Адзінства ў разнастайнасці

- 11:51Культура

У тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога сёмы раз прайшоў Адкрыты фестываль дружбы, на які сабраліся замежныя студэнты розных беларускіх УВА. 

Радзіма ўдзельнікаў — розныя куткі свету: Конга, Нігерыя, Кітай, Узбекістан, Туркменістан, Індыя… Студэнты з дзесяці краін чыталі рэп, ігралі на тулумбасе, спявалі хорам, дзівосна танцавалі і кожны раз атрымлівалі бурныя апладысменты ад удзячнай публікі.

Адкрыў канцэртную праграму “Шматаблічны Кітай” — вакальна-танцавальная кампазіцыя студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны здзівілі складанай харэаграфіяй і кранальнымі спевамі. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (Магілёў) прадставіў рэпер з Гвінеі, якому дапамагалі бэк-вакалісткі з Камеруна. 

Будучыя ўрачы са Шры-Ланкі, якія вучацца ў Гомельскім медыцынскім ўніверсітэце, утрымлівалі ўвагу доўгім прыгожым танцам, а кітайскім студэнтам з БелДУТа спяваць дапамаглі беларускія аднакурсніцы. Магутным вакалам здзівілі студэнты-туркмены Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Самым арыгінальным нумарам стала выступленне хору студэнтаў з Конга — яны вучацца ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажыўкааперацыі. Маладыя людзі выканалі песню пра мір а капэла.

Ацэньвалі маладых талентаў у некалькіх намінацыях: “Вакал”, “Харэаграфія” і “Тэатральнае майстэрства”. Урэшце, старшыня журы прарэктар па выхаваўчай рабоце ГДТУ Аляксандр Шапавалаў прамовіў сакраментальнае: “Перамагае дружба!” і сарваў не менш бурныя апладысменты, чым героі фестывалю. 

Між тым кожны нумар быў арыгінальным, з нестандартнымі падыходамі і вельмі прыгожымі мелодыямі. Замежныя студэнты пра Беларусь гаварылі з цеплынёй, а выкладчыкі нагадвалі, што краіна, у якой прайшлі лепшыя студэнцкія гады, заўсёды будзе рада іх бачыць. Дарэчы, наладзіць шчырыя прыватныя адносіны, адначасова ўмацаваць сяброўскія сувязі і супрацоўніцтва навучальных устаноў — мэта фестывалю дружбы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.