Казахстан: Адзіную прастору ў сферы вышэйшай адукацыі плануюць стварыць у Цэнтральнай Азіі

Такое рашэнне прынята па выніках форуму з удзелам міністраў адукацыі краін Цэнтральнай Азіі, які адбыўся ў гора­дзе Туркестане, перадае МІА “Казінфарм” са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі Рэспублікі Казахстан.

У мерапрыемстве як у афлайн-, так і ў анлайн-фармаце ўдзельнічалі кіраўнікі міністэрстваў адукацыі Казахстана, Узбекістана, Туркменістана і Кыргызстана, а таксама прадстаўнікі Савета Еўропы, Еўрапейскай камісіі, Назіральнай групы Балонскага працэсу, Эразмус + і рэктары найбуйнейшых ВНУ рэгіёна.

З прывітальным словам і прапановай аб стварэнні Цэнтральна-Азіяцкай прасторы ў сферы вышэйшай адукацыі выступіў міністр адукацыі і навукі Казахстана Асхат Аймагамбетаў. Замежныя калегі падтрымалі гэтую ідэю і па выніках форуму прынялі Туркестанскую дэкларацыю. Згодна з дакументам, дзяржавы Цэнтральнай Азіі будуць пашыраць рэгіянальнае супрацоўніцтва і аб’ядноўваць навуковы, інтэлектуальны і творчы патэнцыял вышэйшых навучальных устаноў рэгіёна. Акрамя таго, плануецца стварыць свабодную зону, дзякуючы якой студэнты і акадэмічны склад ВНУ змогуць бесперашкодна перамяшчацца для навучання, абмену ведамі, вопытам і ўдзелу ў сумесных даследаваннях. Таксама бакі дамовіліся павялічыць колькасць адукацыйных праграм для абмену навучэнцамі, сумесных навуковых праектаў, праводзіць форумы рэктараў ВНУ краін Цэнтральная Азіі для абмену вопытам і абмеркавання актуальных напрамкаў сумеснай работы. Супрацоўніцтва краін — удзельніц Цэнтральна-Азіяцкай прасторы будзе арганізавана па прынцыпах Балонскага працэсу. Варта адзначыць, што ўзаемная міграцыя грамадзян рэгіёна пастаянна павялічваецца. Каля 70% ад агульнай колькасці замежных дакументаў аб адукацыі, якія штогод прызнаюцца ў цэнтральнаазіяцкіх краінах, гэта якраз дакументы з ВНУ Цэнтральнай Азіі, а колькасць студэнтаў з іншых краін рэгіёна, якія вучацца ў казахстанскіх ВНУ, дасягнула 20 тысяч.

У сувязі з гэтым удзельнікі сустрэчы дамовіліся разгледзець пытанне палягчэння працэдуры прызнання кваліфікацый, як гэта адбываецца сёння ў краінах Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Па выніках форуму міністр вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан Абдукадыр Ташкулаў адзначыў важнасць аб’яднання адукацыйнага патэнцыялу краін рэгіёна, якое дазволіць аптымальна выкарыстаць найбольш моцныя бакі і напрацоўкі кожнай дзяржавы. Так, для адукацыйнай сістэмы Узбекістана вялікую карысць прынясе вывучэнне вопыту Казахстана, які стаў першай цэнтральна-азіяцкай дзяржавай-удзельніцай Балонскага працэсу. Для Казахстана, на яго думку, будзе карысным вопыт Узбекістана, які праводзiць маштабную мадэрнізацыю сістэмы вышэйшай адукацыі: зараз больш чым у 60 узбекскіх ВНУ  пачалі рыхтаваць спецыялістаў па праграмах двайных дыпломаў. Пры гэтым прыём замежных студэнтаў, асабліва з краін Цэнтральнай Азіі, у ВНУ Узбекістана ажыццяўляецца без экзаменаў, толькі на падставе вызначэння іх прафесійных інтарэсаў падчас субяседавання. Па яго словах, выкладанне ва ўзбекскіх ВНУ вядзецца як на ўзбекскай, так і на рускай, казахскай, каракалпакскай і таджыкскай мовах.

Прынятая ўдзельнікамі мерапрыемства Туркестанская дэкларацыя прадугледжвае наступныя напрамкі супрацоўніцтва:

фарміраванне альянсу ВНУ краін Цэнтральнай Азіі;

стварэнне акрэдытацыйнага савета па забеспячэнні якасці адукацыі краін Цэнтральнай Азіі;

стварэнне альянсу студэнтаў краін Цэнтральнай Азіі;

стварэнне Асацыяцыі арганізацый па прызнанні кваліфікацый і дакументаў аб адукацыі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.