толькі старыя назвы вуліц, а вуліцы ў цэнтры горада ў пасляваенны час перайменаваліся, таму гараджане не заўсёды могуць дапамагчы ім.

Мы прапанавалі ўсталяваць паказальнікі для сямі вуліц: Леніна, Савецкай, Міцкевіча, Гарадзенскай, Паштовай, 1 Мая, Мінскай. Усе яны бяруць пачатак у цэнтры горада. Мы прапанавалі паказальнікі размясціць у пачатку вуліц, напісаўшы на іх новыя і старыя назвы на беларускай і англійскай мовах.

Напрыклад:

вул.Савецкая — вул.Яўрэйская — st.Yevreyskaya — ul.Żydowski;

вул.Касцельная — st.Kastsyolnaya — ul.Koscielna.

Цяпер госці Навагрудка могуць лёгка арыентавацца ў горадзе”, — расказала Лізавета.

У гімназіі з 2014 года працуе музей “Вытокі”. Ён складаецца з трох раздзелаў: “Фальклорна-этнаграфічны”, “Навагрудчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (яны размешчаны на 3-м паверсе), на 2-м паверсе размяшчаецца экспазіцыя, прысвечаная гісторыі ўстановы, — “Гісторыя гімназіі: учора, сёння, заўтра”. Музейныя фонды алічбаваны, інфармацыя размешчана на гімназічным сайце ў віртуальным музеі.

Здзяйсняючы экскурсію па ўстанове, вы, напэўна, заўважылі QR-коды. Гэтую цікавую работу ажыццяўляе кіраўнік музея “Вытокі” Людміла Малуха сумесна з членамі савета музея. Матэрыялы размешчаны на інтэрнэт-рэсурсах, у віртуаль­ным музеі. Гэта дазваляе хутка атрымаць дадатковую інфармацыю з дапамогай QR-кода. Бясспрэчна, гімназія ідзе ў нагу з часам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.