Адзіны дзень бяспекі

Маштабнае абласное міжведамаснае мерапрыемства “Адзіны дзень бяспекі” прайшло ў Магілёве. Удзел у ім прынялі каля 1300 навучэнцаў і студэнтаў, а таксама педагогі, службы выратавання, праваахоўныя органы і іншыя зацікаўленыя.

Мерапрыемства атрымалася ўнікальным і шматгранным. Для навучэнцаў і педагогаў працавалі тэматычныя пляцоўкі, выстава спецыяльнай тэхнікі. Пасля для іх правялі тэматычны канцэрт і паказальныя выступленні. Прысутныя ўбачылі своеасаблівы экшн з пажарам, эвакуацыяй, пераследам, затрыманнем, у тым ліку з дапамогай сабакі, абяззбройваннем злачынцаў і стральбой, экстрэмальным ваджэннем аўтамабіля, аказаннем першай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі. І ўсё гэта ў выкананні спецыяльных службаў: МНС, Дэпартамента аховы, УУС, хуткай медыцынскай дапамогі, ДАІ, Магілёўаблгаза, рэгіянальнага прадстаўніцтва Чырвонага Крыжа і іншых. Не абышлося на мерапрыемстве і без сапраўднай вучэбнай трывогі і эвакуацыі, падчас якіх навучэнцы маглі адтачыць навыкі паводзін пры надзвычайнай сітуацыі.

— Мы жывём у свеце, дзе існуюць шматлікія небяспекі. Ніхто не застрахаваны ад трапляння ў надзвычайную сітуацыю. У такія моманты захаванне жыцця залежыць і ад самога чалавека. Кожны павінен умець абараніць сябе. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць адпрацаваць дзеянні ў надзвычайных сітуацыях усім спецыяльным службам. Упэўнены, што тыя ўражанні і новыя веды, з якімі вы вернецеся дадому, паспрыяюць фарміраванню адказных паводзін да сваёй бяспекі, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, звяртаючыся да падрастаючага пакалення.

Ва ўстановах адукацыі рэгіёна належную ўвагу ўдзяляюць правядзенню мэтанакіраваных прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама навучанню дзяцей паводзінам ва ўмовах надзвычайных сітуацый, аварый, аказанню першай медыцынскай дапамогі.

— У прыярытэце ў гэтым кірунку работы — міжведамаснае ўзаемадзеянне. Сфарміраваць у дзяцей і падлеткаў асновы бяспечнай жыццядзейнасці магчыма толькі агульнымі намаганнямі. Адзіны дзень бяспекі таксама быў арганізаваны на міжведамасным супрацоўніцтве, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Н.М.Кульчанка.

Дарэчы, маштабнае прафілактычнае мерапрыемства ў горадзе на Дняпры адбылося ў рамках рэспубліканскай акцыі “Адзіны дзень бяспекі”, галоўныя задачы якой — сумеснымі намаганнямі фарміраваць у грамадстве культуру бяспекі жыццядзейнасці, праводзіць адукацыйна-выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.