Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі 22 сакавіка пройдзе адзіны ўрок «Аб чым звоняць званы Хатыні?». У рамках інфармацыйна-метадычнага суправаджэння гэтых мерапрыемстваў у Нацыянальным інстытуце адукацыі падрыхтаваны прыкладныя планы-канспекты для I, II і III ступеняў агульнай сярэдняй адукацыі, мультымедыйныя прэзентацыі, якія можна будзе знайсці на партале adu.by. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала намеснік дырэктара інстытута па метадычнай рабоце Людміла Раманоўская.
Мэтавая ўстаноўка адзіных урокаў — спрыяць фарміраванню ў вучняў ведаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб трагедыі Хатыні, выхоўваць адказнасць за будучыню сваёй Радзімы. Задача настаўніка — не пакінуць дзіцячыя душы безуважнымі да трагедыі, што адбылася, данесці да кожнага навучэнца, у якой страшнай вайне атрымаў перамогу наш народ.
У змесце ўрока знайшлі адлюстраванне вынікі расследавання Генеральнай пракуратурай Беларусі крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. У прыватнасці, навучэнцам прапануецца азнаёміцца з інфармацыяй аб дапаўненні «Хатынскага спіса», назваць вёскі свайго раёна (вобласці), якія падзялілі лёс Хатыні.
Мультымедыйныя прэзентацыі дазволяць здзейсніць віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс «Хатынь», паслухаць аповед Іосіфа Камінскага пра Хатынскую трагедыю. Увазе навучэнцаў таксама прадстаўлена інфармацыя аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь», ходзе Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.
Нагадаем, у 2023 г. спаўняецца 80 гадоў з дня трагедыі ў Хатыні.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фото с сайта khatyn.by